Спартсменаў і палітыкаў заклікалі да байкоту ЧС па хакеі
42- 28.11.2013, 16:07
- 64,582
Напярэдадні ЧС па хакеі сотні актывістаў апазіцыі могуць кінуць у турмы.
Пра гэта заявілі ўдзельнікі прэс-канферэнцыі «Не гуляй з дыктатарам», якая прайшла ў Варшаве сёння. У ёй бралі ўдзел каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень Зміцер Бандарэнка, адзін з лідараў расейскай апазіцыі Барыс Нямцоў, журналістка канала TVP і аўтар праграмы «Studio Wschód» Марыя Пшэломец і прафесар, эксперт і дыпламат Віктар Рос.
Прэс-канферэнцыя была арганізаваная офісам еўрадэпутата Марэка Мігальскага, які выступіў з прывітальным словам.
«Мне здаецца, што наша канферэнцыя з'яўляецца ў нейкім сэнсе часткай ці нават следствам віленскага саміту. Час ад часу некаторыя рэчы пачынаюць мяняцца ў гэтым свеце. І мы можам заўважыць, што Захад прайграе Уладзіміру Пуціну барацьбу за дзяржавы «Усходняга партнёрства». Большая частка з іх аддаляецца ад Еўропы і збліжаецца з Крамлём. І тут мы можам назіраць абыякавасць Захаду, як і абыякавасць старшыняў спартыўных арганізацый, якіх выкарыстоўваюць дыктатары.
Я кажу пра сітуацыю Расеі, выбары ў якой Еўрапейскі парламент двойчы прызнаў несвабоднымі. Сёння мы супрацоўнічаем з чалавекам, які абраны не дэмакратычна, і мы самі гэта прызналі. Мы дазваляем яму праводзіць міжнародныя спартыўныя мерапрыемствы. Тое ж самае, нават у большай ступені, тычыцца Лукашэнкі», - сказаў Марэк Мігальскі.
Барыс Нямцоў назваў тых, хто выдаткаваў велізарную суму на падрыхтоўку і правядзенне Алімпіяды, «ворагамі Расеі». Палітык агучыў суму, у якую, на яго думку, абыдзецца «самадурства Пуціна».
«У нашым дакладзе «Зімовая алімпіяда ў субтропіках» гаварылася пра тое, што на гэта мерапрыемства выдаткавана 50 мільярдаў даляраў. Гэтая лічба састарэла. Мая ацэнка: на яго выдаткавана 60 мільярдаў даляраў. Гэтая сума больш, чым кошт усіх зімовых Алімпійскіх гульняў за ўсю гісторыю чалавецтва. Вы ведаеце, што ў Сочы яны праходзяць у 22 раз. Упершыню іх правялі ў 1924 годзе ў Францыі. Кошт усіх гэтых гульняў менш чым кошт гульняў у Сочы.
Усе аб'екты, пабудаваныя да зімовых Алімпійскіх гульняў у розных краінах, ідэнтычныя. Мы параўноўвалі кошт аб'ектаў, якія будавалі пуцінскія сябрукі, з коштам аб'ектаў, пабудаваных на папярэдніх Алімпіядах. Сярэдні кошт збудаванняў, узведзеных у Сочы, - у тры разы вышэй сусветных пры тым, што на іх працавалі гастарбайтэры з Сярэдняй Азіі - таджыкі, узбекі і кыргызы», - заявіў Барыс Нямцоў.
Палітык заклікаў заходніх лідараў не прыязджаць на Алімпіяду ў тым выпадку, калі расейскія ўлады не вызваляць палітвязняў.
«Пуцін праводзіць гульні не для таго, каб паказаць, якія вялікія спартсмены жывуць на Зямлі і якіх поспехаў яны дасягнулі. Ён гэта робіць для таго, каб паказаць, што з'яўляецца самым магутным і ўплывовым лідарам. Перспектыва сядзець у VIP-ложы з Лукашэнкам, Карымавым, кааператывам «Возера» яму не падабаецца. Ён хоча, каб побач з ім сядзелі Ангела Меркель, Дэвід Кэмеран, Радаслаў Сікорскі і іншыя заходнія палітыкі.
