25 снежня 2024, Серада, 7:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Клічко: Я падтрымліваю імкненне беларусаў да свабоды

42
Віталь Клічко: Я падтрымліваю імкненне беларусаў да свабоды

Лідар украінскай партыі «УДАР» і чэмпіён свету па боксе выказаў салідарнасць з беларусамі.

Пра гэта Віталь Клічко заявіў у размове з галоўным рэдактарам сайта charter97.org Наталляй Радзінай падчас Сустрэчы кіраўнікоў камітэтаў па замежных справах парламентаў ЕЗ і Парламенцкага форума за дэмакратыю ў Вільні.

«Мы можам толькі падтрымаць імкненне беларусаў да свабоды. Я разумею, як цяжка жыць пры дыктатуры, ведаю пра вашых палітвязняў. Самыя галоўныя прынцыпы еўрапейскай супольнасці - гэта абарона правоў чалавека. Ва Украіне ёсць праблемы з іх выкананнем, але ў Беларусі гэтае пытанне стаіць вельмі востра.

Мы вельмі ўдзячныя вам за падтрымку нашага імкнення жыць у еўрапейскай краіне. Падпісанне Украінай пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім Звязам зробіць Беларусь нашмат бліжэй да Еўропы і Еўропу - да Беларусі», - заявіў Віталь Клічко.

Выступаючы падчас Парламенцкага форума за дэмакратыю, лідар партыі «УДАР» заявіў:

«Я спадзяваўся, што мой візіт адбудзецца ў кантэксце гістарычнай падзеі і Украіна падпіша пагадненне аб асацыяцыі. Але Януковіч скраў нашу будучыню і здрадзіў інтарэсам народа. Бізнес для яго апынуўся больш важным, чым інтарэсы людзей. Не верце Януковічу, калі ён кажа пра эканамічныя цяжкасці як прычыну непадпісання пагаднення. Ён нашмат лепш сябе адчувае ў аўтарытарным клубе, атрымліваючы прыбытак ад нелегальных здзелак. Непрыняцце такіх важных рашэнняў не дазваляе краіне рухацца наперад. Украінскі рэжым сёння праводзіць палітычныя рэпрэсіі, а ўлада карупцыйная.

Я ўпэўнены, што Януковіч і яго сябры ніколі не пагодзяцца падпісаць пагадненне аб асацыяцыі. Яны робяць усё, каб утрымацца ва ўладзе. Украінскі народ падтрымлівае еўрапейскую інтэграцыю краіны. Ён кажа: хопіць палітычных рэпрэсій, хопіць карупцыі, мы хочам еўрапейскай будучыні», - заявіў ён.

Сёння лідары ўкраінскай апазіцыі Віталь Клічко, Арсеній Яцанюк і Алег Цягнібок праводзяць сустрэчы з кіраўніцтвам краін ЕЗ, камісарамі ЕЗ, а таксама прысутнічаюць на шэрагу мерапрыемстваў, якія праходзяць у Вільні ў рамках саміту «Усходняга партнёрства».

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках