Менскія таксісты гатовыя аб'явіць забастоўку
76- 26.11.2013, 12:16
- 60,544
Таксісты правядуць акцыю «Стоп-заказ».
Не выключана, што ў канцы гэтага тыдня менчукі могуць сутыкнуцца са складанасцямі выкліку таксі. Як паведамілі onliner.by самі таксісты, яны маюць намер правесці акцыю «Стоп-заказ» супраць нізкіх тарыфаў, якія замарозілі да лета 2014 года. Пры гэтым яны збіраюцца працаваць «ад борта». Журналісты звярнуліся па каментар да кіраўніцтва адной з гарадскіх службаў таксі.
- Сам учора выпадкова даведаўся аб гэтай акцыі, - паведаміў таксіст, які патэлефанаваў у рэдакцыю. - У месцах перадрэйсавага агляду з'явіліся ўлёткі, маўляў, за апошні час выдаткі выраслі на 50%, а тарыфы засталіся ранейшымі. Прапануецца не запісвацца ў так званую чаргу на заказ. Пры гэтым выехаць на лінію і працаваць «ад борта».
Акцыю плануюць правесці ў пікавы час для службаў таксі, калі попыт на іх павышаны і датэлефанавацца па кароткім нумары дыспетчарскай часта бывае складана.
- Зараз у сярэднім па горадзе тарыф складае 4 тыс. рублёў за 1 км, - патлумачыў таксіст, які тэлефанаваў. - Прапануецца яго падняць на 50%. Мы ж купляем запчасткі, якія прывязаныя да курсу даляра, плацім за бензін, які ўвесь час даражэе. Хай кіраўніцтва службаў таксі нас пачуе.
У пацверджанне таго, што такія ўлёткі існуюць, нам даслалі фатаграфію. Гэтая ідэя ўжо абмяркоўваецца на спецыялізаваных форумах службаў таксі. Ставяцца кіроўцы да яе па-рознаму.

Кіраўніцтва адной са службаў таксі Менска са здзіўленнем даведалася пра акцыю: «Упершыню чуем. Гэта даволі дзіўна, паколькі ўсе таксісты выдатна дасведчаныя аб мемарандуме, які падпісалі Менгарвыканкам і ўсе гарадскія службы таксі. Па ім да 31 траўня 2014 года ніхто тарыфы ўздымаць не будзе. Нам розніцы няма, якім стане тарыф, бо наш прыбытак не залежыць ад гэтага. Мы ў чымсьці згодныя з довадамі кіроўцаў. Але ёсць дамоўленасць з горадам, і яе прыйдзецца выконваць. Зразумела, гэта звязана таксама з правядзеннем чэмпіянату свету па хакеі».
Там таксама намякнулі, што ёсць спосабы ўплыву на сітуацыю. У адной службе, напрыклад, практыкуюць зняцце кіроўцы з чаргі за нявыкананы заказ, у другой - адхіленне на паўгадзіны ад заявак.