Затрымкі заробкаў і ўцёкі рабочых на «Гомсельмашы»
38- 26.12.2013, 12:14
- 43,493
У завода няма грошай нават на паперу для чарцяжоў.
Пра гэта сайту charter97.org паведаміў адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства.
«З ліпеня месяца ўсім інжынерна-тэхнічным работнікам зрэзалі прэмію на 50%. Інжынеры пачалі разбягацца. Тады было вырашана ўвесці дадатковую прэмію, але толькі для цэхавых тэхнолагаў і канструктараў. Астатнія работнікі яе не атрымліваюць. Грошай на аб'яднанні няма нават на паперу, на якой друкуюць чарцяжы. Затое навагоднія ўпрыгажэнні з кожным годам усё ярчэй і багацей», - адзначыў ён.
Работнік падкрэсліў, што ўпершыню за восем гадоў яго працы затрымліваюць заробак.
«Раней яго выдавалі па 21 чысла ўключна, часам раней, самае позняе - 22 чысла. Але на календары 26 снежня, а заробкам нават не пахне. Мала таго, што рабочым-каталікам кіраўніцтва такім чынам сапсавала свята, дык яшчэ няма магчымасці аплаціць камунальныя плацяжы і крэдыты. А ёсць яшчэ катэгорыя работнікаў, якія атрымліваюць дзіцячыя дапамогі разам з заробкам, таму іх сем'і засталіся без сродкаў да існавання. Па заводах аб'яднання, а гэта, як мінімум, гомельскія прадпрыемствы ЗЛіН, СІіТА, ЗСК, ГСКБ і самому «Гомсельмашу» ходзяць чуткі, што заробак раней 27 чысла не дадуць. А гэта ўжо парушэнне не толькі калектыўнай дамовы, дзе прапісана, што выплата зарплаты не пазней 25 чысла, але і кантрактаў, у якіх паказаная выплата 26 чысла», - дадаў супрацоўнік заводу.
У фінансавым упраўленні «Гомсельмаша» карэспандэнту сайта charter97.org заявілі, што «зарплата будзе заўтра».
Варта адзначыць, што гэта ўжо не першы выпадак затрымкі заробкаў на прадпрыемствах Беларусі. Так, напрыклад, у канцы лістапада charter97.org паведамляў пра тое, што рабочыя сталічнага «Амкадор-Белвар» у знак пратэсту супраць затрымкі зарплаты і масавага скарачэння абвясцілі забастоўку, а ў пачатку гэтага месяца супрацоўнік Віцебскага вагоннага ўчастка распавёў пра затрымкі заробку і пагрозы з боку начальства.
Фота: wikimedia