24 лiстапада 2024, Нядзеля, 10:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кракадзілавы слёзы Лукашэнкі

85

Днямі адбыўся экстраардынарны выпадак: Лукашэнка плакаў на пахаванні Чавэса. Калі яшчэ такое было?

Гэта адбылося амаль 20 гадоў назад, у далёкім снежні 1994 года.

Пра гэта «Салідарнасці» распавёў Сяргей Навумчык - каардынатар Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання:

- У каманды, якая прыйшла да ўлады разам з Аляксандрам Лукашэнкам улетку 1994-га, як вядома, не было ніякай эканамічнай праграмы. Затое былі нястрымныя апетыты.

Хто штурхаў Лукашэнку да ўлады, якія сілы стаялі за «маладымі ваўкамі», - нам, дэпутатам Апазыцыі БНФ, было вядома і раней. Але ўвосень 94-га сталі паступаць дакументы. Акрамя таго, ягоны асяродак пачаў банальна красці.

Мне распавядалі, як у мюнхенскім буціку жонка аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі, купляючы нейкія асаблівыя станікі на тысячу марак, казала сяброўцы: «Трэба браць, пакуль можам, бо потым прыйдзе Пазьняк!» (Расказвала перакладчыца). Ну а мужыкі гэтых дам бралі па-сур'ёзнаму - ужо тады размяркоўваліся паміж  «сваімі» тэндэры, ліцэнзіі ды іншае на дзясяткі мільёнаў даляраў.

У снежні 1994 года дэпутат Апазыцыі БНФ Сяргей Антончык падрыхтаваў даклад аб карупцыі ў найбліжэйшым атачэнні Лукашэнкі. Даведаўшыся пра даклад, Лукашэнка папрасіў Антончыка «даць пачытаць» - Сяргей, зразумела, адмовіўся.

Тады КДБ банальна правяло таемны ператрус у кватэры Антончыка. Прачытаўшы тэкст, Лукашэнка прыйшоў у транс: ён пастанавіў, што калі даклад будзе агучаны - ягоная прэзідэнцкая кар'ера імкліва скончыцца, ледзь пачаўшыся.

На сесіі Вярхоўнага Савета Лукашэнка спрабаваў упрасіць дэпутатаў не даць Антончыку выступіць. Але да таго часу Лукашэнка сапсаваў стасункі нават з камуністамі, таму не здолеў. Антончык выступіў.

Сутнасць дакладу: у атачэнні Лукашэнкі такая канцэнтрацыя карупцыі, у параўнанні з якой тое, што было за Кебічам (і што сам Лукашэнка крытыкаваў за год да гэтага ў сваім «антыкарупцыйным» дакладзе) - дзіцячыя свавольствы. У ім называліся імёны Чыгіра (тагачасны прэм'ер), Лінга, Ціцянкова, Сініцына, Мясніковіча, Шэймана, Доўгалева ды іншых.

Лукашэнка сядзеў за сваёй «прэзідэнцкай» трыбунай і рэальна плакаў, выціраючы слёзы насоўкай. Потым сказаў, што калі факты пацвердзяцца, ён гатовы пайсці ў адстаўку.

Факты там былі сапраўдныя. А далей адбылося вось што: нягледзячы на пастанову ВС аб прамой тэле-і радыётрансляцыі дакладу Антончыка, яе не было. Начальнік управы інфармацыі адміністрацыі Лукашэнкі Аляксандр Фядута аддаў загад не друкаваць даклад. І «Савецкая Беларусь», «Звязда», ды іншыя газеты, чый тыраж у суме перавышаў мільён асобнікаў, упершыню ў гісторыі Беларусі выйшлі з «белымі плямамі».

Фядута ўзяў на сябе адказнасць за «белыя плямы» і падаў у адстаўку, але справа была зробленая: даклад застаўся невядомы народу (хаця газета «Свабода», якую рэдагаваў дэпутат БНФ Ігар Гермянчук, яго апублікавала - але тыраж быў 100 тысяч асобнікаў).

У выпадку ж, калі б пра тое, што дзеецца вакол Лукашэнкі з ягонага папушчальніцтва, пачулі праз радыё і прачыталі ў газетах мільёны - рэйтынг Лукашэнкі ўпаў бы, парламенцкія выбары 1995 года прайшлі б у іншай атмасферы. Вярхоўны Савет-13 быў бы прынцыпова іншым. Ён, я ўпэўнены, правёў бы імпічмент, і ў 1996 годзе ў Беларусі быў бы іншы прэзідэнт.

Напісаць каментар 85

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках