25 снежня 2024, Серада, 19:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Коваль: Трэба рыхтавацца да дня, калі Лукашэнкі не стане

43
Павел Коваль: Трэба рыхтавацца да дня, калі Лукашэнкі не стане

Еўропе неабходная новая стратэгія па Беларусі, лічыць еўрадэпутат.

Дэпутат Еўрапейскага парламента і лідар партыі «Polska Jest Najważniejsza» Павел Коваль у інтэрв'ю charter97.org распавёў пра тое, чаму Еўразвяз перастаў змагацца за дэмакратычную Беларусь, і што трэба зрабіць, каб перамагчы Лукашэнку.

- Відавочна, што Брусель у апошні час прыкметна «астудзеў» да Беларусі. З чым, на ваш погляд, гэта звязана?

- Думаю, мы маем справу з элементарнай стомленасцю еўрапейскіх чыноўнікаў. У дачыненні да Беларусі і да рэжыму Лукашэнкі ўжываліся розныя стратэгіі: было і «закручванне гаек», і больш мяккая палітыка. Але ўсе гэтыя спробы не ўвянчаліся поспехам - нам бракавала цярпення і паслядоўнасці. Сярод еўрапейскіх эліт пануе такі настрой: мы ўжо столькі ўсяго пераспрабавалі, а эфекту нуль. Акрамя таго, для большасці палітыкаў Беларусь не з'яўляецца важнай стратэгічнай мэтай, таму многія дазволілі сабе апусціць рукі.

- Чаму дзяржава ў цэнтры Еўропы перастала быць для Еўразвяза стратэгічна важнай?

- Так, з аднаго боку, гэта дзяржава ў цэнтры Еўропы, гэта значыць ігнараваць тое, што там адбываецца, нельга. А з другога, многія еўрапейскія палітыкі змірыліся з тым, што Беларусь трапіла ў поўную сферу ўплыву Масквы. Тут мае месца палітычны песімізм, у Еўропе пераважае меркаванне, што Беларусь выпушчаная. Адсюль і такое зацішша. Асабіста мне з гэтай нагоды вельмі балюча.

- Але ж ёсць і аптымісты, хто ніколі не спыняў змагацца за свабодную ад дыктатуры еўрапейскую Беларусь?

- На жаль, у маштабе Еўрапарламента няшмат такіх людзей. Пра Беларусь успамінаюць толькі тады, калі там адбываецца нешта важнае, напрыклад, прэзідэнцкія выбары. А калі зацішша ў Менску, ціха і ў Бруселі. Еўрадэпутат, які сапраўды перажывае за Беларусь і робіць канкрэтныя рэчы - Марэк Мігальскі. Ён стараецца падтрымліваць хаця б мінімальную цікавасць Еўрапарламента: нагадвае пра палітвязняў, пра грубыя парушэнні правоў чалавека. Ён выкарыстоўвае ўсе магчымыя рычагі, якія толькі можа выкарыстоўваць дэпутат, каб дапамагчы грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Я заўсёды падтрымліваю ініцыятывы Мігальскага ў Еўрапарламенце, а таксама яго праекты, накіраваныя на падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі.

- Якая стратэгія Еўразвяза ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі была б у дадзенай сітуацыі найбольш эфектыўнай?

- Відавочна, што трэба прыдумаць нешта новае, што здолела б стаць перазагрузкай, пачаткам новай стратэгіі па Беларусі. Ці будзе мець гэтая стратэгія поспех, калі пры ўладзе Лукашэнка? Шчыра кажучы, сумняваюся. Таму адзінае, што можна зараз зрабіць - рыхтавацца да таго дня, калі Лукашэнкі не стане. Я неаднаразова адзначаў, што ўжо цяпер трэба працаваць з ліберальнай часткай беларускіх чыноўнікаў, з тымі, хто чакае дэмакратычных пераменаў, але не можа адкрыта паказаць сваіх поглядаў. Частка сённяшніх чыноўнікаў разам з прадстаўнікамі апазіцыі магла б кіраваць новай Беларуссю.

- Як асабіста вы паставіліся да даклада аб сітуацыі ў Беларусі з правамі чалавека дэпутата Еўрапарламента Юстаса Палецкіса?

- Першапачаткова даклад быў занадта ўжо аптымістычным і суб'ектыўным, у ім гаварылася пра прагрэс беларускіх уладаў у галіне правоў чалавека. Відавочна, што Палецкіс занадта даверліва паставіўся да інфармацыі, атрыманай ад беларускага кіраўніцтва. Многія дэпутаты Еўрапарламента, якія займаюцца ўсходне-еўрапейскай палітыкай, раскрытыкавалі яго. Асабіста я патрабаваў унесці каля 25 паправак у гэты даклад.

Так, я прыхільнік пошуку новай стратэгіі, але нельга заплюшчыць вочы на тое, што ў Беларусі мільёны людзей жывуць ва ўмовах цэнзуры, парушэнняў правоў і свабод, якія абмежаваныя ў магчымасці займацца малым бізнесам. А асабліва нельга ігнараваць факт наяўнасці палітычных зняволеных. Без іх вызвалення ніякага дыялогу з Менскам быць не можа.

- Калісьці патрабаванняў да Лукашэнкі з боку Еўразвяза было больш.

- Так, а цяпер засталося практычна адзінае: вызваліць палітвязняў. Але Лукашэнка і гэтага не выконвае.

- Дарэчы, нядаўна беларускі палітвязень Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам прэміі імя Вацлава Гавела. Можа быць гэта паўплывае на яго больш хуткае вызваленне?

- Кожнае такое прызнанне - гэта дапамога людзям, якія змагаюцца за правы чалавека ў складаных умовах, якія пазбаўленыя волі. Але перш, чым Еўропа пачне хваліцца - маўляў, мы падтрымліваем дэмакратыю, палітвязняў, прысуджаем прэміі - трэба памятаць і пра тое, што мы зрабілі шмат, каб аслабіць беларускую апазіцыю. Мы зрабілі яе разрозненай, калі падтрымалі некалькі апазіцыйных структур і кандыдатаў на апошніх прэзідэнцкіх выбарах, а не зрабілі ўпор на падтрымку адной сілы. Паўтаруся, зараз патрэбная перазагрузка.

- І з чаго яе пачаць?

- Пры рэжыме Лукашэнкі не будзе свабодных выбараў, ён адназначна на гэта не пойдзе, і дамагацца гэтага бессэнсоўна. Але мне здаецца, што пайсці на некаторыя іншыя саступкі яго можна прымусіць. Напрыклад, каб у Беларусі выходзіла шматтыражная апазіцыйная газета або адкрылася незалежная радыёстанцыя. Той сістэмы незалежных беларускіх СМІ, якія існуюць сёння, недастаткова. Так што калі Захад чагосьці і хоча дамагчыся ў супрацьстаянні з Лукашэнкам, перш за ўсё трэба разбурыць манаполію дзяржавы на інфармацыю.

Даведка сharter97.org:

Павел Коваль - польскі палітык, палітолаг, гісторык і публіцыст. На парламенцкіх выбарах 2005 і 2007 года абраны дэпутатам па спісе партыі «Права і справядлівасць». З ліпеня 2006 па лістапад 2007 года - дзяржсакратар Міністэрства замежных спраў. З 2009 года - дэпутат Еўрапейскага парламента. Выйшаў з партыі «Права і справядлівасць», і разам з аднадумцамі арганізаваў новую партыю «Polska Jest Najważniejsza», лідарам якой сёння з'яўляецца.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках