27 снежня 2024, Пятніца, 12:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Для вызвалення Беларусі патрэбная стратэгія і палітычная воля

52
Андрэй Саннікаў: Для вызвалення Беларусі патрэбная стратэгія і палітычная воля

У бэльгійскай сталіцы з 15 да 17 сакавіка пройдзе міжнародны Брусэльскі форум.

У ім бяруць удзел вядомыя і ўплывовыя палітыкі з Еўропы і ЗША. Нашу краіну на форуме будзе прадстаўляць лідар «Еўрапейскай Беларусі» і былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў. На сайце мерапрыемства апублікаваны ягоны артыкул, прысвечаны сітуацыі ў Беларусі. Падаем яго тэкст цалкам (пераклад - charter97.org):

«Цягам амаль 19 гадоў Беларусь знаходзіцца пад кіраваннем адной з самых бязлітасных дыктатур у свеце. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі выжыў, выкарыстоўваючы тое, што ў Беларусі называюць «арэлямі паміж Усходам і Захадам». Калі ёсць ціск з боку Расеі, Лукашэнка шукае падтрымкі Захаду, кажучы пра пагрозу незалежнасці, а калі Захад цісне праз парушэнні правоў чалавека, дыктатар прысягае на вернасць Расеі. Такая тактыка дапамагла яму захапіць уладу шляхам сфальсіфікаванага рэферэндуму аб унясенні змен у Канстытуцыю, праведзенага ў 1996 годзе. Лукашэнка выкарыстаў момант, калі хворы Барыс Ельцын меў патрэбу ў ягонай падтрымцы для пераабрання. З часам беларускія ўлады зразумелі, што для выкарыстання гэтых «арэляў» зусім не патрэбныя міжнародная легітымнасць і прызнанне праз «выбары».

Мяккасць Захаду ў дачыненні да Лукашэнкі нязменна прычыняецца да таго, што рэжым становіцца больш агрэсіўным як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне. У 2009 годзе Захад распачаў беспрэцэдэнтныя намаганні для таго, каб прызнаць рэжым Лукашэнкі. З беларускім правадыром тады сустрэліся Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ Хаўер Салана, прэм'ер-міністр Італіі Сільвіё Бэрлусконі, Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI і прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ. Беларусь была запрошаная да ўдзелу ва «Усходнім партнэрстве». Адбыліся і іншыя сустрэчы на высокім узроўні, а потым адбылося крывавае здушэнне дэманстрацыі 19 снежня 2010 года.

Сёння дыктатура ў Беларусі добра забяспечаная і сваімі дзеяннямі абвастрае міжнародныя праблемы. Лукашэнка ўсталяваў кантакты з краінамі-выгнанцамі ва ўсім свеце. Ягоныя аўтарытарныя метады кіравання пераймаюцца ў суседніх Украіне і Расеі. Для кіраўніцтва гэтых дзвюх краін Беларусь стала паспяховым прыкладам таго, як можна захаваць уладу і супрацьстаяць свабодам і асноўным правам чалавека, якія пагражаюць аўтарытарнаму рэжыму.

Пошук выйсцяў ва ўрэгуляванні сітуацыі ў Беларусі абцяжараны некалькімі міфамі.

Некаторыя кажуць, што беларусы не гатовыя да дэмакратычных пераўтварэнняў. Можна падумаць, што нам падабаецца жыць пры дыктатуры. Іншыя сцвярджаюць, што Лукашэнка з'яўляецца гарантам незалежнасці. Але тое ж самае гаварылася раней пра Румынію за Нікалае Чаўшэску і Лібію за Муамарам Кадафі і гаворыцца цяпер прыхільнікамі кіраўніка Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына.

Другім міфам з'яўляюцца заявы аб тым, што апазіцыя раз'яднаная і слабая. Але гэтая апазіцыя існуе, нягледзячы на пераслед, збіццё, высылкі, катаванні, турмы і забойствы. Яна існуе, нягледзячы на невялікае фінансаванне і слабую падтрымку Захаду.

Яна здолела нанесці самы адчувальны ўдар па легітымнасці рэжыму падчас пратэстаў, якія пачаліся пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Ударная хваля пасля тых падзей адбіваецца дагэтуль - яе наступствам стаў нікчэмны прыход на «выбары», якія прайшлі ў мінулым годзе.

На жаль, «акно магчымасцяў», якое з'явілася пасля неадбытых выбараў, выкарыстанае не было. Больш за тое, Еўропа рызыкуе зноў стаць ахвярай «арэляў»: бо не існуе ніякай рэальнай забароны на палітычныя ці камерцыйныя стасункі з Лукашэнкам, а на Захадзе знаходзіцца дастаткова ахвотных абслугоўваць ягоныя патрэбы.

Але гісторыя супраць іх.

«Арабская вясна» паказала, што падтрымка дыктатарскіх рэжымаў дзеля стабільнасці ў канчатковым выніку прычыняецца да супрацьлеглых вынікаў. Адзіная развязка ў інвеставанні ў дэмакратычны рух і яго падтрымку.

Гэта тое, у чым Беларусь мае патрэбу сёння. Адзінкавыя захады, зробленыя ў адказ на рэпрэсіі, не развяжуць праблему ў доўгатэрміновай перспектыве. Для таго, каб Беларусь стала свабоднай, трэба мець стратэгію, падмацаваную палітычнай воляй для яе ажыццяўлення».

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках