3 траўня 2024, Пятніца, 2:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Беларусь можа страціць збройны рынак Венесуэлы

32
Deutsche Welle: Беларусь можа страціць збройны рынак Венесуэлы

У выпадку перамогі апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах у Венесуэле Беларусь можа страціць некаторыя кантракты на пастаўку ўзбраенняў.

Супольныя «цывільныя» праекты будуць прадоўжаныя, паведамляе Deutsche Welle.

Нягледзячы на трохдзённую жалобу, рэкамендаваную ў Беларусі з прычыны скону венесуэльскага лідара Уга Чавэса, для шмат якіх беларусаў - гэта ўсяго толькі журботная падзея на далёкім кантынэнце, якая ніяк не паўплывала на іхнае жыццё.

Калі Аляксандр Лукашэнка з сынам адбывалі ў Каракас на жалобную цырымонію адвітання, жонкі беларускіх палітвязняў казалі ў Варшаве пра нялёгкі лёс сваіх мужоў. Урад пад кіраўніцтвам Міхаіла Мясніковіча, якога правадыр прыстрашыў зняццем з пасады, займаўся пошукам захадаў для выпраўлення сітуацыі ў эканоміцы. Астатнія грамадзяне святкавалі жаночы дзень 8 сакавіка і спрачаліся ў інтэрнэце, ці варта называць імем венесуэльскага дзеяча вуліцу ў Менску.

З сыходам Чавэса

Сапраўды, стасункі Беларусі і Венесуэлы грунтаваліся не на абменах паміж грамадзянскай супольнасцю, а на асабістым сяброўстве двух дыктатараў, у якіх было шмат агульнага ў спосабах кіравання і ўтрымання ўлады. Таму наўрад для ўсяго беларускага народа асабліва цікава, які курс развіцця абярэ для краіны новы прэзідэнт Венесуэлы пасля выбараў у красавіку.

А ў афіцыйнага Менска падстаў для хваляванняў дастаткова. Лёс вайсковых кантрактаў з Беларуссю знаходзіцца ў простай залежнасці ад таго, хто пераможа на прэзідэнцкіх выбарах - прызначаны Чавэсам пераемнік Нікалас Мадура або лідар апазіцыі Энрыка Капрылес, які заявіў, што ў выпадку ягонай перамогі Венесуэла перагледзіць дамоўленасці аб узбраенні краіны. Перагляду могуць падлягаць пастаўкі расейскага ўзбраення, мадэрнізаванага беларускімі спецыялістамі, і беларускай тэхнікі вайсковага прызначэння.

Як продаж узбраенняў, так і беларускую здабычу нафты і газу ў Венесуэле кантралюе вузкае кола набліжаных да Лукашэнкі асоб, якое можа выкарыстоўваць паступленні ад гэтых праектаў на сваё меркаванне. Аб непразрыстасці ўмоў пагадненняў у свой час заяўляла венесуэльская апазіцыя. Пяць гадоў таму за вайсковыя кантракты для стварэння да 2014 года сістэмы СПА для Венесуэлы Беларусь атрымала акцыі мясцовых радовішчаў. Праўда, сцвярджаецца, што ўвесь прыбытак ад нафтаздабычы ўкладаецца ў распрацоўку. Стратным стаўся і праект 2010 года з транспартаваннем венесуэльскай нафты ў Беларусь. Як заявілі ўлады, гэта быў толькі блеф на фоне нафтавых супярэчнасцяў з Крамлём. Але ўсё ж Менск наўрад са сваёй волі адмовіцца ад згортвання праектаў у Венесуэле ў гэтай сфэры.

Справы цывільныя

З сыходам сябра Лукашэнкі Уга Чавэса Беларусь будзе ўсяго толькі адной з мноства краін, з якімі супрацоўнічае Каракас. У агульнай суме замежнага гандлю таварнае абарачэнне з Венесуэлай не перасягае і 2 адсоткаў. Сума кантрактаў аб супрацоўніцтве, укладзеных у выніку чэрвеньскага візіту 2012 прэзідэнта Лукашэнкі ў Венесуэлу, ацэньвалася ў 5 мільярдаў даляраў. Але нават уся сума ўгод з улікам рэалізацыі папярэдніх беларуска-венесуэльскіх праектаў, пачынаючы з 2007 года, не ідзе ў параўнанне з інвестыцыямі ў венесуэльскую эканоміку Расеі, якія вылічаюцца дзясяткамі мільярдаў даляраў.

У той жа час, новы прэзідэнт Венесуэлы, хто б ім ні стаў, наўрад наважыцца згарнуць праграму будаўніцтва сацыяльнага жылля, што рэалізуецца з дапамогай беларусаў, ці адмовіцца ад набыцця недарагой беларускай тэхнікі і ад паставак калія льготнымі коштамі. «Цывільныя» праекты Беларусі - будаўніцтва беларускай копіі аграгарадка на венесуэльскай зямлі, шматкватэрных жылых комплексаў, прадпрыемстваў для вырабу будматэрыялаў - мусібыць, будуць працягнутыя менавіта праз нізкі кошт паставак паслуг і тавараў.

Для Беларусі ж Венесуэла - гэта, сярод іншага, рынак збыту неканкурэнтаздольнай прадукцыі, якую немагчыма прадаць у Еўразвяз. Аб прэтэнзіях да якасці жытла, пабудаванага беларусамі, і аўтобусаў, пастаўляных у Венесуэлу, пісалі шмат якія мясцовыя газэты. Так што не выключана, што ўжо неўзабаве венесуэльцам спатрэбіцца іншы стандарт беларускага прадукту.

Еўропа важнейшая

Афіцыйны Менск працягвае пошук новых хаўруснікаў у Лацінскай Амэрыцы. Пра гэта сведчаць кантракты ў вайсковай сфэры і ў здабычы нафты, падпісаныя раней з Эквадорам. Паведамляецца таксама, што і цяпер, у дні знаходжання ў Каракасе, прэзідэнт Беларусі правёў перамовы з кіраўнікамі Гаіці, Кубы і Балівіі аб перспектывах і магчымасцях супрацоўніцтва.

Пры гэтым стасункі з краінамі Лацінскай Амэрыкі на фоне супярэчнасцяў з Еўропай і ЗША Менск па-ранейшаму будзе выкарыстоўваць як прапагандысцкі сімвал замежнай эканамічнай дзейнасці кіраўніцтва, неўязнога ў заходнія краіны. Напраўду ж галоўныя інтарэсы дзяржавы Беларусь, і не толькі гандлёвыя, застаюцца на еўрапейскім кантынэнце - у Расеі і Еўразвязе.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках