«Беркут» захапіў тэлецэнтр у Кіеве
32- 7.12.2013, 10:48
- 50,590
(абноўлена - 11:37) Супрацоўнікі міліцыі і спецпадраздзялення «Беркут» занялі тэлецэнтр у Кіеве.
Пра гэта паведаміў журналіст радыё «Эра» Аляксандр Завадзько, які знаходзіцца ўнутры будынка. З ягоных слоў, на тэрыторыі тэлецэнтра стаяць тры аўтамабілі і адзін аўтобус міліцыі, а таксама два аўтобусы і адзін мікрааўтобус з работнікамі спецпадраздзялення «Беркут». Сілавікі пакуль ходзяць вакол будынка, піша «Корреспондент».
Журналісты паведамляюць, што «захоп пачаўся яшчэ з 20:00», а праваахоўнікаў, відавочна, выклікалі на трывогу, бо яны бегучы надзяюць бронекамізэлькі і выглядаюць, нібы толькі што прачнуліся.
Паведамляецца, што вежу «захапілі для правядзення тэлемарафона, запланаванага на заўтра». Зрэшты, дэталі мерапрыемства пакуль не вядомыя. Ужо скліканыя эфірныя групы.
Са слоў журналістаў, мясцовая ахова занепакоеная, на ўваходзе правярае пасведчанне нават у тых, каго добра ведае.
У прэс-службе кіеўскай міліцыі паведамілі, што тэлецэнтр ачэплены «Беркутам» у сувязі з засцярогай захопу яго ўдзельнікамі акцый пратэсту, піша Інтэрфакс-Украіна».
«У сувязі з асобнымі намерамі мітынгоўцаў пайсці ў бок тэлевышкі і заблакаваць яе, будынак тэлецэнтра таксама ўзяты пад узмоцненую ахову супрацоўнікамі міліцыі», - растлумачылі ў міліцыі.
У тэлецэнтры ў суботу праводзяць тэлемарафон «Адкрытая студыя», на які запрашаюцца міністры. На ім ужо ў ліку першых выступіў кіраўнік Мінэкалогіі Алег Праскуракоў.
Тэлецэнтр знаходзіцца за межамі цэнтра сталіцы.
Нагадаем, як стала вядома ўчора ўвечары, прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч 6 снежня зрабіў прыпынак у горадзе Сочы па дарозе з Кітая дадому і сустрэўся з Уладзімірам Пуціным. Стораны, у прыватнасці, гаварылі аб падрыхтоўцы будучай дамовы аб стратэгічным партнёрстве. Як паведаміў у сваім блогу рэдактар часопіса The Economist Эдвард Лукас, Януковіч паабяцаў Пуціну, што Украіна ўступіць у Мытны саюз.
У сувязі з гэтым, на думку брытанскага журналіста, чакаюцца дэманстратыўныя паводзіны з боку прэзідэнта Расеі з гэтай нагоды і вельмі жорсткая рэакцыя (разгон, увядзенне надзвычайнага становішча) ва Украіне.
Фота: cultkiev.com