25 лiстапада 2024, панядзелак, 1:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінцы на барыкадах (Відэа, анлайн)

86
Украінцы на барыкадах (Відэа, анлайн)

(абноўлена - 20:07) Дэманстранты аднаўляюць барыкады, разбураныя ўночы.

Сілавікі адступілі ад Майдана Незалежнасці пасля начных і ранішніх спроб штурму. Яны так і не змаглі ўвайсці ў будынак кіеўскай мэрыі і Дом прафзвязаў, якія застаюцца пад кантролем апазіцыі. Тым часам пратэстоўцы расчаліся з аднаўленнем барыкад перыметрам цэнтральнай плошчы сталіцы Украіны, разабраных некалькімі гадзінамі раней байцамі спецпадраздзяленняў МУС.

Як паведамляе карэспандэнт charter97.org, у цэнтры Кіева знаходзяцца дзясяткі тысяч чалавек. Вялікая колькасць людзей засяроджаная на вуліцах вакол цэнтральнага пляца сталіцы. Актывісты колюць лёд і засыпаюць ледзяной крышанкай лаўкі ды іншыя драўляныя канструкцыі, якія зноў выстаўлены на падыходах да Майдану. «Сёння мы перамаглі і мерымся стаяць да канца», - кажуць яны.

На барыкадах вывешаныя лозунгі пратэстоўцаў і шыльды з назвамі гарадоў, жыхары якіх цяпер знаходзяцца на Майдане. Настрой людзей спраўны і прыўзняты. Шмат хто пры сустрэчы віншуе адзін аднаго з першай перамогай.

Онлайн -трансляцыя

Сайт charter97.org працягвае анлайн-рэпартаж з Кіева.

20:07 Блізу 40 тысяч чалавек цяпер мітынгуюць на Майдане Незалежнасці ў Кіеве.

Пра гэта карэспандэнту «Сегодня.ua» паведаміў адзін з арганізатараў мітынгу. Акрамя таго, з ягоных слоў, на Майдан едуць 35 аўтобусаў з мітынгоўцамі з Крывога Рога ды Івана-Франкоўска. Чакаецца, што пад поўнач колькасць мітынгоўцаў дасягне 100 тысяч чалавек.

19:40 Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч прапанаваў апазіцыі прыняць удзел у «агульнанацыянальным дыялогу».

19:30 Стала вядома, што падчас начной зачысткі Еўрамайдана актывісту праламалі чэрап. Адзін з актывістаў, які пацярпеў падчас зачысткі Еўрамайдана гэтае начы, знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане. Пра гэта паведаміў загадчык аддзялення сталічнай палітраўмы Кіеўскай гарадской лякарні № 17 Дмытро Мяснікоў.

18:57 На Майдан едуць дэпутаты мясцовых рад з шэрагу рэгіёнаў Украіны. Актывісты маральна гатовыя да таго, што сёння паўторыцца штурм. Як паведамляе карэспандэнт charter97.org, людзей сёння ўночы ў будынку гарадской рады і Доме прафзвязаў застанецца больш. Людзі працягваюць умацаванне барыкад.

18:34 Канал «24» паведамляе, што некаторых журналістаў і аператараў выклікаюць на допыты ў МУС.

18:00 Януковіч паабяцаў Вярхоўнай прадстаўніцы ў замежных справах і палітыцы бяспекі Еўрапейскага Звязу Кэтрын Эштан цягам 24 гадзін мірным шляхам урэгуляваць сітуацыю ў краіне.

17:08 Улады робяць больш жорсткай «эканамічную блакаду» дэманстрантаў. Міністр унутраных спраў Украіны Віталь Захарчанка загадаў звальняць інспектараў, якія прапускаюць на Майдан самаходы з ежай і дровамі. Нягледзячы на гэта, плынь ахвочых дапамагчы актывістам не вычэрпваецца. Як паведамляе карэспандэнт charter97.org, людзі прывозяць патрэбныя харчы ды рэчы ў цэнтр і затым дастаўляюць іх на Майдан на санках або ў руках.

