Саннікаў у «Washington Post»: Трэба дапамагчы Беларусі пазбавіцца ад дыктатуры
55- 27.12.2013, 14:48
- 95,400
Артыкул лідара «Еўрапейскай Беларусі» сёння надрукавала амерыканская газета «The Washington Post».
Прыводзім тэкст артыкула Андрэя Саннікава «Дапамагчы Беларусі пазбавіцца ад дыктатуры» цалкам:
Увага ўсяго свету ў апошні час прыцягнутая да мужных украінцаў, якія праводзяць шматтысячныя дэманстрацыі, імкнучыся да інтэграцыі з Еўропай для таго, каб пазбегнуць «абдымкаў» Расеі. Але важна памятаць і пра суседнюю Беларусь, якая геаграфічна знаходзіцца ў сэрцы Еўропы, а палітычна больш падобная на савецкую глуш.
Большасць яе грамадзян хочуць свабоды, а не рэпрэсій з боку брутальнага дыктатара, больш жорсткага і дэспатычнага, чым прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч і прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін разам узятыя.
Тры гады таму, калі быў кандыдатам у прэзідэнты, я прыняў удзел у самай масавай за доўгія гады дэманстрацыі пратэсту. У цэнтры Менска людзі рознага сацыяльнага статусу, нягледзячы на холад, выступілі супраць паліцэйскай дзяржавы, супраць масавых фальсіфікацый на выбарах, з дапамогай якіх дыктатар Лукашэнка скраў нашы галасы. Мы прадэманстравалі таксама імкненне да еўрапейскай будучыні, а не да жыцця ў адноўленым Савецкім Саюзе.
Такая дэманстрацыя людской волі перапалохала Лукашэнку і яго галаварэзаў. АМАП прымяніў сілу для разгону мірнай дэманстрацыі, збіваючы жанчын, пажылых людзей, усіх без разбору, прымусіўшы нас успомніць часы Другой сусветнай вайны. Мне давялося правесці і тыя калядныя святы, і наступныя, і больш за год у турме савецкага тыпу ў якасці палітвязня.
Мяне выпусцілі дзякуючы рэдкай праяве палітычнай волі з боку Еўрапейскага Звяза, які ўвёў санкцыі супраць фінансавых спонсараў Лукашэнкі. Аднак далейшых санкцый, якія планаваліся ЕЗ, не было - у тым ліку з-за актыўнага лабіравання Латвіі і Славеніі, - і ў выніку ў беларускіх турмах застаюцца палітвязні, у тым ліку мой калега, кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч і праваабаронца Алесь Бяляцкі.
Недахоп волі і стратэгіі ў Еўразвяза ў адносінах да суседніх краін пачаў праяўляцца, калі ЕЗ не змог адэкватна адрэагаваць на ўзмацненне недэмакратычнай ўлады Лукашэнкі ў сярэдзіне 90-х. У перыяд беспрэцэдэнтнага эканамічнага поспеху ў Еўропе, вялікіх чаканняў і пашырэння Еўразвяза, калі абвяшчалася прыхільнасць агульнадэмакратычным каштоўнасцям і выкананню правоў чалавека, Лукашэнка фальсіфікаваў выбары, а яго апаненты загадкава знікалі.
ЕЗ замарозіў адносіны з рэжымам Лукашэнкі, але не змог прыняць больш сур'ёзных мер - такіх, як правядзенне міжнароднага расследавання. У ЕЗ, мабыць, спадзяваліся, што наступныя выбары будуць справядлівымі. Папулярныя лідары апазіцыі Юрый Захаранка і Віктар Ганчар былі забітыя ў 1999 годзе, Генадзь Карпенка памёр пры загадкавых абставінах. Кожны з іх карыстаўся шырокай падтрымкай і лёгка выйграў бы выбары ў Лукашэнкі.
Лукашэнка выбудоўваў самую рэпрэсіўную і таталітарную сістэму ў сённяшняй Еўропе ў адсутнасці адэкватнай рэакцыі з боку ЕЗ.
Сёння Еўропа перажывае крызіс каштоўнасцяў. Еўрапейскі Звяз, падобна, не бачыць сваёй місіяй умацаванне і развіццё дэмакратычных каштоўнасцяў у самой Еўропе, нягледзячы на тое, што праграма Усходняга партнёрства, накіраваная на развіццё сувязяў ЕЗ з усходнімі суседзямі, закліканая грунтавацца на гэтых каштоўнасцях. Замест гэтага «Усходняе партнёрства» стала сродкам апраўдання дыпламатычных адносінаў і гандлю з аўтакратамі, уключаючы адносіны з дыктатарам Лукашэнкам, з якім зноў прапануецца весці «дыялог».
Украінцы выступаюць супраць свайго карумпаванага кіраўніцтва, пратэстуючы на Еўрамайдане. Вельмі важна, што еўрапейскія і амерыканскія палітыкі, такія, як сенатар Джон Макейн, еўрапарламентары з Польшчы ці міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт, былі на цэнтральнай плошчы Кіева і падтрымалі ўкраінцаў.
Аднак нават рашучай маральнай падтрымкі недастаткова, калі ў справу ўмешваецца Крэмль, прапаноўваючы крэдыты і танны газ. Не для таго, каб выратаваць Януковіча, а для таго, каб захаваць мадэль дыктатарскага праўлення ва ўсім рэгіёне.
ЕЗ мяркуе, што можна зберагчы свае інстытуты і каштоўнасці, супрацоўнічаючы і гандлюючы з недэмакратычнымі суседзямі, Беларуссю, Украінай, Расеяй, без палітычных і маральных выдаткаў. Гэта памылка.
Ніякае «ўцягванне» або «рэалпалітык» у адносінах з аўтакратамі не дазволіць Еўразвязу забяспечыць сабе прадказальных і бяспечных суседзяў.
Пытанне не ў тым, ці змогуць беларусы пазбавіцца ад апошняй дыктатуры Еўропы і вярнуцца ў супольнасць еўрапейскіх дэмакратый, а ў тым, калі гэта адбудзецца.
Для гэтага патрэбная стратэгія, заснаваная на прынцыпах. За ўчыненыя злачынствы ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі павінны дзейнічаць санкцыі, а адрасатам палітыкі «ўцягвання» павінен стаць беларускі народ. Падтрымаўшы дэмакратычны рух, свабодную прэсу, змагароў за свабоду, а таксама транспарэнтнае супрацоўніцтва з Еўразвязам і ўзгодненыя дыпламатычныя намаганні адміністрацыя Абамы зможа скараціць час, які на гэта спатрэбіцца, - з некалькіх гадоў да некалькіх месяцаў.
Андрэй Саннікаў, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы кандыдат у прэзідэнты і палітычны вязень