Міліцыя: Бел-чырвона-белы сцяг не забаронены
32- 14.02.2013, 17:47
Такі адказ атрымаў гомельскі актывіст на сваю скаргу пра тэлефонны тэрарызм.
Да 150-годдзя паўстання Кастуся Каліноўскага вядомы гомельскі апазіцыянер Кастусь Жукоўскі вывесіў на сваім прыватным доме бел-чырвона-белы сцяг. І назаўтра яму сталі паступаць званкі з пагрозамі: не здымеш сцяг - сядзеш на 15 сутак, піша «Комсомольская правда в Беларуси».
Кастусь тут жа напісаў заяву ў міліцыю з просьбай правесці праверку і знайсці тэлефоннага тэрарыста. Яшчэ ў сваёй заяве ён пытаўся, чаму бел-чырвона-белы сцяг забараняюць, а так званаму славянскаму братэрству дазваляюць хадзіць па горадзе з незарэгістраванымі імперскімі сцягамі.
- Бел-чырвона-белы сцяг не занесены ў спіс забароненай сімволікі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, - адказаў начальнік АУС Цэнтральнага раёна Гомеля, ад якога актывісту прыйшоў адказ.
Дарэчы, наконт тэлефонных званкоў гамельчуку адказалі так: «Званкі ажыццяўляліся з таксафонаў, таму ўстанавіць асобу не прадставілася магчымым».
- Але ж тых, хто перадае з таксафонаў аб ілжывым мінаванні будынкаў, міліцыя паспяхова знаходзіць, - адзначыў актывіст.