24 лiстапада 2024, Нядзеля, 17:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барацьба з карупцыяй па-беларуску: страх і прапаганда

32
Барацьба з карупцыяй па-беларуску: страх і прапаганда

У Беларусі рэгулярна, з перыядычнасцю раз на два тыдні, абвяшчаецца пра злаўленне высокапастаўленых чыноўнікаў, якія запусцілі руку ў дзяржаўную кішэню.

Аналітыкі заяўляюць аднак, што барацьба з карупцыяй па-беларуску плённая толькі як ўнутрыпалітычная прапаганда, перадае ВВС.

Судовыя разгляды цяпер вядуцца ў дачыненні да былога намесніка міністра МУС Яўгена Полудня і экс-начальніка сакратарыята вышэйшай палаты «парламэнта» Глеба Бядрыцкага.

Абодва абвінавачваюцца ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў: Бядрыцкі - у крадзяжы дзяржсродкаў, Полудзень - у атрыманні дарункаў ад дзяржчыноўнікаў. Працэсы, паводле ўсталяванай практыкі, праходзяць у закрытым рэжыме.

У выніку праверак мінулага года заведзеныя 87 крымінальных спраў за парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства, 21 чыноўнік пазбавіўся пасады, паведаміў на нядаўняй прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук. Агульная колькасць антыкарупцыйных праверак - 636 за год - сведчыць аб тым, што карупцыянераў у краіне шукаюць штодзень.

«Мяркуючы з лічбаў раскрытых злачынстваў і інтэнсіўнасці барацьбы, карупцыю ў невялікай Беларусі мы павінны былі зліквідаваць максімум за пяць гадоў. Але мы з'яўляемся сведкамі зараджэння кланавай сістэмы, у якую спрабуюць не дапусціць чужынцаў і паказальна асадзіць канкурэнтаў», - упэўнены Андрэй Бандарэнка, кіраўнік пазбаўленай афіцыйнага статусу арганізацыі «Платформа», якая абараняе правы зняволеных.

Схаваныя акалічнасці

Паводле звестак «Платформы», траціна пакараных у месцах пазбаўлення волі асуджаныя паводле эканамічных артыкулаў.

Лідар «Платформы» Бандарэнка сам правёў за кратамі больш за год, але дамогся прызнання сябе невінаватым паводле прысуду, што асудзіў яго на сем гадоў узмоцненага рэжыму.

У тэксце прысуду, які захоўвае Бандарэнка, ягоная віна пазначаная так: «ажыццяўляючы сваю злачынную дзейнасць, атрымаў нявызначаныя сумы грошай ад нявыяўленых службовых асоб і нявыяўленых грамадзян з прыбалтыйскіх рэспублік, а таксама ад іншых асоб, нявыяўленых як у часе папярэдняга расследавання, так і ў судовым пасяджэнні».

Падобныя «схаваныя» акалічнасці на мінулым тыдні на 14 гадоў адправілі ў турму экс-намесніка старшыні Менскага гарвыканкама Ігара Васільева.

«У Васільева дзіўная гісторыя. Бо хабару фактычна не было. Былі аператыўныя звесткі пра жаданне ўзяць хабар», - адзначае крымінальны аналітык Віктар Федаровіч.

Судовы разбор, пачаўшыся публічна, быў закрыты. «На гэтым працэсе абвяшчаліся сакрэтныя дакументы, якія рэгламентуюць службовую дзейнасць», - патлумачыў намеснік генпракурора Аляксей Стук.

Паводле звестак, што пратачыліся ў прэсу, палову «жаданага» Васільевым хабару - 250 тысяч даляраў - даставілі ў кабінет чыноўніка з спецфонду КДБ. А кайданкі надзелі да таго, як Васільеў «падарунак» выявіў.

Хабар па-беларуску

Сума хабару, які інкрымінуецца Васільеву (у агульнай суме чыноўнік, як сцвярджаюць суда і следства, патрабаваў ад чэшскіх інвестараў 500 тыс даляраў), увайшоў у тройку самых вялікіх вымагальніцтваў у гісторыі суверэннай Беларусі.

