24 лiстапада 2024, Нядзеля, 22:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Снегавы апакаліпсіс у Беларусі

468

Праз віхуру «Хавер» зачынены Нацыянальны аэрапорт, скасаваныя заняткі ў школах і ўніверсітэтах.

Праз складаныя варункі надвор'я скасаваныя і затрыманыя дзясяткі авіярэйсаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, аэрапорт зачынены да 8 гадзін 16 сакавіка.

Рух у Менску цалкам паралізаваны. Адзіны транспарт, які працуе - метро, але, як стала вядома а 18.20, станцыі «Кастрычніцкая» і «Купалаўская» закрытыя для пасажыраў. На іх нікога не пускаюць, а цягнікі не спыняюцца.

Сотні людзей не могуць дабрацца дадому і чакаюць транспарту на прыпынках, выходзячы на праезную частку. Стаміўшыся чакаць, пешшу дабіраюцца ў спальныя раёны і прадмесці.

На пад'ездах да Менску дзясяткі ДТЗ. У прыватнасці, супрацоўнікі ДАІ перацялі дарогу Менск - Дзяржынск у раёне Фаніпаля. У складаных варунках надвор'я там адбылася серыя аварый, пашкоджана некалькі дзясяткаў аўтамабіляў, у тым ліку аўтамабіль ДАІ. Як піша партал onliner.by, рух на гэтай трасе, а таксама ў месцы прылучэння да М1 заблакаваны.

Дарожныя варункі вельмі складаныя: праезная частка пакрытая снегам, асфальту не відаць. На трасе снегавая завіруха, бачнасць зніжаная да мяжы, бачныя толькі абрысы папярэдняга аўтамабіля. Прычына аварый відавочная. Рух на трасе Менск - Дзяржынск перацяты ў абодвух накірунках. Афармленне ДТЗ было вельмі абцяжаранае.

Адна з серый сутыкненняў адбылася каля Фаніпаля. Тут пашкоджаныя некалькі грузавых аўтамабіляў, у тым ліку аўтамабіль, што перавозіў піва. Кіроўца Audi 80 не паспеў затармазіць і рэзнуўся ў патрульны аўтамабіль ДАІ. У выніку яшчэ аднаго сутыкнення, якое адбылося ў гэтым жа месцы, Volkswagen Tiguan развярнула, і ён закрануў адбівальнік.

Праз некалькі кіламетраў - яшчэ адно ДТЗ. Моцна пашкоджаныя некалькі легкавых аўтамабіляў, у тым ліку два BMW, Peugeot, Volkswagen. Туды накіроўваўся аўтамабіль «хуткай», які неахвотна прапускалі кіроўцы.

Літаральна праз сотню метраў чарговае ДТЗ, праўда, на сустрэчным напрамку. У гэтым сутыкненні паўдзельнічалі кіроўцы грузавікоў і легкавікоў.

На працягу некалькіх гадзін Дзяржынская траса была заблакаваная. У корак трапілі больш за тысячу аўтамабіляў, аўтобусы, нават снегаўборачная тэхніка.

Такая ж аварыйная сітуацыя і на іншых пад'язных дарогах да Менска. У выніку ДТЗ перацятая траса М2 у раёне Кургана Славы. Там, паводле звестак «Белаўтадара», сутыкнуліся два легкавікі і фура. Інфармацыі пра пацярпелых няма.

Дзяржаўтаінспекцыя папярэджвае аўтамабілістаў аб ДТЗ, з-за якіх утварыліся сур'ёзныя коркі на дарогах. Так, аўтамабільны затор утварыўся на аўтадарозе Менск - Магілёў, паблізу Смілавіч Чэрвеньскага раёна, на 92-м км дарогі Менск - Мікашэвічы. Яшчэ адно ДТЗ запыніла рух на трасе М1 Берасце - Меінск - мяжа з Расеяй - 353-й км у накірунку Берасця. Цяжкая сітуацыя назіраецца на дарозе Менск - Гомель, каля населенага пункта Дукора Пухавіцкага раёна, і на 23-м км трасы М2 Менск - Нацыянальны аэрапорт Менск. ДАІ Менскай вобласці просіць кіроўцаў улічыць гэтую інфармацыю і прадугледзець маршруты для аб'езду затораў.

Рух на трасе Менск - Гародня ўскладнены наступствамі некалькіх ДТЗ. Часам кіроўцам даводзіцца віхляць паміж аўтамабілямі, што стаяць пасля аварыі.

Траса Менск - Магілёў таксама фактычна перацятая - фуры перагарадзілі праезную частку.

Праз непагадзь у Менску заўтра касуюцца заняткі ў школах і ўніверсітэтах. Камітэт адукацыі Менгарвыканкама інфармуе, што ў сувязі з пагаршэннем варункаў надвор'я ва ўстановах адукацыі горада касуецца 6-ы навучальны дзень. Таксама, верагодна, у лёгкім рэжыме заўтра будуць функцыянаваць сталічныя рынкі.

Траса Менск - Магілёў

Напісаць каментар 468

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках