Мясніковіч расказаў, як добра жывецца беларусам
93- 27.12.2013, 9:17
- 67,024
Напярэдадні новага 2014 года Савет міністраў апублікаваў афіцыйны заспакойлівы каментар.
У ім гаворыцца, што плануемае паступовае павелічэнне коштаў (тарыфаў) на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва не перавысіць тэмпаў росту заработнай платы, якія фактычна склаліся, і не знізіць яго пакупніцкую здольнасць: «Аднак ліквідацыя коштавых дыспрапорцый дазволіць знізіць нагрузку на рэальны сектар эканомікі, што павялічыць канкурэнтаздольнасць беларускіх прадпрыемстваў».
У прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2014 год закладзенае павышэнне кошту жыллёва-камунальных паслуг на 38%. Чакаецца, што плацяжы, напрыклад, за тыпавую двухпакаёвую кватэру вырастуць на 124,3 тысячы рублёў (прыкладна на 13 даляраў) і складуць 450,9 тысячы рублёў (каля 47 даляраў), піша БелаПАН.
У выніку павышэння тарыфаў узровень кампенсацыі насельніцтвам кошту жыллёва-камунальных паслуг можа дасягнуць у наступным годзе 34,7%. А Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011-2015 гады прадугледжана, што беларусы будуць аплачваць да канца 2015-га ўжо не менш за 60% выдаткаў на паслугі ЖКГ.
Намеснік міністра эканомікі Аляксандр Ярашэнка, выступаючы ў парламенце, так апраўдваў намеры ўрада:
- Насельніцтва мала плаціць за тыя жыллёва-камунальныя паслугі, якія прадастаўляе дзяржава. У цяперашні час узровень кампенсацыі насельніцтвам выдаткаў на ЖКГ складае каля 24%. Калі мы гаворым пра ўзровень пакрыцця на будучы год, то з улікам павелічэння рэальных даходаў насельніцтва мы плануем павысіць кампенсацыю насельніцтвам паслуг да 35%.
Разам з тым, рост рэальнай (з улікам інфляцыі) заработнай платы ў 2014 годзе запланаваны толькі на 4,6%.
Ва ўрадзе, вядома ж, бачаць гэтую дыспрапорцыю, і, каб падсаладзіць пілюлю, абяцаюць разгледзець «падрыхтаваныя Міністэрствам эканомікі прапановы аб павышэнні пакупніцкай здольнасці насельніцтва ва ўмовах паступовай ліквідацыі коштавых дыспрапорцый у эканоміцы».
Ну, а канчаткова пераканаць насельніцтва, наколькі добра яму жывецца ў Сінявокай, закліканыя параўнальныя дадзеныя аб узроўні жыцця ў Беларусі і суседніх краінах. Цяпер народ зразумее сваё шчасце!
- У цяперашні час насельніцтва плаціць менш, чым прадпрыемствы, за электраэнергію ў 2,2 разы (589 рублёў, або 6,11 цэнта ЗША, за 1 кВт), за прыродны газ - у 2,7 разы (832 тыс. рублёў, або 84,9 даляра ЗША, за 1 тыс. куб. м). У той жа час у еўрапейскіх краінах сітуацыя зваротная. Так, жыхары суседняй Літвы плацяць 18,09 цэнта ЗША за 1 кВт электраэнергіі, што на 8,5% больш, чым прамысловыя спажыўцы. Жыхары Польшчы - 27,33 цэнта, або ў 2,8 разы больш. Нават у Расейскай Федэрацыі (Смаленск) тарыф на электраэнергію для насельніцтва практычна роўны тарыфу для прамысловых прадпрыемстваў (9,6 цэнта, або 96%), - падкрэсліваецца ў афіцыйным каментары Савета міністраў.
У той жа час, раскрывае ўрад вочы народу, «з улікам «кошту жыцця» заработная плата і ў цэлым даходы насельніцтва ў Беларусі параўнальныя з суседнімі краінамі»: у 2012 годзе заработная плата па парытэту пакупніцкай здольнасці ў Беларусі склала 1008 даляраў, у Расейскай Федэрацыі - 1071 даляр, ва Украіне - 723 даляра, у Польшчы - 1086, у Літве - 1312 даляраў.