Паводле дадзеных праваабаронцаў, у Расеі 70 палітвязняў. Хто гэтыя людзі? Гэта вязні Балотнай - іх 26 чалавек, гэта мае паплечнікі, разам з якімі мы праводзілі мірны марш 6 траўня 2012 года напярэдадні інаўгурацыі Пуціна. Гэта Pussy Riot, пра якіх ведае ўвесь свет. Гэта актывісты Greenpeace, якія нядаўна сталі палітвязнямі. Гэта Міхаіл Хадаркоўскі і Платон Лебедзеў.
Прапанова да лідараў Еўропы наступная. Яны звяртаюцца да Уладзіміра Пуціна з кранальным лістом: «Пуцін, мы гатовыя да цябе прыехаць і нават сядзець побач. Толькі спачатку вызвалі палітвязняў».
Прапанова з нагоды чэмпіянату свету ў Беларусі ідэнтычная. Такі ж ліст еўрапейскія лідары павінны напісаць Лукашэнка. Асабліва гэта тычыцца шведаў - чэмпіёнаў свету па хакеі. Калі міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт зможа гэта зрабіць, гэта будзе вельмі важна. Для Лукашэнкі чэмпіянат свету не менш значны, чым для Пуціна - Алімпіяда ў Сочы, а можа быць і больш значны», - заявіў Барыс Нямцоў.
Журналістка канала TVP і аўтар праграмы «Studio Wschód» Марыя Пшэломец заклікала сваіх калегаў больш пісаць пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і Расеі. Яна падкрэсліла, што гэта можа змяніць грамадскую думку ў краінах ЕЗ, да якой будуць вымушаныя прыслухацца і палітыкі.
«Я б хацела працытаваць вядомага нямецкага афіцэра Карла фон Клаўзэвіца, які сказаў, што «вайна ёсць працяг палітыкі іншымі сродкамі». Спорт - таксама палітыка, толькі іншым спосабам, - заявіла яна. - На Алімпіядзе не павінна быць палітыкаў. Гэта задача журналістаў. Калі ў прэсе будзе шмат артыкулаў, а СМІ будуць адным голасам казаць пра тое, што заходнім палітыкам не трэба ехаць на Алімпіяду, гэта будзе вялікай і сур'ёзнай сілай».
Прафесар Віктар Рос параўнаў беларускі і расейскі рэжымы і нагадаў пра прычыны, па якіх аўтарытарныя кіраўнікі дамагаюцца магчымасці правядзення буйных міжнародных спартыўных турніраў.
«Міжнародныя спартыўныя арганізацыі - досыць карумпаваныя структуры, і рознымі шляхамі можна дамагчыся патрэбнага выніку. Таксама гуляе ролю пэўны настрой у заходніх краінах. Напрыклад, мы да гэтага часу не можам дамагчыся таго, каб Еўрапейскі Звяз прыняў рашэнне па «спісу Магніцкага», каб усе лідары сказалі, што трэба паступаць хаця б гэтак жа, як і ЗША», - заявіў ён.
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень Зміцер Бандарэнка распавёў пра сітуацыю ў Беларусі і патлумачыў, чаму не толькі заходнім палітыкам, але і спартсменам не варта ехаць на чэмпіянат свету па хакеі.
«Рэпрэсіі ў Беларусі накіраваныя супраць розных слаёў грамадства. Учора мы даведаліся пра тое, што былі арыштаваныя і трапілі ў СІЗА КДБ адразу два віцэ-прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Прычым, гаворка ідзе пра набліжаных да Лукашэнкі чыноўнікаў са шклоўска-магілёўскага клана. Яны былі вызваленыя, але калі ў турму трапляюць віцэ-прэзідэнты Нацыянальнага алімпійскага камітэта, то ці ёсць гарантыі для прадстаўнікоў, напрыклад, Міжнароднага алімпійскага камітэта? Ва ўсіх краінах ёсць такое паняцце, як «урадавыя гарантыі». Нядаўна ў Беларусь быў запрошаны найбуйнейшы расейскі мэнэджэр - генеральны дырэктар «Уралкалію» Уладзіслаў Баўмгертнер. Ён быў запрошаны асабіста прэм'ер-міністрам Беларусі. Перамовы прайшлі не зусім так, як хацелася беларускаму боку, і спадар Баўмгертнер затрымаўся ў Менску на два з паловай месяцы. Іх ён правёў у СІЗА КДБ. Таму ўсіх сардэчна запрашаем у Беларусь.
Натуральна, любы дыктатар, пачынаючы з Гітлера, выкарыстоўвае спорт у палітычных мэтах. Толькі дэмакратычным краінам і актывістам нельга выкарыстоўваць спорт у мэтах абароны правоў чалавека.
Я заклікаю хакеістаў свету не прыязджаць у Беларусь. Большасць з вас да гэтага часу ўжо пабывае на Алімпіядзе ў Сочы. Лепш адпачніце, не прыязджайце ў Беларусь падчас чэмпіянату. Асабліва звяртаюся да гульцоў НХЛ: ваш прыезд будзе выкарыстаны для таго, каб прэвентыўна арыштаваць і пасадзіць на паўмесяца або месяц у турму сотні актывістаў, каб вы іх не ўбачылі. Тысячы людзей, як у старыя добрыя савецкія часы, будуць выселеныя з Менска, таму што іх выгляд нейкім чынам не задавальняе дыктатара.
У Беларусі ёсць шэсць лячэбна-працоўных прафілакторыяў. Гэта канцлагеры, куды чалавек можа патрапіць з-за таго, што ўчастковы напіша дзве паперкі пра тое, што бачыў яго выпіўшым. Суд на іх аснове адпраўляе чалавека ў ЛПП у якасці раба. Баюся, што колькасць такіх устаноў перад турнірам па хакеі вырасце», - заявіў ён.
Палітык не згодны са сцвярджэннем, што правядзенне турніру будзе спрыяць дэмакратызацыі Беларусі.
«Нядаўна я размаўляў з азербайджанскімі праваабаронцамі. Яны распавялі пра свае ўражанні пасля правядзення ў Баку конкурсу «Еўрабачанне». Шведская зорка ўзняла тэму правоў чалавека ў Азербайджане, але пасля гэтага Аліеў стаў абсалютна рукапаціскальным, а колькасць палітвязняў у гэтай краіне вырасла ў два разы.
Не павінна быць такога, што на чэмпіянат свету па хакеі прыедуць заходнія палітычныя лідары. Я не вельмі веру ў тое, што ўдасца спартыўны байкот, але могуць адбыцца такія падзеі, што ўжо па факце міжнародным хакейным кіраўніцтвам могуць быць прынятыя рашэнні не ехаць у Беларусь. Заклікаю спартсменаў і палітыкаў: не прыязджайце і не бярыце ўдзелу ў турніры, будзьце сумленнымі і прыстойнымі людзьмі, не падтрымлівайце дыктатуру фінансава», - заявіў Зміцер Бандарэнка.
Нагадаем, права арганізацыі чэмпіянату Лукашэнка атрымаў яшчэ ў 2009 годзе. Яго правядзенне запланавана з 9 па 25 траўня наступнага года на «Менск-Арэне» і «Чыжоўка-Арэне».
З-за парушэнняў уладамі Беларусі правоў чалавека і наяўнасці палітвязняў праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі выступілі супраць арганізацыі спартыўнага мерапрыемства. Ідэю пераносу турніру падтрымалі многія еўрапейскія і амерыканскія палітыкі. Некаторыя краіны ўжо прыгразілі байкатаваць чэмпіянат у выпадку яго правядзення ў Менску з-за рэпрэсій, якія ажыццяўляюць беларускія ўлады.