Еўрамайдан выставіў ультыматум Януковічу (Відэа, анлайн)
191- 4.12.2013, 9:03
- 179,399
(абноўлена - 17:59) Аблога адміністрацыйных будынкаў працягнецца да адстаўкі ўрада.
Пра гэта заявілі дэпутаты ўкраінскай апазіцыі.
«У выпадку, калі Віктар Януковіч не прымае адпаведную пастанову (аб адстаўцы ўрада), то мы маем наступны план: мы пераходзім ад дзённай акцыі пікетавання адміністрацыі прэзідэнта да 24-гадзіннай акцыі пікетавання адміністрацыі прэзідэнта, урадавага квартала і ўтрымання ўсіх ключавых аб'ектаў», - заявіў народны дэпутат ад фракцыі «Батькивщина» Сяргей Собалеў.
Удзельнікі вулічных акцый пратэсту сёння раніцай перацялі ўваходы ў будынак урада краіны, які яшчэ ўчора мог функцыянаваць. Раней былі ўзятыя ў аблогу Вярхоўная Рада, адміністрацыя Віктара Януковіча. Уваход у будынак урада з боку Майдана Незалежнасці перацялі блізу тысячы маніфестантаў. Ля пад'ездаў з боку вуліцы Грушэўскага таксама дзяжураць сотні актывістаў.
17:59 Украінская апазіцыя патрабуе ад Генпракуратуры агучыць прозвішчы ўсіх арыштаваных і зніклых без вестак актывістаў. Невядомы лёс 10 чалавек. Пра гэта заявіў лідэр парламенцкай фракцыі «Батькивщина» Арсеній Яцэнюк, піша «Корреспондент».
«Мы звяртаемся да генеральнага пракурора Украіны неадкладна зрабіць справаздачу аб колькасці арыштаваных, колькасці затрыманых, колькі людзей цяпер знаходзіцца ў шпіталях і пра тое, колькі за апошнія два тыдні было ва Украіне гвалтоўных смерцяў. Гэта - афіцыйны зварот», - заявіў Яцэнюк на брыфінгу ў Кіеве ў сераду.
У сваю чаргу лідэр ВА «Свабода» Алег Цягнібок, заявіў, што цяпер невядомы лёс «больш як 10 актывістаў еўрамайдану».
16:04 Былыя камандзіры спецпадраздзялення «Беркут» у Чарнавіцкай і Івана-Франкоўскай абласцях асудзілі дзеянні праваахоўнікаў пры разгоне мірнай акцыі на Майдане.
15:50 Алег Цягнібок паведаміў, што апазіцыя мерыцца павялічыць тэрыторыю вулічных акцый пратэсту і пачаць пікетаваць будынкі судоў, Міністэрства ўнутраных спраў і Генеральнай пракуратуры.
15:46 Мітынгоўцы на Майдане пачынаюць мірнае шэсце ў абарону арыштаваных актывістаў.
15:20 Удзельнікі акцыі пратэсту не здымуць аблогу адміністрацыйных будынкаў да таго часу, пакуль прэзідэнт Віктар Януковіч не выканае патрабаванні апазіцыі. Пра гэта народны дэпутат ад «Батькивщины» Сяргей Собалеў заявіў падчас брыфінгу ў Штабе нацыянальнага супраціву, паведамляе online.ua.
Ён падкрэсліў патрэбу фармавання ўрада нацыянальнага даверу, вяртання курсу дзяржавы на еўраінтэграцыю. «Гэта, фактычна, дакладны план выйсця з палітычнага крызісу, - сказаў дэпутат. - У выпадку, калі на працягу гэтых двух дзён Януковіч не прымае адпаведную пастанову, то мы маем наступны план: мы пераходзім ад дзённай акцыі пікетавання адміністрацыі прэзідэнта да 24-гадзіннай акцыі пікетавання ўрадавага квартала і ўтрымання ўсіх тых ключавых пунктаў, якія цяпер ёсць», - сказаў Собалеў.
Ключавое патрабаванне апазіцыі, са слоў парламэнтара, - устанавіць дату пазачарговых выбараў прэзідэнта Украіны.
13:52 Майдан Незалежнасці забарыкадаваны з усіх бакоў. З боку Хрышчаціка каля Дома прафзвязаў дарога перацятая металічнымі шчытамі і рэшткамі неўсталяванай гарадскімі ўладамі навагодняй ялінкі ды іншымі цяжкімі прадметамі.
На праезнай частцы Хрышчаціка на скрыжаванні з вуліцай Гарадзецкага таксама ўсталяваныя барыкады з металічных і драўляных канструкцый, а таксама рэшткаў елкі. Таксама на праезнай частцы ляжаць тры вялікія купы дроў, часткова са смеццем.
