23 снежня 2024, панядзелак, 22:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ахвяры новых санкцый ЗША: хто ёсць хто?

5
Ахвяры новых санкцый ЗША: хто ёсць хто?

Беларуса Юрыя Чарняўскага абвінавачваюць у продажы зброі Ірану і кантрабандзе наркотыкаў.

Кампанія TM Services

Чарняўскага называюць заснавальнікам TM Services - беларускай кампаніі, якая трапіла пад новыя санкцыі ЗША. У пастанове дзярждэпартамента яны абвінавачваюцца ў парушэнні амерыканскага закона аб нераспаўсюджванні зброі масавага знішчэння ў дачыненні да Ірана, Паўночнай Карэі і Сірыі, нагадвае «Радыё Свабода».

Паводле інфармацыі рэсурсу Arab Times Online, Юры Чарняўскі можа быць ключавой фігурай у крымінальнай структуры бізнэсоўцаў з былога Савецкага Саюзу. Структура займаецца адмываннем грошай і наркатрафікам. Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі — элітнае вайсковае фармаванне Ірану — падтрымлівае яе, каб пераадольваць фінансавыя праблемы, якія ўзніклі ў выніку міжнародных санкцый.

Паводле гэтага англамоўнага кувэйцкага выдання, бізнэсмэны з Беларусі і Ўкраіны маюць кампаніі ў Іране, а таксама ў іншых краінах Пэрсідскай затокі. Праз гэтыя фірмы яны наладжваюць кантакты зь іншымі кампаніямі, у тым ліку і ў Еўропе.

24 снежня 2009 году Чарняўскі быў затрыманы ў аэрапорце Бахрэйна з 500 грамамі какаіну. Мяркуецца, што ён накіроўваўся з Індыі ў Саудаўскую Арабію. Спачатку Чарняўскі прызнаўся ў кантрабандзе наркотыкаў, але пазней, як паведамляе выданне, адмовіўся ад сваіх словаў.

Суд над Чарняўскім меўся адбыцца 12 траўня 2010 году. Ці адбыўся ён, невядома. Аднак журналісты кувэйцкага выдання сьцвярджаюць, што Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі Ірана рабіў усё магчымае, каб вызваліць Чарняўскага, перш чым той прызнаецца, што шмат гадоў удзельнічаў у адмыванні грошай і кантрабандзе наркотыкаў на карысць Корпусу.

Чарняўскі быў на волі ў 2011 годзе, што пацвярджаюць журналісты Reuters. Два гады таму TM Services ізноў трапіла пад пільную ўвагу службаў бяспекі ААН. Reuters пісала тады, што «Беларусь робіцца ключавым элементам у спробах Ірану развіваць уласную сістэму ракет «зямля-зямля», ядзерны патэнцыял, асабліва ў галіне прадуктаў навігацыі і кіравання, якія характарызуюцца як прадукты падвойнага прызначэння».

Паводле Reuters, Чарняўскі праз TM Services спрабаваў купіць у расейскай кампаніі «Оптолинк» адпаведныя тэхналогіі, каб прадаць іх Ірану. У размове з журналістамі Reuters Чарняўскі адмаўляў любыя кантакты з Іранам. А вось дырэктар «Оптолинк» Юры Каркішка ў той жа час паведаміў, што Чарняўскі спрабаваў купіць у іх інерцыйную вымяральную прыладу, нібыта для патрэбаў БНТУ. Гэта ключавы кампанент для кіраваных ракет, а таксама самалётаў, караблёў і касмічных апаратаў.

TM Services мае англамоўны сайт, на якім сярод іншага прапануе беспілотныя лятальныя апараты і сістэмы кіравання імі, сістэмы навігацыі, спадарожнікавыя сістэмы, нанаматэрыялы, аптычнае і лазэрнае абсталяванне.

Паводле сайту, кампанія размяшчаецца ў Менску на Першамайскай вуліцы. Аднак калі мы паспрабавалі патэлефанаваць па нумарах, пазначаных у кантактах, нам адказалі, што цяпер там кампанія «Сіт груп». «Мы да санкцыяў ні пры чым, — адказвае на нашае пытаньне мужчынскі голас. — Можа, калісьці тут і быў «Сэрвісіз», а цяпер тут «Сіт груп».

«Оптолинк», хоць і значыцца ў партнёрах TM Services на іхным сайце, цяперашняе партнёрства адмаўляе. Кажуць, было калісьці даўно, цяпер не супрацоўнічаюць. Гэтаксама не згадалі супрацоўніцтва з TM Services на ўкраінскім прадпрыемстве «Арсэнал», якое спецыялізуецца на вытворчасці навігацыйных сістэмаў, сістэмаў арыентавання і нацэльвання ракетна-касмічнай тэхнікі, інфрачырвоных галовак саманавядзеньня для ракет класаў «зямля-паветра», «паветра-паветра».

Кампанія КБ «Радар»

КБ «Радар» — другая беларуская кампанія, якая падпала пад новыя амерыканскія санкцыі. Яна таксама абвінавачваецца ў парушэнні палажэнняў амерыканскага закону аб нераспаўсюджванні зброі масавага знішчэння ў дачыненні да Ірану, Паўночнай Карэі і Сірыі.

«Мы нічога ня будзем каментаваць наконт гэтага», — сказалі ў прыёмнай прадпрыемства.

Паводле пастановы дзярждэпартаменту ЗША, пад санкцыі падпадаюць і даччыныя кампаніі «Радара», а гэта ТАА «Алевкурп» і ТАА «Волатаўто».

«Пару гадоў таму ў «Радара» была нібыта спроба заключыць кантракт з Іранам на пастаўку радыёлакацыйных станцыяў агляду паветранай прасторы, — апавядае Аляксандар Фірсакоў, вядучы навуковы супрацоўнік ТАА «Алевкурп». — Максімум год таму. Але тады ім сказалі, што Іран пад санкцыямі ААН, таму кантакты з ім «адставіць». «Радар» добрасумленна сказаў «ёсць» — і ўсё».

Ёсць у Фірсакова свае меркаванні, чаму «Радар» мог трапіць пад санкцыі: «Была інфармацыя, што кіраванне беспілотнікам, які іранцы прызямлілі, парушылі праз радыёэлектроннае падаўленне навігацыйных спадарожнікавых сістэмаў, — разважае ён. — А «Радар» якраз піша на сайце, што яны сістэмы па падаўленні gps робяць».

Іран паведаміў пра захоп амерыканскага беспілотніка 4 снежня 2012 году. ЗША спачатку адмаўлялі гэты факт, але пазней Іран прадэманстраваў свой трафей.

Фірсакоў сцвярджае, што іхнае «прадпрыемства ня мела і ня мае кантактаў з Іранам». «Мы робім асобныя фрагменты для зэнітна-ракетнай зброі. Але чыста абарончага значэння, — кажа ён. — Але гэта не завершаныя ўзоры».

«Рашэнне Дзярждэпартаменту выклікае неўразуменне, — кажа Фірсакоў. — «Радар» нас не ствараў, мы толькі ўвайшлі ў холдынг. І ракетамі нашае прадпрыемства не займаецца. Забаўна, што і «Радар» не займаецца ані зброяй масавага знішчэння, ані крылатымі балістычнымі ракетамі».

Паводле старшага навуковага супрацоўніка «Алевкурпа», «ніякіх замоваў ад ураду ЗША мы ня маем і нічога там не купляем. Партнёры нашыя ўсе ў Расеі».

«Я ня думаю, што Расея будзе нейкім чынам выконваць рашэнні Дзярждэпу ЗША. Яны ведаюць, што мы «не кантачым» з Іранам. І нашыя распрацоўкі ня тычацца зброі масавага знішчэння», — падсумоўвае Фірсакоў.

Як пішуць на сайце кампаніі, «Радар» быў створаны ў 1974 годзе для «вырашэння задач радыёлакацыйнага распазнавання».

У 2011 годзе быў створаны холдынг «ТАА КБ Радар», ягонымі ўдзельнікамі сталі ТАА «Алевкурп» і ТАА «Волатаўто», якія таксама падпалі пад санкцыі.

МЗС РБ назваў санкцыі ЗША «аднабаковымі»: «Гэта звычайная практыка Злучаных Штатаў Амерыкі, і ў гэтым для нас няма нічога новага. Таму, мы проста прынялі гэтае рашэнне да ведама», — паведамляе МЗС РБ.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках