28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ежы Памяноўскі: Беларусь - у прыярытэтах

Ежы Памяноўскі: Беларусь - у прыярытэтах

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ежы Памяноўскі прэзентаваў Еўрапейскі фонд у падтрымку дэмакратыі.

На мерапрыемства, якое было арганізаванае польскім Фондам міжнароднай салідарнасці і якое прайшло ў варшаўскім Фондзе Стэфана Баторыя, былі запрошаныя прадстаўнікі грамадскіх арганізацый з розных краін.

Як паведамляе карэспандэнт charter97.org, аб стварэнні новага фонду распавёў Ежы Памяноўскі, які стаў выканаўчым дырэктарам Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі і прэзідэнт Фонду міжнароднай салідарнасці Кшыштаф Станоўскі.

У першую чаргу, Памяноўскі адзначыў, што Еўракамісія супольна з шэрагам краін ЕЗ і Швайцарыяй заснавала новы фонд падтрымкі дэмакратыі ў краінах-суседзях ЕЗ пасля здушэння ў Беларусі 19 снежня 2010 году масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і падзей «арабскай вясны». З такой ініцыятывай у студзені 2011 года выступіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

«Хачу падзякаваць усім дзяржавам, якія падтрымалі стварэнне Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі. Праблем, пярэчанняў, розных суровых каментарыяў было шмат. Аднымі з найцяжэйшых партнёраў для пераканання былі нямецкія палітычныя фонды.

9 снежня я быў абраны на пасаду выканаўчага дырэктара фонду, але яшчэ выконваю функцыі віцэ-міністра. Сёння я размаўляю з вамі без пасярэднікаў - тут няма ўрадавых партнёраў. Індывідуальны характар фонду ў розных аспектах будзе бачны, калі пачнём гаварыць падрабязна аб механізме, які мы стварылі - гэта зліццё агню і вады, розных процілеглых форм кіравання, функцыянавання і нават спосабаў фінансавання.

Палітычная філасофія скарачаецца да адной фразы: «Дэмакратыю нельга экспартаваць». Ніводзін пратэст, ніводны замежны ўдзел не змяніў сітуацыі ў якой-небудзь краіне, якая пакутавала ад дэфіцыту дэмакратыі. Дэмакратыя і дэмакратызацыя павінны быць атрыманыя ўнутраным імпульсам людзей, якія хочуць зменаў у сваёй краіне. І толькі тады будзе адчувальная дапамога вонкавага партнёра. Ніхто і ніколі не павінен быць ізаляваны, мы заўсёды працягнем руку дапамогі», - сказаў выканаўчы дырэктар Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі.

Прыярытэтам новастворанага фонду стане фінансаванне незарэгістраваных арганізацый.

«Таму што ў іх няма шанцаў быць зарэгістраванымі. У Егіпце арганізацыі могуць рэгістравацца, але гэта працэс доўгатэрміновы і не заўсёды сканчаецца паспяхова. І ў Беларусі мноства арганізацый не маюць шанцаў быць зарэгістраванымі. І ёсць структуры, якія не хочуць рэгістравацца за мяжой. Мы будзем выкарыстоўваць досвед Польшчы, вучыцца на памылках іншых арганізацый, выбіраць найбольш паспяховыя арганізацыі», - сказаў Памяноўскі.

Еўрапейскі фонд падтрымкі дэмакратыі будзе выдзяляць дапамогу журналістам, блогерам, незарэгістраваным НДА, а таксама палітычным рухам, у тым ліку тым, якія знаходзяцца ў выгнанні. Фонд арыентаваны на падтрымку дэмакратычных рухаў у Беларусі, Алжыры, Арменіі, Азербайджане, Егіпце, Грузіі, Ярданіі, Ліване, Лібіі, Марока, Малдове, Сірыі, Украіне, а таксама ў Палестыне.

«Калі гаварыць пра Беларусь, то відавочна, Беларусь будзе бясспрэчным прыярытэтам нашага фонду. Фонд і праз мяне, і праз Польшчу будзе пазітыўна зараджаны Беларуссю», - адзначыў выканаўчы дырэктар Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках