28 снежня 2024, Субота, 20:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін прапанаваў Януковічу крэдыт у $15 мільярдаў і зніжэнне кошту на газ (Відэа)

104
Пуцін прапанаваў Януковічу крэдыт у $15 мільярдаў і зніжэнне кошту на газ (Відэа)

Кошт расейскага газу для Украіны зніжаны ў 1,5 разы.

Расейскі ўрад прыняў пастанову размясціць частку свайго Фонду нацыянальнага дабрабыту (ФНД) ва Украіне ў суме $15 млрд. Аб гэтым паведаміў Уладзімір Пуцін пасля вынікаў пасяджэння Расейска-Украінскай міждзяржаўнай камісіі, паведамляе ИТАР-ТАСС.

«У мэтах падтрымкі ўкраінскага бюджэту ўрад РФ прыняў пастанову размясціць у каштоўных паперах ўкраінскага ўрада частку сваіх рэзэрваў з Фонду нацыянальнага дабрабыту аб'ёмам 15 млрд даляраў ЗША», - заявіў ён.

Расейскі прэзідэнт таксама выказаў меркаванне, што праблемы ўкраінскай эканомікі «звязаны ў значнай ступені з сусветным фінансавым крызісам, эканамічным крызісам».

Расея ды Украіна ўхвалілі план дзеянняў для ўрэгулявання гандлёвых абмежаванняў, накіраваных на спрашчэнне ахоўных і антыдэмпінгавых працэдур.

«Перакананы, яго рэалізацыя дазволіць у разы павялічыць пастаўкі ўкраінскай прадукцыі ў Расею ды іншыя краіны Мытнага саюза», - заявіў Пуцін журналістам.

Прэзідэнт Расеі дадаў, што таксама істотна ўзрасце загрузка прамысловых прадпрыемстваў на Украіне, будуць створаныя дадатковыя працоўныя месцы. Паводле ацэнкі Пуціна, «рэальны патэнцыял гандлёвага супрацоўніцтва (Расеі і Украіны) выкарыстоўваецца не ў поўнай ступені, пазначылася нават тэндэнцыя да скарачэння сустрэчных тавараплыняў».

«Газпрам» і «Нафтагаз» падпісалі дапаўненні да кантракту на пастаўкі расейскага паліва на Украіну, у адпаведнасці з якімі кошт газу складзе 268,5 даляра за тысячу кубаметраў. Пра гэта, як паведамляе РІА «Новости», заявіў Уладзімір Пуцін паводле вынікаў сустрэчы з кіраўніком Украіны.

Апошнія месяцы Кіеў купляў газ коштам больш за 400 даляраў. На які тэрмін укладзеныя дапаўненні да пагаднення, незразумела. Іншыя падрабязнасці таксама не ўдакладняюцца.

Раней расейскія ўлады ўжо анансавалі, што Кіеў мог бы атрымліваць паліва па 268 даляраў за тысячу кубаметраў. У прыватнасці, у сярэдзіне жніўня аб гэтым заяўляў амбасадар РФ на Украіне Міхаіл Зурабаў. Тады дыпламат паведамляў, што Масква магла б знізіць кошт пры ўмове стварэння кансорцыума для кіравання газатранспартнай сістэмай (ГТС) Украіны.

Зурабаў удакладняў, што адпаведныя дакументы планавалася падпісаць яшчэ ў канцы снежня 2012 года на сустрэчы Пуціна і Януковіча, але ў выніку гэтага не адбылося. Дамоўленасці, акрамя таго, прадугледжвалі гарантыі прапампоўкі праз ўкраінскую ГТС як мінімум 60 мільярдаў кубаметраў газу.

Кіеў даўно дамагаецца перагляду кантракту, укладзенага ў 2009 годзе. Паводле гэтай дамовы кошт на паліва вылічваецца праз спецыяльную формулу. У выніку кошт газу для Украіны атрымліваецца адзін з самых высокіх у Еўропе.

У Маскве дапускалі, што калі Украіна пагодзіцца на сяброўства ў Мытным саюзе, то Расея знізіць кошт газу. Як заявіў Пуцін 17 снежня, пытанне аб членстве ў МС не абмяркоўвалася на сустрэчы з Януковічам.

Памочнік расейскага прэзідэнта Юрый Ушакоў удакладніў, што кіраўнікі дзяржаў не абмяркоўвалі ў тым ліку пытанне асацыяцыі Еўразвязу з Украінай.

Фота з архіву EPA

Напісаць каментар 104

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках