25 лiстапада 2024, панядзелак, 8:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Валянцін Стэфановіч: У Беларусі з'явіўся яшчэ адзін палітвязень

8
Валянцін Стэфановіч: У Беларусі з'явіўся яшчэ адзін палітвязень

Прысуд Васілю Парфянкову праваабаронцы лічаць палітычна матываваным.

«Гэта працяг пераследу, які з'яўляецца следствам прысуду за яго ўдзел у пратэстнай акцыі ў 2010 годзе», - заявіў намеснік старшыні беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч у інтэрв'ю Deutsche Welle.

Ён нагадаў, што Васіль Парфянкоў быў актывістам штаба апазыцыйнага кандыдата Уладзіміра Някляева падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». Праваабаронцы прызналі Парфянкова палітвязнем пасля таго, як па абвінавачванні ва ўдзеле ў масавых беспарадках на плошчы Незалежнасці ў Менску ён быў асуджаны на 4 гады калоніі строгага рэжыму. У жніўні 2011 года, незадоўга да саміту «Усходняга партнёрства» ў Варшаве, актывіста памілавалі разам з некалькімі іншымі беларускімі палітвязнямі, якія адбываюць розныя тэрміны пакарання за ўдзел у пратэстах.

Па словах Стэфановіча, прэвентыўны нагляд за Парфянковым быў устаноўлены як за асобай, якая не жадае станавіцца на шлях выпраўлення. У 2011 годзе памілаваны прэзідэнтам актывіст узяў удзел у акцыі ў гадавіну падзеяў 19 снежня ў Менску і асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Валянцін Стэфановіч адзначыў, што судзімасць па артыкуле за невыкананне правілаў прэвентыўнага нагляду ў Парфянкова ўжо другая па ліку. У першы раз ён быў асуджаны па гэтым артыкуле на 6 месяцаў.

Праваабаронца паведаміў таксама, што нягледзячы на тое, што фармальна парушэнне мела месца, 5 снежня ў судзе Васіль Парфянкоў не прызнаў сваю віну і заявіў, што падобнае абмежаванне волі лічыць пераследам за палітычныя перакананні.

Абскарджанню не падлягае

На думку актывісткі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», праваабаронцы Юліі Сцяпанавай, што прысутнічала на судовым працэсе над Васілём Парфянковым, вынесены прысуд палітычна матываваны і несправядлівы. Год знаходжання ў калоніі строгага рэжыму яна лічыць неабгрунтавана суровай мерай пакарання.

Праваабаронца ўпэўненая, што абскардзіць вердыкт суда наўрад ці ўдасца, паколькі «суддзя толькі зачытаў матэрыялы следства і агучыў рашэнне, якое было прынята загадзя». У вачах уладаў грамадская актыўнасць Парфянкова выглядае рэцыдывам, заўважыла Сцяпанава.

У сваю чаргу Валянцін Стэфановіч паведаміў, што ад імя праваабарончага цэнтра «Вясна» рыхтуецца заява аб тым, што ў Беларусі з'явіўся яшчэ адзін палітвязень. «Спачатку свабоду Парфянкова абмежавалі прэвентыўным наглядам, а затым пакаралі за парушэнне гэтых правілаў», - кажа Стэфановіч. Ён перакананы, што сапраўднай мэтай уладаў было спыненне далейшай апазіцыйнай дзейнасці актывіста.

Па словах праваабаронцы, цяпер спіс беларускіх палітвязняў павялічыўся да 10 чалавек. Але Стэфановіч не выключае, што з дня на дзень за кратамі можа апынуцца яшчэ адзін удзельнік пратэстаў у Менску Уладзімір Яроменак, які знаходзіцца пад наглядам міліцыі і асуджаны яшчэ ў жніўні за невыкананне правілаў прэвентыўнага нагляду на 3 месяцы.

5 снежня беларускія праваахоўныя органы вынеслі папярэджанне аб магчымым узмацненні жорсткасці прэвентыўнага нагляду былому палітвязню Змітру Дашкевічу. У сувязі з гэтым праваабаронцы выказалі занепакоенасць, што пераслед па палітычных матывах у Беларусі не спыняецца, і колькасць палітычных вязняў можа стаць яшчэ больш.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках