42 тысячы беларусаў атрымалі «карту паляка»
82- 18.02.2013, 17:03
Гэтую лічбу назвала Міністэрства замежных спраў Польшчы.
Грамадзяне Беларусі займаюць другое месца сярод замежнікаў па колькасці чалавек, якія атрымалі «карту паляка», з моманту яе ўвядзення ў 2008 годзе.
За гэты перыяд беларусы атрымалі 42 тысячы такіх карт. На першым месцы ўкраінцы, якія атрымалі каля 46 тысяч «карт паляка». Грамадзянам Расеі было выдадзена 2,7 тысяч, піша УНІАН.
У паведамленні таксама адзначаецца, што ў 2012 годзе выдача «карт паляка» ў краінах - усходніх суседзях Польшчы паменшылася да 20 тыс. з 25 тыс. годам раней.
У МЗС Польшчы паведамілі, што больш за ўсё заявак на атрыманне карты, якая дае магчымасць яе ўладальнікам атрымліваць бясплатную візу ў Польшчу, працаваць у краіне на такіх жа правах, як палякі, і карыстацца шэрагам іншых льгот, польскія консульствы атрымалі ў 2009 годзе.