27 снежня 2024, Пятніца, 9:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Васіль Парфянкоў - на волі

50
Васіль Парфянкоў - на волі

Палітвязень выйшаў з Баранавіцкага следчага ізалятара.

Адразу пасля выхаду з турмы Васіль Парфянкоў адказаў на пытанні сайта charter97.org.

Свой арышт і прысуд актывіст апазіцыі назваў палітычна матываванымі.

«Я мяркую, што гэтым арыштам ўлады адпомсцілі мне за чынную палітычную дзейнасць. Яны разлічвалі, што пасля выхаду з турмы, дзе я адбываў тэрмін за ўдзел у Плошчы, я пакіну хадзіць на акцыі і ўдзельнічаць у дзеяннях апазіцыі. Але гэтага не адбылося, таму зноў кінулі за краты, выкарыстаўшы парушэнне нагляду ў якасці падставы», - заявіў палітвязень.

Васіль Парфянкоў не ўпэўнены ў тым, што яму дадуць спакойна працягваць палітычную дзейнасць.

«Па-першае, я па-ранейшаму застаюся пад наглядам, за парушэнне якога мяне могуць зноў пасадзіць у астрог. Па-другое, у нашай краіне ніхто не застрахаваны ад арышту, кожнага чалавека, нязгоднага з рэжымам, могуць кінуць за краты ў кожны час», - адзначыў ён.

Васіль Парфянкоў упэўнены, што заходнім краінам трэба ўзмацніць ціск на дыктатара, каб дамагчыся вызвалення іншых палітвязняў і спынення рэпрэсій.

«Палітвязні будуць сядзець у турмах датуль, пакуль рэжым будзе разлічваць на дыялог з Еўропай. Таму ніякіх перамоў і торгу з дыктатарам быць не павінна. Патрэбныя рэальныя санкцыі і ўзмацненне ціску», - сказаў Васіль Парфянкоў.

Палітвязень распавёў, што ў пэўныя дні ён атрымліваў некалькі сотняў лістоў як з Беларусі, так і з-за мяжы, і падзякаваў за падтрымку і салідарнасць. Таксама ён заявіў, што не мерыцца спыняць палітычную дзейнасць.

Нагадаем, Васіль Парфянкоў быў першым асуджаным у справе аб пратэстах апазіцыі 19 снежня 2010. У лютым 2011 года яго асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму. У жніўні Парфянкоў быў памілаваны ўказам Лукашэнкі.

У студзені 2012 года ў дачыненні да яго ўсталявалі прафілактычны нагляд, а ў красавіку Следчы камітэт Першамайскага раёна Менска распачаў супраць былога палітвязня новую крымінальную справу - за парушэнне ўмоў прафілактычнага нагляду.

Паводле версіі праваахоўных органаў, Парфянкоў парушыў парадак выканання ўмоў прэвентыўнага нагляду, у прыватнасці, адсутнічаў на месцы жыхарства без уважнай прычыны, за што двойчы на працягу года атрымліваў адміністрацыйнае спагнанне. Парфянкоў растлумачыў, што выходзіў з дому ў краму на некалькі хвілін, каб купіць прадуктаў.

29 траўня суд Першамайскага раёна Менска прызнаў Парфянкова вінаватым у парушэнні ўмоў прафілактычнага нагляду і прысудзіў да 6 месяцаў арышту. 24 ліпеня Менскі гарадскі суд пакінуў прысуд у дзеянні.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках