Бяляцкаму ўручаць ганаровае грамадзянства Парыжа
7- 10.12.2013, 16:20
- 11,257
10 снежня мэр Парыжа Бертран Дэланаэ перадасць сімвалічную ўзнагароду сыну палітвязня - Адаму Бяляцкаму.
Уручэнне адбудзецца на ўрачыстым абедзе ў гонар FIDH у мэрыі Парыжа, піша ПЦ «Вясна».
Тытул Ганаровага грамадзяніна горада Парыжа Алесю Бяляцкаму быў прысвоены ў кастрычніку 2012 года па прапанове мэра Парыжа, а таксама па ініцыятыве Гарадскога савета 11-й акругі сталіцы Францыі. У цяперашні час у Бертрана Дэланаэ заканчваецца мандат, і ён разумее, што яго жаданне ўручыць ганаровае грамадзянства асабіста Алесю невыканальнае. Таму ён прыняў рашэнне з нагоды 10 снежня ўручыць гэтую ўзнагароду сыну вязня сумлення.
Сведкамі ўзнагароджання Алеся Бяляцкага стануць запрошаныя на ўрачыстасць некалькі сотняў гасцей, сярод якіх будуць журналісты і людзі мастацтва, прадстаўнікі Французскай нацыянальнай Камісіі па правах чалавека.
Бертран Дэланаэ асабіста знаёмы з Алесем Бяляцкім і ўважліва сочыць за яго лёсам. З моманту арышту праваабаронцы мэрыя Парыжа выказвае сваю салідарнасць з Алесем Бяляцкім, заклікаючы ўлады Беларусі да яго безумоўнага вызвалення, і распачала шэраг сімвалічных жэстаў, далучыўшыся да кампаніі ў яго падтрымку.
Нагадаем, у траўні 2012 года партрэт Алеся Бяляцкага быў усталяваны перад мэрыяй 11-й акругі Парыжа. Таксама кіраўнік горада паставіў свой подпіс пад вылучэннем беларускага праваабаронцы на Нобелеўскую прэмію міру. У верасні гэтага года, у гадавіну яго арышту, Дэланаэ накіраваў Алесю ў бабруйскую калонію ліст з запэўненнем у сваёй падтрымцы і глыбокай павазе.
«Тытул ганаровага грамадзяніна Парыжа, які дэпутаты нашага горада прысвоілі Вам па маёй просьбе ў 2012 годзе, сімвалізуе салідарнасць з Вамі і Парыжа, і парыжан. Іншая праява гэтай салідарнасці - Ваш партрэт, які пастаянна вісіць на плошчы перад будынкам мэрыі 11-й акругі Парыжа. Паверце, што, сумесна з FIDH, чыім віцэ-прэзідэнтам Вы з'яўляецеся, і з усімі праваабаронцамі, мы працягваем дамагацца Вашага хутчэйшага вызвалення», - гаворыцца ў гэтым лісце.
У знак падзякі FIDH перадасць мэру Парыжа Бертрану Дэланаэ публіцыстычны водгук Алеся Бяляцкага на апошні, візіт у Парыж, які папярэднічаў яго арышту, на пасяджэнне Міжнароднага бюро FIDH, якое праходзіла ў будынку гарадской мэрыі. Гэтыя ўспаміны праваабаронца напісаў ужо знаходзячыся ў зняволенні.