Завод БАТЭ спыніў працу
87- 26.12.2013, 8:16
- 72,959
Адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі спыняе працу на 18 дзён.
З сённяшняга дня да 13 студзеня ўключна Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання закрывае сваю «прахадную». Людзей адпраўляюць на вымушаныя вакацыі як за свій кошт, так і ў залік адпачынкаў, піша мясцовы сайт barysau.by.
Супрацоўнікі прадпрыемства звязваюць вымушаны адпачынак як са скарачэннем збыту прадукцыі, так і, у цэлым, з цяжкай эканамічнай сітуацыяй на заводзе.
«Прычына звычайная - тая, якая на нашым заводзе здараецца ў канцы года, - патлумачыў адзін з працаўнікоў ААТ БАТЭ. - Многія прадпрыемствы - партнёры з Расеі з 1 па 10 студзеня не працуюць. Там проста няма магчымасці закупіць прадукцыю, яны адпачываюць.
Але, вядома, ёсць і іншыя прычыны. Скажам так, гэта дрэннае эканамічнае становішча. З гэтых дзён, у якія людзей адправілі па дамах, палова ідзе ў залік водпуску, а палова - за ўласны кошт. Але гэта яшчэ не самае страшнае. У адным з раёнаў, здаецца, у Слуцкім, на адным з прадпрыемстваў зарплату каўбасой выдалі».
На заводзе БАТЭ працуе больш за 4 тысячы чалавек.
Праблемы з-за адсутнасці збыту прадукцыі адзначаныя ў канцы года на многіх буйных беларускіх прадпрыемствах. 15 і 22 лістапада не працавала большасць падраздзяленняў МАЗа. Вымушаны прастой працягнецца таксама 29 і 30 лістапада. Акрамя гэтага на працягу гэтага года МАЗ ужо неаднаразова пераходзіў на чатырохдзённы працоўны тыдзень. Рабочыя МТЗ таксама паведамляюць пра катастрафічнае падзенне заробкаў. За лістапад яны склалі 2,5-4 мільёна рублёў, скараціўшыся такім чынам амаль на 30%.
Па словах рабочых, склады заводаў перапоўненыя гатовай прадукцыяй, пакупнікоў на якую няма, так як на расейскім і міжнародным рынках попыт на беларускія тавары вельмі нізкі. Адсутнічаюць у прадпрыемстваў і фінансавыя магчымасці закупіць матэрыялы і камплектуючыя для новых машын.
Фота з сайта adzinstva.by