19 красавiка 2024, Пятніца, 12:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Ганаруся, што ўва мне цячэ ўкраінская кроў

17
Зміцер Бандарэнка: Ганаруся, што ўва мне цячэ ўкраінская кроў

Хваля свабоды з Украіны абавязкова перакінецца на Беларусь.

Пра гэта заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы палітвязень Зміцер Бандарэнка, каментуючы сайту charter97.org штурм Еўрамайдана ў Кіеве.

«Мой бацька ўкраінец, і я ганаруся, што ў маіх жылах цячэ ўкраінская кроў. Увесь свет захапляецца мужнасцю герояў Майдана, і, на мой погляд, сёння была вырашальная ноч. Дэмакратычны Майдан выстаяў, і гэтая ноч стане пачаткам перамогі дэмакратычнай і еўрапейскай Украіны», - перакананы палітык.

Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» адзначыў, што ў апошнія дні яму прыходзілася глядзець расейскія каналы, на якіх малявалі вобраз дэманстрантаў у выглядзе фашыстаў, узброеных нажамі, кастэтамі, палкамі і дубінкамі, якія нападаюць на мірных міліцыянтаў.

«Сёння ноччу мы ўбачылі прыклад гераічнага негвалтоўнага супраціву. Перад сілай духу ўкраінскіх змагароў за свабоду вымушаныя былі адступіць тысячы спецназаўцаў і міліцыянераў. Штурм Майдана не быў такім брутальным, як зачыстка Плошчы ў Менску ў снежні 2010 года. Але па сваім вопыце я ведаю, што ўкраінскія спецслужбы і міліцыянты - далёка не Санта Клаўсы. У 2004 годзе, калі мы разам з сябрамі з руху «Зубр» вярталіся з Майдана, нас скралі на мяжы з цягніка Кіеў-Менск. Мне тады пры затрыманні зламалі руку, і суткі мы правялі ва ўкраінскай турме. Таксама даходзіць інфармацыя пра тое, як жорстка збіваюць затрыманых у аўтобусах і турмах байцы «Беркута». Таму такая важная сёння прысутнасць лідараў дэмакратычных краін і міжнародных арганізацый на Майдане», - лічыць былы палітвязень.

Дмитрий Бондаренко после Майдана 2004 года

Зміцер Бандарэнка пасля Майдана 2004

Зміцер Бандарэнка падкрэсліў, што таксама захапляецца мужнасцю беларусаў, якія разам з украінцамі стаяць сёння на Майдане.

«Увесь свет убачыў, як над апошняй барыкадай на вуліцы Інстытуцкай разам з украінскімі лунаў і бел-чырвона-белы сцяг. Хваля свабоды з Украіны немінуча перакінецца на Беларусь, і мы, беларусы, павінны быць гатовыя выкарыстоўваць свой гістарычны шанец. Таму што Украіна можа быць у Еўрапейскім звязе толькі разам з еўрапейскай Беларуссю», - упэўнены палітык.

Нагадаем, сёння ноччу байцы «Беркута» паспрабавалі ўзяць штурмам будынак Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі на Крэшчаціку і зачысціць Еўрамайдан, аднак пасля аказанага жорсткага супраціву вымушаныя былі адступіць.

Раніцай сілавікі прыпынілі наступ на пазіцыі апазіцыйных актывістаў. Камунальнікі працягваюць разбор барыкад на «зачышчаных» тэрыторыях, аднак далей у бок еўраактывістаў пакуль не рухаюцца, адзначаюць назіральнікі. На сцэне, усталяванай на плошчы, аднавіўся мітынг, падчас якога лідары ўкраінскай апазыцыі заклікаюць міліцыю не слухацца незаконных загадаў і не ўжываць гвалт у дачыненні да дэманстрантаў.

Да плошчы тым часам пачынае сцягвацца народ. У цяперашні час, паводле ацэнак журналістаў, на Майдане каля сцэны знаходзяцца каля 30 тысяч чалавек, столькі ж - на вуліцах вакол плошчы. Людзі працягваюць прыбываць. Таксісты бясплатна падвозяць усіх жадаючых у цэнтр Кіева.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках