Януковіч мае намер пазбавіць Расею газавага «козыра»
40- 5.11.2013, 17:41
- 46,324
Адносіны Кіева і Масквы выглядаюць усё меней сяброўскімі.
Спрэчка з Расеяй аб запазычанасці Кіева за спажыты ў жніўні газ на суму 882 мільёна даляраў да гэтага часу не вырашаная. «Нафтагаз Украіны» напярэдадні абвясціў, што знайшоў спосаб пагасіць пазыку перад «Газпрамам». Як заявіў журналістам міністр энергетыкі і вугальнай прамысловасці Украіны Эдуард Ставіцкі, праблема будзе вырашаная, у тым ліку і за кошт спагнання запазычанасці з камунальных прадпрыемстваў цеплаэнергетыкі.
Напярэдадні стала вядома, што Кіеў разгледзіць магчымасць павелічэння статутнага фонду «Нафтагаза» шляхам выпуску аблігацый ўнутранай дзяржаўнай пазыкі для пагашэння пазыкі за газ, перадае РІА «Новости».
У жніўні «Нафтагаз Украіны» заяўляў, што аплата паставак расейскага газу знаходзіцца пад пагрозай з-за пазык на суму 17,5 мільярда грыўняў (2,2 мільярда даляраў) камунальных прадпрыемстваў цеплаэнергетыкі. У цяперашні час тарыфы на паслугі ЖКГ на Украіне па-ранейшаму застаюцца ніжэй за сабекошт. Улады павысілі кошты на газ для насельніцтва на 50%, аднак кабінет міністраў не збіраецца ў бліжэйшы час пераглядаць тарыфы, піша NEWSru.com.
Зрэшты, пазыкі Украіну не палохаюць, у Кіеве ўпэўненыя, што краіна ў хуткім часе зможа абыйсціся без расейскага газу. Прэзідэнт Віктар Януковіч, у аўторак адкрываючы пасяджэнне Савета айчынных і замежных інвестараў, вызначыў тэрміны збавення ад эканамічнай залежнасці, заявіўшы, што да 2020 года Украіна зможа цалкам забяспечыць сябе газам, перадае «Інтэрфакс».
Паводле слоў украінскага лідара, Кіеў актыўна супрацоўнічае з сусветнымі кампаніямі ў сферы здабычы вуглевадародаў, што значна ўзмацняе энергетычную бяспеку краіны. Януковіч заявіў, што сумесныя праекты з канцэрнамі Shell і Chevron дазволяць Украіне не толькі выйсці на поўнае самазабеспячэнне газам, але і пачаць экспартаваць гэтыя энергарэсурсы.
У гэтым годзе Кіеў падпісаў два пагадненні аб падзеле прадукцыі са здабытчыкамі сланцавага і шэльфавага газу - Shell і кансорцыумам на чале з ExxonMobil. Чакаецца, што дамова з Chevron будзе падпісаная ўжо сёння.
Калі амбіцыйныя планы ўкраінскіх уладаў ажыццявяцца, «Газпрам», пазбавіўшыся буйнога імпарцёра, страціць прыкладна 12-14 млрд даляраў, піша выданне «Коммерсант-Украіна».
Пры гэтым у выпадку поўнага скарачэння транзіту газу праз Украіну страты для «Нафтагаза» будуць у пяць-шэсць разоў менш. Такім чынам, па словах экспертаў, у будучыні сітуацыя ў меншай ступені залежыць ад Украіны, у большай - ад Расеі. Масква павінна, нарэшце, перастаць выкарыстоўваць энергетыку ў якасці сродку для палітычнага ціску і перайсці да чыста эканамічных адносінаў, лічаць аналітыкі.