Rzeczpospolita: Расейскія Су-27 з Беларусі могуць паражаць мэты па ўсёй Еўропе
47- 18.12.2013, 13:21
- 21,234
У першую чаргу, яны ўяўляюць пагрозу для Польшчы.
У цені ўкраінскіх падзей Расея пачала размяшчаць у Беларусі свае знішчальнікі. І гэта толькі пачатак аперацыі. На працягу двух гадоў недалёка ад польскай мяжы размесціцца авіяцыйны полк, а гэта акажа негатыўны ўплыў на бяспеку ва ўсім рэгіёне. Тым больш, што сярэднееўрапейскія дзяржавы НАТА найменш насычаныя баявымі самалётамі на ўсім кантыненце, піша газета Rzeczpospolita (пераклад - charter97.org).
У той час як кіеўскі Майдан паглынае нашу ўвагу, Расея перамяшчае ў Беларусі фігуры геапалітычнай шахматнай дошкі.
Чатыры расейскія Су-27 з'яўляюцца не толькі плёнам цеснага супрацоўніцтва Лукашэнкі з Масквой, але яшчэ і вынікам жорсткага ціску. Менск абараняўся ад ваеннай прысутнасці , але безвынікова. Супраціў размяшчэнню расейскіх самалётаў трымаўся з 1995 года, калі стала ясна, што Польшча і Літва будуць прынятыя ў НАТА, а Расея хацела ўраўнаважыць пашырэнне Альянсу, перасунуўшы свае сілы ў Беларусь. Лукашэнка сказаў - «не».
Супраціў перамаглі толькі праз 14 гадоў у 2009 годзе, калі беларускі кіраўнік пагадзіўся на сумесную абарону паветранай прасторы дзвюх дзяржаў, і, канчаткова, на мінулым тыдні, калі першыя расейскія самалёты прызямліліся на беларускай зямлі.
Перад гэтым Расея паслядоўна адмаўляла Менску ў пастаўках найноўшай ваеннай тэхнікі па льготных коштах. Гэта ціхае эмбарга тычылася ў прыватнасці авіяцыі. Лукашэнка нават быў вымушаны знішчыць эскадрыллю шматмэтавых Су-27, пакінуўшы толькі дзве эскадрыллі знішчальнікаў Міг-29. Таксама не ўвянчаліся поспехам спробы ваенных пакупак у Кітаі - іх заблакаваў Крэмль.
Пасля падзення камунізму беларускае войска не зведала сур'ёзнай мадэрнізацыі, параўнальнай з тым, што адбываецца ў Польшчы і Расеі. Колькасць танкаў, бронетранспарцёраў і самалётаў у арміі Лукашэнкі ўражвае, але іх якасць пакідае жадаць лепшага.
Масква зацікаўленая ў захаванні такога палажэння спраў, так як хоча трымаць Беларусь у кулаку.
У 2015 годзе ў Лідзе размесціцца полк Су-30. Гэтыя самалёты разам з супрацьпаветранымі ракетамі сярэдняй далёкасці С-300, а таксама кароткай далёкасці Тор-М2Е створаць абарону паветранай прасторы Расеі і Беларусі. Менск будзе абаронены, але коштам перадачы кантролю над сістэмай абароны Маскве.
Су-30 з'яўляюцца шматмэтавымі самалётамі, могуць атакаваць наземныя мэты на далёкасці да трох тысяч кіламетраў (у радыусе трох тысяч кіламетраў ад Ліды знаходзяцца практычна ўсе еўрапейскія сталіцы). У той жа час польская супрацьпаветраная супрацьракетная абарона на дадзены момант з'яўляецца, напэўна, найбольш састарэлым элементам узброеных сілаў. Сітуацыю зменіць толькі будаўніцтва ўжо вядомага шчыта над Польшчай, што можа заняць да дзесяці гадоў, калі нічога не зменіцца ў фінансаванні праекта. Польшча, праўда, купіла F-16 новай версіі C/D, але іх вельмі мала. Акрамя гэтага трэба замяніць састарэлыя Су-22 і лепш за ўсё на машыны пятага пакалення, а не чацвёртага, як F-16.
Што тычыцца базы ў Лідзе, то яна парушыць раўнавагу ў рэгіёне. Для Польшчы і Літвы гэта рэальная пагроза, тым больш, што Менск будзе пазбаўлены ваеннай самастойнасці. Польшча не можа спыніць перакідку расейскіх самалётаў у Беларусь. Застаецца адказваць на гэтыя крокі сваімі: будаўніцтвам шчыта ПРА і СПА і заменай Су-22 на машыны найноўшага тыпу.
Фота: Аляксандр Пак