Баец «Беркута»: Звольнюся і пайду ў манастыр пасля ўсяго гэтага
73- 5.12.2013, 15:36
- 65,996
Супрацоўнік спецпадраздзялення ўкраінскай міліцыі паскардзіўся на стаўленне з боку звычайных людзей.
Журналісты «Комсомольской правды в Украине» сустрэлі Дзмітрыя Пярчынскага ў шпіталі МУС. Ён сцвярджае, што трапіў туды пасля сутыкненняў на вуліцы Банкавай у Кіеве, калі невядомыя правакатары спрабавалі ўзяць штурмам рэзідэнцыю Віктара Януковіча.
«Я баюся толькі Госпада Бога нашага. Пасля ўсіх гэтых падзей збіраюся сысці ў манастыр - хлопец кіўнуў на кнігу «Жыццё святых», якую трымае ў руках. - Гэта значыць, я і раней думаў, але цяпер дакладна. Так што хай звальняюць, мне ўсё роўна. Хто ведае праўду, таму не страшна».
Міліцыянт распавёў, што яго бацькам, якія жывуць у вёсцы, суседзі ўчынілі байкот з-за таго, што бачылі, як паводзяць сябе супрацоўнікі «Беркута».
«Крычаць маці ўсле: «Выгадавала звяругу», - распавядае ён. - Мама мне тэлефануе, плача, моліць кінуць гэтую працу. Ды я ўжо і без яе ведаю, што трэба кінуць. Набожным заўсёды быў, але думаў, што дабро павінна быць з кулакамі. Пайду ў манахі, добра, што яшчэ не ажаніўся. Дарэчы, нашы жонкі - таксама героі. Іх могуць забіць, а мы не паспеем устаць на абарону».
Дзмітрый Пярчынскі не хавае, што байцы «Беркута» праходзяць ідэалагічную падрыхтоўку перад «працай» на масавых акцыях.
«Гэта наш зампаліт, - паказвае ён. - Ну распавядае пра Еўропу. Што ва ўсіх краінах, якія ўвайшлі ў Еўразвяз, адразу пачаліся праблемы: барыкады, дэманстрацыі, мітынгі. Гэта значыць, калі мы туды ўвойдзем, адразу працы дадасца».
Акцыі пратэсту супраць зрыву еўраінтэграцыі праходзяць ва Украіне другі тыдзень. Актыўны ўдзел у іх бяруць і прадстаўнікі беларускіх апазіцыйных арганізацый. Пратэсты набылі масавы і бесперапынны характар пасля 30 лістапада, калі «Беркут» сілай зачысціў Майдан Незалежнасці ад мітынгоўцаў.
Ужо днём 30 лістапада тысячы ўкраінцаў самаарганізаваліся і выйшлі на Міхайлаўскую плошчу, каб выказаць свой пратэст супраць сілавога разгону мірнага мітынгу.
1 снежня ў Кіеве адбылося Народнае веча, арганізаванае апазіцыяй, на якое выйшла некалькі соцень тысяч чалавек. Пазней пратэстоўцы занялі частку будынка Кіеўскай гарадской адміністрацыі і Дом прафсаюзаў. У той жа дзень на вуліцы Банкавай каля адміністрацыі прэзідэнта адбылася сутычка паміж сілавікамі і невядомымі правакатарамі.
Пазаўчора Вярхоўнай Радзе Украіны не ўдалося адправіць у адстаўку ўрад, як таго патрабавала апазіцыя. У адказ дэманстранты заблакавалі яшчэ шэраг дзяржаўных устаноў, у тым ліку, рэзідэнцыю Януковіча.