16:38 Калона студэнтаў Кіева-Магілянскай акадэміі далучылася да мітынгоўцаў на Майдане Незалежнасці. У калоне блізу 1 тысячы чалавек. Студэнты пад дзяржаўнымі і універсітэцкімі сцягамі, скандуючы лозунгі, прыбылі на Майдан з боку Падола.

16:35 Лідэр грамадскай арганізацыі «Трэцяя рэспубліка» Юры Луцэнка заклікаў уладальнікаў аўтамабіляў прыехаць у цэнтры Кіева, зняць нумары і перацяць сваімі самаходамі пад'езды да Майдану Незалежнасці. Пра гэта ён заявіў на сённяшнім брыфінгу ў штабе апазіцыі.

«Мы маем патрэбу найперш у дапамозе аўтамабілістаў. Тыя, хто могуць дапамагчы ў абароне мірнага Майдана сваімі аўтамабілямі, грузавікамі, тэхнікай - прыбывайце ва ўрадавы квартал і абараняйце мірных дэманстрантаў. На сённяшні дзень улада перайшла ўсе магчымыя і немагчымыя нормы. Нават на аўтамабілях і аўтобусах спецвайскоўцаў няма нумарных знакаў. Мы павінны дзейнічаць адэкватна. Усе аўтамабілі, якімі кіяне могуць абараніць мірных дэманстрантаў, без нумарных знакаў могуць стаяць вакол Майдана і вакол урадавага квартала», - сказаў Луцэнка.

16:30 Частка курсантаў унутраных войскаў, якіх улады кінулі на блакаду дэманстрантаў, пакідалі свае шчыты і пакінулі Хрышчацік. Пра гэта паведамляюць відавочцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».

16:28 Улады выкарыстоўваюць школьныя аўтобусы для блакавання мітынгоўцаў.

15:30 Пратэстоўцы на Майдане Незалежнасці расчаліся з аднаўленнем барыкад перыметрам цэнтральнай плошчы сталіцы Украіны, разабраных некалькімі гадзінамі раней байцамі спецпадраздзяленняў МУС.

«Мы аднаўляем тое, што змагла разабраць міліцыя. Зламалі адну барыкаду - мы паставім новую», - сказаў адзін з удзельнікаў Майдана.

На драўляных канструкцыях гэтых барыкад зноў вывешаныя лозунгі пратэстоўцаў і шыльды з назвамі гарадоў, якія падтрымліваюць патрабаванні Майдана. Настрой у людзей прыўзняты. Шмат хто пры сустрэчы вітае адзін аднаго «З перамогай!».

15:20 Удзельнікі акцыі пратэсту на Майдане Незалежнасці аднавілі барыкаду на вуліцы Інстытуцкай пад мостам. Яшчэ адну барыкаду паставілі на Хрышчаціку ў бок Еўрапейскай плошчы. Цяпер блізу 50 чалавек разбіваюць лёд, прыбіраюць тэрыторыю. Лёд, які адкалолі, носяць на барыкады.

Нагадаем, сёння ўночы байцы «Беркута» паспрабавалі ўзяць штурмам будынак Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі на Хрышчаціку і зачысціць Еўрамайдан, аднак пасля зладжанага жорсткага супраціву мусілі адступіць.

Раніцай сілавікі прыпынілі наступ на пазіцыі апазіцыйных актывістаў. Камунальнікі працягваюць разбіранне барыкад на «зачышчаных» тэрыторыях, аднак далей у бок еўраактывістаў пакуль не рухаюцца, адзначаюць назіральнікі. На сцэне, усталяванай на плошчы, аднавіўся мітынг, падчас якога лідэры ўкраінскай апазіцыі заклікаюць міліцыю не падпарадкоўвацца незаконным загадам і не ўжываць гвалт да дэманстрантаў.

Напісаць каментар 86

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках