Гадавы баланс па нафце не падпісаны
40- 13.03.2013, 11:48
Расея і Беларусь ўзгаднілі аб'ём паставак нафты і нафтапрадуктаў у другім квартале 2013 года на ўзроўні 5,75 млн тон.
Пра гэта паведаміла прэс-сакратар віцэ-прэм'ера РФ Аркадзія Дварковіча Алія Самігуліна, паведамляе ІТАР-ТАСС.
«У другім квартале аб'ём паставак нафтавай сыравіны і нафтапрадуктаў у Рэспубліку Беларусь складзе 5,75 млн тон, зыходзячы з чаканага беларускім бокам гадавога аб'ёму 23 млн тон», - адзначыла яна.
Адпаведныя дамоўленасці замацаваныя ў пратаколе па выніках перамоваў Дварковіча і першага намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Уладзіміра Сямашкі.
Таксама ў рамках перамоў бакі пагадзіліся з агульнымі падыходамі да рэалізацыі інтэграцыйных праектаў РФ і Беларусі. Гаворка ідзе аб узаемадзеянні па праекце ААТ «Расейская электроніка» ГК «Растэх» і ААТ «Інтэграл», інтэграцыі ААТ «Менскі завод колавых цягачоў» у структуру расейскага абаронна-прамысловага комплексу, па праекце Раскосмасу і ААТ «Пеленг».
Дварковіч і Сямашка даручылі прапрацаваць далейшыя дзеянні да канца сакавіка.
Таксама на сустрэчы ішла размова пра ўзаемадзеянне ААТ «МХК «Еўрахім» і ААТ «Гродна-Азот». Акрамя таго, да канца сакавіка Мінпрамгандль РФ і міністэрства прамысловасці Беларусі павінны разгледзець канцэпцыю стварэння холдынгу ААТ «РАСБЕЛАЎТА», падрыхтаваную кампаніямі «КАМАЗ» і «МАЗ».
Нагадаем, Расея і Беларусь у канцы мінулага года не змаглі падпісаць індыкатыўны баланс паставак нафты і нафтапрадуктаў на 2013 год. Менск запытвае на 2013 год 23 млн тон нафты, расейскі бок заяўляў пра гатоўнасць паставіць толькі 18,5 млн тон (сумарна трубаправодным і чыгуначным транспартам). Пры гэтым расейскі бок настойвае на вяртанні 2,1 млн тон нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты, а Беларусь адзначае, што пастаўкі паліва ў заходнім напрамку больш выгадныя.
У канцы снежня 2012 года бакі ўзгаднілі пастаўкі нафты на I квартал у аб'ёме 5,75 млн тон.