Хабарадавальнікамі ва ўсіх гэтых выпадках ды іншых эпізодах з сумамі меншымі, але значнымі, выступалі замежнікі.

«У Беларусі не развіты бізнэс, вялікія хабару нашы даць не могуць. Нашым чыноўнікам прыйдзецца кепска, калі сюды са сваімі магчымасцямі прыйдуць расейскія алігархі», - заўважае аналітык Віктар Федаровіч.

Беларускія чыноўнікі часцей бяруць будматэрыяламі, зямельнымі надзеламі, кватэрамі, лецішчамі ды іншай маёмасцю, якая пры выкрыцці звяртаецца на карысць дзяржавы.

Менавіта на прасторнай кватэры з падземным гаражом, набытай заніжаным коштам у цэнтры беларускай сталіцы, «спёкся» пракурор Менскай вобласці Міхаіл Снягір, які выйшаў на волю на пачатку лютага, раней за прызначаны судом у 2010 годзе сямігадовы тэрмін.

Публічную і паказальную лупцоўку пракурору зладзіў сам прэзідэнт Лукашэнка.

Справа аб «шпакоўні»

Нарады ў Лукашэнкі апошнім часам усё часцей сканчаюцца выкрыццём службовых асоб, што карысліва паквапіліся на дзяржаўную кішэню і беларускія законы.

Пасля жорсткай крытыкі кіраўніцтва спартовай галіны, напрыклад, Лукашэнка распарадзіўся старанна разабрацца з будаўніцтвам асабістых аб'ектаў нерухомасці правінавачаных на ніве спорту чыноўнікаў. І следчыя за пару месяцаў «накалупалі» на гісторыю, што прэтэндуе на развіццё ідэі Уладзіміра Пуціна «пляжыць у прыбіральні».

Увесь апошні тыдзень, услед за ўпаўнаважанымі асобамі, рэпарцёры шукалі ў ваколіцах Менска «шпакоўні» - дваровыя прыбіральні, якія, паводле звестак галоўнай управы барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС, праз ланцужок прадаўцоў-атрымальнікаў «дапялі» да прысядзібных надзелаў экс-міністра спорту і адстаўнога памочніка прэзідэнта ў пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму.

Кошт «хітрых дамкоў», паводле звестак следства, - блізу 1200 даляраў кожны.

Крымінальная справа аба нямэтавых пастаўках дарагіх туалетаў пакуль распачатая толькі ў дачыненні да вытворцаў, але, паводле звестак выдання «Ежедневник», што спецыялізуецца на расследаваннях, пра пікантную сітуацыю паведамлена кіраўніку дзяржавы.

«Так кожнага чыноўніка бяры, правярай ягоны катэдж ці лецішча - і можна смела пачынаць крымінальную справу паводле прыкмет таго, што яны ў асабістых мэтах карысталіся паслугамі дзяржструктур, злоўжывалі службовымі паўнамоцтвамі, карысталіся карупцыйнымі схемамі», - кажа Алег Воўчак, кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву».

«Іншая рэч, што правяраюць не ўсіх, ёсць невялікая, але трывалая каста недатыкальных, - заўважае Воўчак. - А выкрыццём іншых ўлада паказвае чыноўнікам, што кожны іх незаконны цвік і «шпакоўня» на ўліку. Насельніцтву пры гэтым паўтараецца: улада справядлівая і змагаецца за справядлівасць».

«Воля даражэйшая»

Аляксандр Лукашэнка дамогся народнага прызнання менавіта як змагар з карупцыяй, нагадваюць эксперты. Яшчэ будучы дэпутатам парламента, дырэктар саўгаса Лукашэнка выступіў з антыкарупцыйным дакладам, надрукаваць які не наважыліся афіцыйныя газеты.

Народная пагалоска абярнула ў показку скрыню цвікоў, якую, згодна з дакладам Лукашэнкі, тагачасны кіраўнік парламэнта Станіслаў Шушкевіч незаконна здабыў для будаўніцтва лецішча.

Стаўшы прэзідэнтам, Лукашэнка перыядычна дэманстраваў вернасць абранаму антыкарупцыйнай курсе. Але «выкрытыя» ўладай у канцы 1990-х і пачатку 2000-х высокія чыноўнікі больш не вярталіся ва ўладу.

