Леанід Заіка: Трэба знізіць зарплату чыноўнікам, а не браць крэдыты
63- 30.12.2013, 7:52
- 38,640
Вылучаны Расеяй крэдыт пойдзе «на працяг існавання непрафесійнага ўрада».
Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка не лічыць, што Беларусі трэба залазіць у новыя абавязкі, пішуць «Белорусские новости».
«У беларусаў ужо 4000 даляраў на кожнага чалавека абавязак. Яшчэ дадаткова 2 млрд. да 37 млрд. нічога не зменяць. Трэба мяняць сам уклад жыцця, мяняць стаўленне да таго, што мы ўмеем зарабляць, як зарабляць і што прадаем. Я б наогул забараніў браць гэтыя два мільярда. Трэба знізіць заработную плату на 15% чыноўнікам, міністрам зарплату - у два разы, дырэктарам - у два разы і паглядзець, як мы будзем працаваць і жыць. А ўсё астатняе вырашыцца», - сказаў ён.
На думку эканаміста, грошай, якія выдзяляюцца, хопіць толькі «на працяг існавання непрафесійнага ўрада, іх хопіць на тры месяцы, калі наогул хопіць. Па 2013 годзе недабор каля 8 мільярдаў, зараз будуць выплываць усе дэфіцыты і дысбалансы».
«Калі грошы скончацца - жыць нармальна пачнем. Адабралі ў дзіцяці соску - ён пачынае кашку есці. Чым раней гэта здарыцца, тым лепш для краіны. Хопіць жыць у доўг, хопіць локшыну людзям на вушы вешаць. Заробкі павінны быць 350-400 даляраў, кошт квадратнага метра жылля - 550-600 даляраў», - перакананы Леанід Заіка.
Нагадаем, 25 снежня на пасяджэнні Дзяржсавета Расеі і Беларусі Уладзімір Пуцін паабяцаў вылучыць Беларусі крэдыт у 2 мільярда даляраў.
«Урад Расейскай Федэрацыі прыняў рашэнне аказаць садзейнічанне нашым калегам у сувязі з тым, што адбываецца на сусветных рынках, і даць рэспубліцы Беларусь дадатковыя пазыковыя сродкі ў 2014 годзе ў аб'ёме да 2 мільярдаў даляраў», - заявіў ён.