Мядзведзеў і Мясніковіч пагаварылі пра надвор'е
24- 15.03.2013, 13:31
У Санкт-Пецярбургу прайшла сустрэча прэм'ер-міністраў Беларусі і Расеі.
Міхаіл Мясніковіч заявіў пра неабходнасць прыняцця палітычных рашэнняў па інтэграцыйных праектах з Расейскай Федэрацыяй.
«Серыя сустрэч,якія прайшлі раней, дала пазітыўны вынік, напрацавана шмат матэрыялу. Сітуацыя патрабуе прыняцця палітычных рашэнняў па сумесных праектах», - адзначыў кіраўнік беларускага ўрада, сустракаючыся ў пятніцу ў Канстанцінаўскім палацы ў Стрэльні са сваім расейскім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым, піша «Інтэрфакс».
У сваю чаргу прэм'ер-міністр Расеі прапанаваў кіраўніку ўрада Беларусі «правесці кансультацыі па бягучым эканамічным і гуманітарна-культурным парадку дня». Мядзведзеў таксама прапанаваў «зверыць гадзіннікі», каб падрыхтавацца да абмеркавання з удзелам прэзідэнтаў Расеі і Беларусі.
«Надвор'е спрыяе. У Маскве ідзе снег і не вельмі сімпатычная сітуацыя, а тут (у Санкт-Пецярбургу) сонца, усё выдатна і нават крыху пахне вясной», - заўважыў Мядзведзеў.
У гэты ж час у Канстанцінаўскім палацы ў Стрэльні праходзіць сустрэча кіраўнікоў дзвюх краін. Затым адбудзецца пасяджэнне вышэйшага дзяржсавета «саюзнай дзяржавы».