Менск абагнаў сталіцы свету па кошту арэнды офісаў
15- 2.12.2013, 15:45
- 21,012
Па кошту арэнды офісных памяшканняў квартал у цэнтры Менска ўваходзіць у трыццатку самых дарагіх у свеце.
Пра гэта сведчаць дадзеныя рэйтынгу самых дарагіх сталічных офісных кварталаў, упершыню складзенага групай кампаній «Твая сталіца».
Па памеры арэндных ставак цэнтр беларускай сталіцы абышоў аналагічныя раёны ў Мадрыдзе, Ванкуверы, Кіеве, Сеуле, Вене і Вільні. Значна вышэй (больш чым у два разы) арэндныя стаўкі ў папулярных кварталах Лондана, Ганконга, Масквы, Пекіна і Нью-Йорка.
Як паведаміла сайту charter97.org намеснік кіраўніка кампаніі «Твая сталіца. Нерухомасць для бізнесу» Вольга Сянчук, рэйтынг пяці самых дарагіх офісных кварталаў Менска складзены на аснове даследавання рынку офіснай нерухомасці, праведзенага спецыялістамі. Пры яго складанні ўлічваліся бягучыя памеры арэндных ставак у сучасных бізнес-цэнтрах і ізаляваных офісных памяшканнях з высокім узроўнем спажывецкіх характарыстык, размяшчэнне ў якіх па ўзроўні камфорту параўнальна з арэндай плошчаў у бізнес-цэнтрах.
Паводле дадзеных даследавання, самыя высокія арэндныя стаўкі на офісныя плошчы - у раёне вуліц Кірава, Талстога, Клары Цэткін, Нямігі, Зыбіцкай і Янкі Купалы. Дзелавы цэнтр горада прапануе офісы рознай якасці, але тон задаюць бізнес-цэнтры класаў А і В. Стаўкі арэнднай платы тут ад 35 да 43 еўра за квадратны метр.
Унутры раёна вылучаюцца асобныя дзелавыя зоны дзяржустаноў і бізнес-цэнтраў. «Усё гэта ўплывае на рынкавы кошт памяшканняў. Адзінай агульнай праблемай застаецца паркоўка: высокую забяспечанасць арандатараў парковачнымі месцамі не можа прапанаваць ні адзін уласнік офісных аб'ектаў», - адзначыла Сянчук.
Паводле яе слоў, памяшканні ў гістарычным цэнтры горада карыстаюцца найбольшым попытам, што і прадвызначае высокія арэндныя стаўкі. За імі ідуць офісы ўздоўж галоўных магістраляў горада ў межах другой эканоміка-планіровачнай зоны. Сярод іх вылучаецца праспект Незалежнасці . «У той жа час дзелавое жыццё ўздоўж праспекта Пераможцаў толькі пачынае развівацца: у 2014 годзе некалькі запланаваных да адкрыцця бізнес-цэнтраў цалкам зменяць яго дзелавое аблічча. Замыкаюць рэйтынг офісныя плошчы ў дзелавых раёнах горада, якія фарміруюцца», - сказала спецыяліст.
Кошт квадратнага метра ў самых дарагіх офісных кварталах Менска амаль у два разы вышэй, чым у сярэднім па горадзе. Офісы ў такіх месцах набываюць у асноўным паспяховыя прыватныя беларускія прадпрыемствы і прадстаўніцтвы замежных кампаній.
«Як правіла, попыт на аб'екты ў дарагіх кварталах Менска звязаны з неабходнасцю часта прымаць кліентаў і партнёраў, а таксама жаданнем павысіць імідж кампаніі. Цалкам магчыма, што рэалізацыя такіх праектаў, як забудова тэрыторыі завода «Гарызонт» і аўтавакзала «Маскоўскі», зменіць суадносіны сіл на рынку прэміяльных офісных плошчаў і створыць дадатковую канкурэнцыю аб'ектам у цэнтральнай частцы сталіцы», - лічыць Сянчук.