Рэзалюцыя Майдана: Уся Украіна павінна стаць адзінай плошчай
31- 22.12.2013, 19:51
- 23,766
З'явіўся тэкст рэзалюцыі народнага аб'яднання «Майдан».
22 снежня са сцэны акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці ў Кіеве было абвешчана аб стварэнні народнага аб'яднання «Майдан». У калегіяльны орган могуць уступаць палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і ўкраінскія грамадзяне. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі пятага Народнага веча, якое адбылося сёння.
Сустаршынямі савета «Майдана» сталі Алег Цягнібок, Сяргей Квіты, Віталь Клічко, Юрый Луцэнка, Руслана Лыжычка, Юлія Цімашэнка і Арсень Яцэнюк.
Прыводзім поўны тэкст рэзалюцыі:
«На працягу апошняга месяца мільёны людзей з усёй Украіны ўзялі ўдзел у мірным паўстанні супраць рэжыму Януковіча, у барацьбе за свае правы і свабоды, за годную еўрапейскую будучыню для сваіх дзяцей і для ўсёй Украіны.
Выбіраючы выключна мірныя і негвалтоўныя метады барацьбы, мы разумелі, што вельмі цяжка атрымаць хуткі вынік у супрацьстаянні з узброеным да зубоў крымінальна-бандыцкім рэжымам. Мы былі, ёсць і ў далейшым гатовыя да доўгай барацьбы, да таго, што Майдан будзе стаяць і змагацца роўна да таго часу, пакуль Януковіч не пачуе голас мільёнаў.
Майдан - гэта пастаянна дзеючы агмень супраціўлення. Гэта - наш мабілізацыйны пункт, адкуль пачаўся ўсенародны паход за ачышчэнне Украіны ад рэжыму крымінальных акупантаў. Гэта і ёсць наша свабодная Украіна, тэрыторыя, якая непадуладная Януковічу. Сёння ўлада ў дзяржаве супрацьстаіць ўкраінскаму народу, таму ўся Украіна павінна стаць адзінай плошчай, якая ачышчае ад Януковіча нашу краіну. З гэтай мэтай і з мэтай далейшай каардынацыі нашай дзейнасці, яе паглыблення і пашырэння мы, удзельнікі Народнага веча, вырашылі:
1. Заснаваць Народнае аб'яднанне «Майдан», у склад якога могуць уступаць палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і ўкраінскія грамадзяне.
2. Абраць Савет «Майдана» на чале з сустаршынямі: Сяргеем Квітым, Віталём Клічко, Русланай Лыжычкай, Юрыем Луцэнкам, Юліяй Цімашэнкай, Алегам Цягнібокам і Арсенем Яцэнюком.
3. Зацвердзіць наступны персанальны склад Савета «Майдана»: Арсен Авакаў, Тарас Байкоў, Аляксей Гарань, Васіль Гацько, Ігар Жданаў, Андрэй Ілленка, Ірэна Карпа, Сяргей Квіты, Вячаслаў Кірыленка, Ігар Каліушка, Віталь Клічко, Руслан Кашулінскі, Іван Крулько, Руслана Лыжычка, Ігар Луцэнка, Юрый Луцэнка, Марыя Маціас, Андрэй Мохнік, Валерый Пацкан, Алег Асухоўскі, Сашко Палажынскі, Пётр Парашэнка, Віталь Портнікаў, Сяргей Рахманінаў, Ягор Собалеў, Сяргей Собалеў, Аляксандр Сушко, Вікторыя Сюмар, Барыс Тарасюк, Юлія Цімашэнка, Аляксандр Турчынаў, Алег Цягнібок, Валерый Чалы, Віктар Чумак, Заран Шкірак, Лізавета Шчэпецільнікава, Арсень Яцэнюк.
4. Даручыць Савету «Майдана» разгарнуць шырокую мабілізацыйную працу ў арганізацыі супраціву цяперашняму рэжыму ва ўсіх абласцях Украіны і каардынацыі пратэстнага руху на ўсёй тэрыторыі Украіны».