Экс-міністр сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, на якога ўпершыню ў беларускай практыцы надзелі кайданкі пад прыцэлам тэлекамер у службовым кабінеце, пасля турмы сышоў у апазіцыю. Кіраўнік Нацбанка Тамара Віннікава загадкавым чынам збегла з-пад аховы КДБ і атабарылася ў Вялікабрытаніі.

Дырэктар менскага завода лядоўняў Леанід Калугін, які прэтэндаваў на пасаду прэзідэнта ў 2001 годзе і перажыў арышт паводле карупцыйных абвінавачванняў, сышоў у манастыр...

Цяпер выкрытыя карупцыянеры могуць застацца ў звыклым для сябе побыце і нават вярнуцца на кіраўнічыя пасады, калі скарыстаюцца парадай Лукашэнкі, якая апошнімі гадамі паўтараецца з зайздроснай рэгулярнасцю.

«У вас яшчэ ёсць невялікі прамежак часу, пакуль да вас не прыйшлі, неадкладна кампэнсаваць усе, што, барані бог, вы выпадкова паклалі ў сваю кішэню ці далі сваім сваякам. Я вас катэгарычна папярэджваю! Лепш удвая больш заплаціце, воля даражэйшая», - зноў нагадаў беларускі правадыр, выкрыўшы ў карупцыі і безгаспадарчасці апарат уласнага Кіраўніцтва спраў.

Асаблівасці кадравага рэестра

На адной з прэс-канферэнцый Лукашэнка пахваліў цяперашняга дырэктара менскага аўтазавода Аляксандра Бароўскага, іранічна заўважыўшы, што варта «чальцоў урада праз астрог прапускаць, каб так працавалі».

Бароўскі быў кіраўніком «Белнафтахіма», калі ў 2007 годзе быў затрыманы і амаль праз год следства асуджаны на пяць гадоў паводле абвінавачвання ў крадзяжы і злоўжыванні службовым становішчам. Суд забараніў Бароўскаму яшчэ тры гады пасля вызвалення займаць кіраўнічыя пасады на прадпрыемствах і ў дзяржаўных арганізацыях, але праз паўтары гады пасля арышту асуджаны быў памілаваны Лукашэнкам, а затым і прызначаны гендырэктарам менскага аўтазавода.

Ці выплаціў Бароўскі «пакаянную» суму, дакладна не вядома. Але кіраўнік арганізацыі «Платформа» Андрэй Бандарэнка сцвярджае, што ў месцах пазбаўлення волі сам сустракаўся з двума экс-дырэктарамі, якім прапаноўвалі ўмоўна-датэрміновае вызваленне з умовай вярнуцца да кіраўніцтва стратнымі прадпрыемствамі.

«У краіне кадравы голад. Браць на сябе небяспечную адказнасць за стратны калгас або завод занадта мала ахвотных», - заўважае Бандарэнка.

У кадравым рэестры значных дзяржаўных пасад, паводле звестак аналітыка Віктара Федаровіча, блізу тысячы чыноўнікаў, і «новыя» людзі запас практычна не папаўняюць.

Экспэрты сцвярджаюць, што Лукашэнку выгадныя чыноўнікі «з багажом кампрамату» - такімі лягчэй кіраваць.

«А чаму пры ўсіх у дачыненні да іх рэпрэсіях ісці ў чыноўнікі і цішком красці не баяцца - загадка чалавечай псіхікі. Вялікае жаданне зрабіць кар'еру і ад кар'еры нешта займець, ведаючы, што даволі хутка прыйдзецца сысці або «сыдуць». З маіх назіранняў, колькасць карупцыйных злачынстваў апошнімі гадамі ў краіне знізілася, але прыкметна павялічылася «якасць» - пайшла хваля выкрыццяў вельмі высокіх пасадамі асоб», - заўважае Віктар Федаровіч.

Чарговы карупцыйны скандал разгараецца вакол высокапастаўленых вайскоўцаў: паводле паведамленняў прэсы, Следчы камітэт правярае звесткі аб вымагальніцтве буйнога хабару для службовых асоб беларускага міністэрства абароны.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках