Джон Макейн: Лукашэнка - найбольш брутальны і грубы дыктатар Еўропы
27- 16.12.2013, 11:08
- 29,810
У Кіеў падтрымаць пратэстоўцаў прыляцеў амерыканскі сенатар Макейн, адзін з аўтараў жорсткай рэзалюцыі сената ЗША па сітуацыі ва Украіне.
Ён сустрэўся з лідарамі апазіцыі, выступіў на Майдане і правёў перамовы з прэзідэнтам Януковічам. Сенатар адказаў на пытанні «Украинской правды» і «Белорусского партизана».
Каб паказаць салідарнасць з барацьбітамі за еўрапейскі выбар, у нядзелю Макейн выступіў са сцэны Еўрамайдана, вітаючыся з натоўпам на ўкраінскай мове і цытатай з паэта Шаўчэнкі. «Амерыка з вамі!» - скончыў ён сваю прамову. «Thank you, USA», - скандаваў Майдан.
- Якое ў вас уражанне ад убачанага ў Кіеве?
- Я бачыў шмат цікавых рэчаў у сваім жыцці. Але мне здаецца, што з той з'явай, якую я бачу цяпер, наўрад ці нешта можа параўнацца. Энтузіязм і дысцыпліна сотняў тысяч людзей неверагодныя, гэта ўражвае! За апошнія тры тыдні не было ніводнага сур'ёзнага інцыдэнту, акрамя таго часу, калі ўрадавыя сілы атакавалі дэманстрантаў.
- Вы прыляцелі спецыяльна на Майдан - ці ляцелі ў Еўропу з іншай нагоды?
- Я прыляцеў сюды спецыяльна. Я бываў ва Украіне шмат разоў і дастаткова добра праінфармаваны аб тым, што тут адбываецца. Я хацеў спецыяльна быць тут у гэты час, каб атрымаць уласныя ўражанні. А, акрамя таго, хацеў паказаць падтрымку нашага Кангрэсу дэманстрантам, якія змагаюцца за дэмакратыю і свабоду.
- У сувязі са спробамі падаўлення Еўрамайдана ўнесеная рэзалюцыя ў Сенат ЗША. Якое ваша стаўленне да гэтага дакумента і якія шанцы на яго прыняцце?
- Я з'яўляюся адным з суаўтараў гэтай рэзалюцыі. Яна заклікае паважаць права людзей на ненасільны спосаб выказваць свае погляды. Мы падтрымліваем іх намаганні ў кірунку дэмакратыі. І калі ўлада Украіны працягне рэпрэсіі, павінны быць разгледжаныя санкцыі.
- Якога роду санкцыі?
- Санкцыі супраць асоб і арганізацый, якія будуць абвінавачаныя ў злачынствах супраць чалавечнасці, і якія парушаюць правы чалавека.
- Якія шанцы ў гэтай рэзалюцыі быць ухваленай?
- Калі ўкраінскія ўлады ўжывуць сілу, яна будзе адобраная хутка і аднагалосна.
- Вы размаўлялі з лідарамі апазіцыі па прыбыцці ў Кіеў. Якое ўражанне яны на вас вырабілі?
- Я атрымаў моцнае ўражанне ад іх адданасці справе, ад іх гатоўнасці гуляць лідарскую ролю, іх патрыятызму і прыхільнасці ідэі зрабіць Украіну еўрапейскай нацыяй.
- З іншага боку, існуе чалавек, Уладзімір Пуцін - які мае іншыя планы адносна Украіны. Што рабіць украінскім палітыкам у гэтай сітуацыі, калі Украіна стала аб'ектам геапалітычнага супрацьстаяньня?
- Па-першае, сапраўды няма ніякага сумневу, што Пуцін выкарыстоўвае неверагодны ціск на ўрад і народ Украіны. Я не веру, што яму ўдасца прымусіць Украіну далучыцца да яго так званага Мытнага саюза. Але нам трэба аказаць дапамогу Украіне з боку МВФ, каб яна справілася з сур'ёзнымі фінансавымі цяжкасцямі.
- У свеце шмат складаных праблем, якія вырашаюць Расея і ЗША разам, напрыклад: Сірыя. Наколькі верагодная сітуацыя, калі дзеля міру на Блізкім Усходзе, дзеля Сірыі ці Ірана, ЗША могуць пайсці на саступкі па Украіне перад Масквой?
- ЗША і Расея супрацоўнічаюць па пытанні хімічнай зброі. Але Расея працягвае пастаўляць зброю Башару Асаду, які працягвае забіваць нявінных дзяцей, жанчын і мужчын у Сірыі. І гэта абуральна. Там дзе мы можам супрацоўнічаць з Расеяй, нам варта супрацоўнічаць. Але гэта ніякім чынам не павінна змяніць нашу падтрымку Украіны і таго, каб Украіна стала еўрапейскай нацыяй.
- Як вы думаеце, пасля Алімпіяды ў Сочы Расея ўзмоцніць ціск на Украіну, калі сітуацыя не будзе вырашана цяпер?
- Я думаю, што сітуацыя ва Украіне вырашыцца на працягу бліжэйшых дзён.
- Зараз гучыць шмат абвінавачванняў у тым, што адміністрацыя Абамы значна больш пасіўная ў пытанні Украіны, чым адміністрацыя рэспубліканцаў. На якую ступень падтрымкі можа разлічваць Украіна ў цяперашняй сітуацыі?
- У мяне ёсць некаторыя нязгоды з прэзідэнтам Абамам. Але заявы, якія зрабіў дзяржаўны сакратар Джон Кэры і зрабіла намеснік дзяржаўнага сакратара Вікторыя Нуланд, думаю, цалкам адпавядаюць дадзенаму моманту. Па гэтым пытанні рэспубліканцы і дэмакраты ў Кангрэсе цесна аб'яднаныя.
- Вы вельмі добра ведаеце сітуацыю на тэрыторыі былога СССР і ў свой час шмат падтрымлівалі беларусаў у іх барацьбе за свабоду і дэмакратыю. У Беларусі нічога не атрымалася, а ва Украіне зусім іншая сітуацыя. У чым прычына такой рознай сітуацыі ў Украіне і Беларусі?
- Лукашэнка з'яўляецца найбольш брутальным і грубым дыктатарам Еўропы, і рана ці позна людзі ў Беларусі вызваляцца ад яго кіраўніцтва.
Украіна - ж вялікае, шматкультурнае, вельмі разнастайнае грамадства, з высокаадукаваным насельніцтвам, сапраўды вялікая краіна. Я думаю, што Пуціну хацелася б утрымаць Украіну ў расейскай арбіце больш, чым любую іншую краіну свету. Часта кажуць, што з Украінай Расея - гэта заходняя вялікая дзяржава, а без Украіны - гэта ўсходняя дзяржава.