За знішчэнні лістоў Статкевічу ніхто не адкажа
8- 16.12.2013, 11:42
- 11,680
Адміністрацыя магілёўскай турмы лічыць законным знішчэнне лістоў палітвязню.
Гарадоцкі актывіст Леанід Гаравы атрымаў адказ ад начальніка турмы А. В. Дзмітрава на сваю скаргу. Ён патрабаваў тлумачэнняў, чаму яго ліст не дайшоў да палітвязня Мікалая Статкевіча, піша ПЦ «Вясна».
«У адказе з турмы напісана: «парушэнняў супрацоўнікамі турмы №4 парадку здабывання накіраванага Вамі ліста не ўстаноўлена». І ўсё... Не, каб прымаць меры для поўнага, аб'ектыўнага, усебаковага і своечасовага разгляду скаргаў, прымаць абгрунтаваныя рашэнні. Хоць - чаго здзіўляцца? Скаргу разглядалі тыя, на каго я ўласна і скардзіўся. Куды пісаць далей? У Дэпартамент выканання пакаранняў МУС у Менск ці ў пракуратуру Магілёва? Ці ў дзяржкантроль?» - разважае Леанід Гаравы, сябра БСДП (Грамада ) і актывіст руху «За Свабоду».
Ён лістуецца з усімі палітвязнямі, але ў адказ на адзін са сваіх апошніх лістоў Гаравы атрымаў ад Мікалая Статкевіча паведамленне, што гэты яго ліст не прайшоў цэнзуру. У паштоўцы ад Статкевіча было напісана: «Атрымаў пусты канверт ад вашага ліста з паметкай цэнзуры. Значыць, ваш ліст быў вельмі добрым:). Дзякуй за падтрымку. Поспехаў у вашых справах!»
Леанід Гаравы лічыць, што гэта неабгрунтаванае абмежаванне права на ліставанне палітвязня Мікалая Статкевіча. Адказ на сваю скаргу на неправамерныя дзеянні службовых асоб магілёўскай турмы №4 актывіст лічыць звычайнай адпіскай і збіраецца скардзіцца ў вышэйшыя структуры.