28 снежня 2024, Субота, 15:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шведскія праваабаронцы: Не паддавайцеся ціску лузэра Лукашэнкі

8
Шведскія праваабаронцы: Не паддавайцеся ціску лузэра Лукашэнкі

Краінам ЕЗ неабходная мэтанакіраваная, адзіная, арыентаваная на дэмакратычныя каштоўнасці пазіцыя ў дачыненні да Беларусі.

Ужо больш за паўгода прайшло з моманту, як разгарэўся шведска-беларускі дыпламатычны канфлікт, а афіцыйны Стакгольм, вядомы сваімі рэзкімі заявамі ў адрас беларускага рэжыму, захоўвае маўчанне.

Чаму не чуваць Карла Більта - папулярнага ў колах ЕЗ крытыка Лукашэнкі? Як павінны падтрымліваць адзін аднаго еўрапейцы ў мерах, якія прымаюцца супраць беларускай дыктатуры? Такія пытанні на старонках выдання Svenska Dagbladet ставіць вядомы шведскі праваабаронца, кіраўнік Östgruppen Марцін Угла, паведамляе «Радыё Свабода».

Ён адзначае, што адразу пасля беларускіх прэзідэнцкіх выбараў 2010 года міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт быў адным з тых еўрапейскіх палітыкаў, якія рэзка асудзілі парушэнні правоў чалавека з боку беларускага рэжыму.

Разам з трыма калегамі з ЕЗ кіраўнік шведскага знешнепалітычнага ведамства напісаў для New York Times артыкул «Лукашэнка - лузэр», які выклікаў шырокі рэзананс як у палітычных колах, так і сярод шырокай грамадскасці. Аўтары адзначалі, што беларускі кіраўнік не выканаў сваіх ранейшых абяцанняў аб дэмакратызацыі, што адносіны паміж Еўразвязам і Менскам павінны, такім чынам, сысці на не. Аўтары бачылі сваю задачу ў тым, каб падтрымаць тых, хто працуе для развіцця дэмакратыі ў Беларусі. «Еўропа не будзе нямой», - гаварылася ў публікацыі.

На працягу 2011 і першай паловы 2012 года Карл Більт не раз выступаў з рэзкай крытыкай рэжыму Лукашэнкі. Ён сустракаўся з вядомымі беларускімі апазіцыйнымі палітыкамі і праваабаронцамі, публічна падтрымліваў іх. Швецыя стала маторам новай, больш прынцыповай еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да афіцыйнага Менска.

Калі вядомы палітвязень, былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў у красавіку 2012 года датэрмінова выйшаў на волю, Більт асабіста павіншаваў яго з гэтым. Той тэлефонны званок стаў пэўным сімвалам і меў вялікі рэзананс у незалежных беларускіх СМІ.

Зразумела, што крытыка Більтам беларускага рэжыму зрабіла яго папулярным у дэмакратычным руху, але не ў атачэнні Лукашэнкі. Тое, што ў жніўні шведскі амбасадар Стэфан Эрыксан быў вымушаны пакінуць Менск, не выклікала здзіўлення. Адпаведна, была спыненая нармальная дзейнасць амбасады Швецыі ў Менску і амбасады Беларусі ў Стакгольме.

Шведскі міністр даў рэзкую ацэнку дзеянням Менска. І змоўк. Крытычных і дыскусійных артыкулаў больш няма. З пачатку 2013 года няма ніякіх заяў у сувязі з рэпрэсіямі і пераследам апазіцыянераў. А яны па-ранейшаму працягваюцца.

Растлумачыць такое маўчанне, верагодна, можна тым, што Стакгольм хоча аднавіць дзейнасць сваёй амбасады ў Беларусі і што шанцы на гэта тым вышэй, чым менш ён будзе сваёй крытыкай раздражняць беларускі рэжым. Аднак, калі такая асцярожнасць і можа здацца зразумелай, ці не з'яўляецца яна прыкметай таго, што Лукашэнка дэ-факта прымусіў замаўчаць аднаго з сваіх самых заўзятых крытыкаў?

Як мяркуе аўтар, у такой сітуацыі іншыя краіны ЕЗ не праяўляюць жадання заняць нішу, якая вызвалілася. Магчыма, баючыся патрапіць у падобную сітуацыю. Такая рызыка відавочная. У свой час у New York Times Більт разам з калегамі абяцаў, што Еўропа не будзе маўчаць. Дарэмна.

Па словах Марціна Углы, маўчаць нельга. Каб іншым краінам ЕЗ знізіць верагоднасць «шведскага варыянту», ім неабходна мець магутную, мэтанакіраваную, адзіную, арыентаваную на дэмакратычныя каштоўнасці пазіцыю ў дачыненні да Беларусі, разам адстойваць свабоду слова, не паддаючыся ціску Лукашэнкі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках