Клічко выклікаў Януковіча на рынг (Відэа)
45- 17.12.2013, 20:21
- 60,317
Лідар партыі УДАР Віталь Клічко кінуў выклік прэзідэнту Віктару Януковічу.
Выступаючы ў аўторак на мітынгу на Майдане Незалежнасці Віталь Клічко выклікаў украінскага кіраўніка на рынг, паведамляе «Інтэрфакс-Украіна».
«Выйсце для краіны - толькі датэрміновыя выбары. Януковіч сказаў за круглым сталом, што ён не баіцца датэрміновых выбараў. Я выклікаю Януковіча - ён мой персанальны спаборнік, і я выклікаю яго на рынг», - сказаў Клічко.
Віталь Клічко патрабуе ад улады апублікаваць умовы падпісання шэрагу дакументаў у Маскве.
«Украінскі народ мае права ведаць: што паабяцаў Януковіч у Маскве», - сказаў ён, выступаючы на народным вечы.
«Паводле нашай інфармацыі, Януковіч выкарыстоўваў краіну як заклад. З інфармаваных крыніцаў стала вядома, што ён падпісаў крэдытнае пагадненне на 15 млрд даляраў пад заклад украінскай маёмасці: стратэгічных аб'ектаў, прадпрыемстваў Украіны, машынабудавання, самалётабудавання, энэргетычных прадпрыемстваў, не выключана, што і газатранспартнай сістэмы», - адзначыў Клічко.
«Мы ўсе патрабуем ад Януковіча інфармацыі: на якіх падставах і за што падпісаў Януковіч дакументы ў Маскве», - заявіў лідар «УДАРа».
Фота: «Інтэрфакс-Україна»