Еўрамайдан: Жыве Беларусь!
21- 17.12.2013, 0:02
- 39,314
Дзень салідарнасці адзначылі на галоўнай плошчы Кіева.
Увечары 16 снежня актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі і Даніла Ганчароў выступілі на галоўнай сцэне Майдана Незалежнасці. Як паведамляе карэспандэнт сайта charter97.org, з такой прапановай выступілі самі ўкраінскія актывісты, ведаючы, што сённяшняя дата сімвалічная для нашых суайчыннікаў.
Беларусы выйшлі на сцэну з бел-чырвона-белым сцягам. На Майдане Незалежнасці ў гэты час знаходзілася каля 20 тысяч чалавек. Яны сустрэлі абвяшчэнне вядучага пра выступленне актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» апладысментамі.
«16 чысла кожнага месяца ў Беларусі традыцыйна ўспамінаюць палітвязняў, а таксама тых, хто загінуў, змагаючыся з дыктатурай. На жаль, мы вельмі добра ведаем, што гэта такое - дыктатура. Але таксама мы ведаем, чаго яна баіцца. Больш за ўсё дыктатура баіцца народа, які здольны самаарганізавацца, баіцца салідарнасці.
Сёння за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 12 палітычных зняволеных. Я ведаю, што калі б яны не сядзелі ў турме, то былі б тут, разам з вамі. Гэта Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Васіль Парфянкоў і іншыя. Але тут сёння стаім мы, каб выказаць салідарнасць і павагу брацкаму ўкраінскаму народу, каб яшчэ раз нагадаць пра тое, у якое балота можа зацягнуць дыктатура, калі даць ёй такі шанец. Калі сёння дараваць ўладзе захоп офісаў апазіцыі, разгром СМІ, арышты і збіццё мірных дэманстрантаў, то гэта ўсё стане штодзённасцю. Улады спрабуюць запалохаць вас, унушыць, што вы нічога не можаце змяніць, што ўсё ўжо перадвырашана.
Гэта не так. Толькі ад вас залежыць, куды пойдзе ваша краіна. Вы - гаспадары сваёй будучыні», - заявіў Максім Вінярскі.
Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» скончыў сваё выступленне словамі «Слава Украіне! Жыве Беларусь!». У адказ людзі на плошчы сталі скандаваць «Жыве Беларусь». Ужо пасля выступлення да іх сталі падыходзіць дзесяткі ўкраінцаў і казаць словы падтрымкі.
Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» і іншых апазіцыйных арганізацый з нашай краіны знаходзяцца ў Кіеве амаль з самага пачатку пратэстаў супраць зрыву падпісання Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ, а над Майдане Незалежнасці кожны дзень лунаюць у тым ліку і бел-чырвона-белыя сцягі.
Масавыя акцыі прыхільнікаў еўраінтэграцыі ў Кіеве і іншых рэгіёнах Украіны пачаліся 21 лістапада пасля абвяшчэння ўрадам аб прыпыненні падрыхтоўкі Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ, якое планавалася аформіць на саміце «Усходняга партнёрства» ў Вільні.
Уначы 30 лістапада ўлады груба разагналі мірны мітынг студэнтаў у цэнтры Кіева. На наступны дзень, 1 снежня, сотні тысяч украінцаў выйшлі на мітынгі пратэсту ў Кіеве і рэгіёнах. Апазіцыя правяла Народнае веча на Майдане і абвясціла пра пачатак агульнанацыянальнай забастоўкі з патрабаваннем адстаўкі Кабінета міністраў і прэзідэнта.
11 снежня каля 1:00 ночы некалькі тысяч сілавікоў атачылі Еўрамайдан і пачалі штурм барыкад, усталяваных вакол намётаў. Раніцай сілавікі прыпынілі наступ на пазіцыі апазіцыйных актывістаў. Камунальнікі ўвесь дзень працягнулі разбор барыкад на «зачышчаных» тэрыторыях, аднак далей у бок еўраактывістаў прасунуцца не змаглі.
У мінулыя выходныя на цэнтральную плошчу Кіева выйшлі ад 500 тысяч да мільёна ўкраінцаў.