Ну і, каб канчаткова развеяць сумневы, спасылаецца на аўтарытэт:
- Па дадзеных амерыканскага інстытута Гэлапа, гадавы даход беларускай хатняй гаспадаркі (сярэдні ўзровень) роўны 5236 далярам ЗША. Па гэтым паказчыку Беларусь займае 32-е месца ў рэйтынгу краін свету, апярэджваючы Расею (4129 даляраў ЗША), Літву (4713 даляраў ЗША), Польшчу (4578 даляраў ЗША) і Украіну (3876 даляраў ЗША).
Пасля такіх пераканаўчых аргументаў, як багата жывецца беларусам, становіцца нават сорамна, што доля выдаткаў на аплату жыллёва-камунальных паслуг у спажывецкіх выдатках сям'і ў нас «значна ніжэй, чым у сумежных краінах» (у трэцім квартале 2013 года яна была роўная 3,5%, а ў Літве - 10,5%, Расеі - 11,5%, ва Украіне - 10,9%).
Аднак эканаміст Сяргей Чалы бачыць ва ўсёй гэтай лічбе хітрасць.
Завышаны ўзровень даходаў у Беларусі па парытэту пакупніцкай здольнасці, кажа ён, наўпрост звязаны з нізкім узроўнем коштаў на тавары і паслугі (галоўным чынам, ЖКГ і транспарт), якія рэгулююцца дзяржавай.
Такім чынам, «калі цяпер наш узровень жыцця параўнальны з суседнімі краінамі па гэтым паказчыку, то выкарыстоўваць яго як абгрунтаванне для росту тарыфаў на ЖКГ проста нельга - бо гэты рост аўтаматычна зробіць наша насельніцтва бядней суседзяў па той жа метадалогіі».
- Што тычыцца дадзеных з даследавання Гэлапа, - адзначае Сяргей Чалы, - неабходна ўлічваць, што яно захоплівала шматгадовы перыяд з 2006 года, адпаведна, для нашай краіны гэтыя дадзеныя скажоныя наяўнасцю ў выбарцы «гладкіх» дакрызісных гадоў. Акрамя таго, там гаворка ідзе пра медыянны даход, які ў нас вялікі галоўным чынам не з-за высокіх даходаў, а з-за малога расслаення грамадства па даходах».
Каментуючы ўрадавы пасаж пра розніцу коштаў на электраэнергію і газ для хатніх гаспадарак і прадпрыемстваў, эканаміст нагадвае, што да крызісу 2011 года насельніцтва ўжо плаціла за газ больш яго кошту (гэта значыць, больш за кошт, па якім улады куплялі яго ў «Газпрама»).
Да таго ж, урад паказвае кошт на газ толькі для тых спажыўцоў, у якіх усталяваныя лічыльнікі, астатнія ж хатнія гаспадаркі плацяць у разы больш. А пасля зніжэння закупачнага кошту расейскага газу ў два разы ў 2012 годзе яго кошт для прамысловых спажыўцоў не паменшыўся, усю выгаду ад зніжэння кошту на газ дзяржава забрала сабе.
- Дэкларацыя ўрада аб тым, што «планаванае паступовае павелічэнне коштаў (тарыфаў) на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва ў Беларусі не перавысіць тэмпаў росту заработнай платы, якія фактычна склаліся», на самой справе азначае, што будучы рост коштаў на паслугі ЖКГ плануецца ў тэмпе мінулага росту заробкаў, - падкрэслівае Сяргей Чалы. - Таксама трэба ўлічваць, што, акрамя славутага росту тарыфаў на 5 даляраў у год, кошты на жыллёва-камунальныя паслугі будуць штоквартальна індэксавацца. Гэта значыць, гаворка ідзе аб кампенсацыі насельніцтвам інфляцыйных выдаткаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Хоць усе ведаюць, што ў інфляцыі вінаваты зусім не народ, у канчатковым выніку расплачваецца за яе ўсё роўна ён.