Забарыкадаваная і вул.Інстытуцкая ў раёне Майдана Незалежнасці, дзе знаходзіцца стэла незалежнасці. Там, акрамя шчытоў, дарога перацятая і вялізнымі драўлянымі скрынямі.
13:17 Дом урада цяпер пікетуюць блізу 6000 чалавек. Людзі ўсё падыходзіць да будынку Кабінета міністраў Украіны з боку Еўрапейскай плошчы, бо подступы з вуліцы Інстытуцкай перацятыя аўтобусамі. Мітынгоўцы сталі ў кола насупраць Кабміна, у сярэдзіне кола выступаюць актывісты, якія ў гучнамоўнік заклікаюць урад сысці ў адстаўку.
12:17 Шматтысячная калона мітынгоўцаў рушыла з Майдана да адміністрацыі Януковіча. Як паведамілі арганізатары, мэтай акцыі з'яўляецца ўзмацненне пікету, які сёння выстаўлены каля адміністрацыі прэзідэнта з боку вуліцы Лютэранскай.
Калона ідзе пад дзяржаўнымі сцягамі, мітынгоўцы скандуюць «Слава Украіне», «Героям Слава».
12:10 Лідэр «Удара» Віталь Клічко разам з жонкай Наталляй і братам Уладзімірам наведаў намётавы лагер на Майдане.
«Я ведаю, што кожны з нас змагаецца, змагаецца за сваю будучыню. Дэманструе сваю грамадзянскую пазіцыю. Вельмі добра і важна, калі да нас далучаюцца сябры, знаёмыя, сваякі. І я вельмі рады, што зараз тут са мной мой брат Уладзімір і мая жонка Наталля, - сказаў Віталь Клічко са сцэны Майдана. - Я перадаю слова Уладзіміру. Ён хацеў звярнуцца да вас на гэтай плошчы. Таму што брат падтрымлівае брата. Таму што брат за брата».
11:30 Стала вядома, што ўкраінская апазіцыя пачала блакаваць працу Вярхоўнай Рады і захапіла трыбуну.
«Відавочна, мы будзем блакаваць працу парламэнта, там няма з кім весці перамовы (уладай)», - заявіў намеснік старшыні «Бацькаўшчыны» Аляксандр Турчынаў. Каля трыбуны ўжо знаходзяцца да 10 дэпутатаў.
10:40 Колькасць людзей на Еўрамайдане павялічваецца, да прысутных далучыліся студэнты.
08:59 Пратэстоўцы скандуюць лозунг «Рэвалюцыя!» і заклікі да адстаўкі прэм'ер-міністра Мікалая Азарава. Пра гэта паведамляюць карыстальнікі сацыяльных сетак.
08:30 Ноч на Еўрамайдане ў Кіеве правялі блізу пяці тысяч чалавек. Пад кантроль удзельнікаў акцый пратэсту перайшлі яшчэ некаторыя будынкі ў цэнтры места. Пра гэта заявіў са сцэны камендант намётавага мястэчка Андрэй Парубій. Ён не ўдакладніў, якія менавіта гэта будынкі і ці дадзеныя яны добраахвотна альбо занятыя самімі прысутнымі, піша gazeta.ua.
Заблакаваць Кабінет міністраў раней заклікалі лідэры ўкраінскай апазіцыі. Яны імкнуцца перашкодзіць пасяджэнню ўрада, якое прызначана на 4 снежня. У планы апазіцыі ўваходзіць блакаванне ўсяго адміністрацыйнага квартала Кіева, у якім размешчаныя, акрамя Кабміна, Вярхоўная Рада і адміністрацыя прэзідэнта.
Пастанова пра блакаду ўрадавых будынкаў стала наступствам адмовы Вярхоўнай Рады прыняць пастанову аб адстаўцы ўрада. Для гэтага не выстарчыла галасоў. Пасля адхілення пастановы на Еўрамайдане была абвешчаная татальная мабілізацыя.
Галасаванне ў Вярхоўнай Радзе праходзіла пад скандаванне шматтысячнага мітынгу пратэстоўцаў ля муроў парламэнта. Пасля абвяшчэння вынікаў прамоўца на Майдане Незалежнасці, дзе транслявалася пасяджэнне, заклікаў усіх суграмадзян далучыцца да бестэрміновага мітынгу. Ужо пад тры гадзіны дня на мітынг на Майдан Незалежнасці ўчора выйшлі 50 тысяч чалавек.
Пад кантролем апазіцыі знаходзяцца шэраг адміністрацыйных будынкаў у цэнтры Кіева, у тым ліку мэрыя, Кастрычніцкі палац і некаторыя іншыя.