19 снежня 2024, Чацвер, 1:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адкрыты ліст спонсарам чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі

86
Адкрыты ліст спонсарам чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі

10 міжнародных арганізацый падпісалі адкрыты ліст спонсарам чэмпіянату свету па хакеі-2014 у Беларусі.

Ініцыятарам акцыі выступіў еўрадэпутат ад Польшчы Марэк Мігальскі.

Арганізацыі заклікаюць спонсараў чэмпіянату - фірмы Skoda, Raiffeisen Bank, Infront Sports & Media і Tissot - скарыстацца сваім статусам і пераканаць Міжнародную федэрацыю хакея адмовіцца ад свайго рашэння адносна арганізатара ЧС у 2014 годзе. «Мяркуецца, што Чэмпіянат свету павінен быць фестывалем радасці і салідарнасці. Але як гэта магчыма ў краіне, грамадзянам якой адмаўляюць у асноўных правах і свабодах?», - гаворыцца ў лісце. Арганізацыі, якія падпісаліся пад лістом, падкрэсліваюць, што ў беларускіх турмах працягваюць знаходзіцца, як мінімум, 11 палітычных зняволеных, прадстаўнікі незалежных СМІ і праваабаронцы падвяргаюцца рэпрэсіям, а мараторый на смяротнае пакаранне так і не быў уведзены.

Як падкрэсліваецца ў лісце спонсарам, у траўні 2013 года ў Стакгольме адбудзецца чарговы кангрэс Міжнароднай федэрацыі хакея, значыць яшчэ ёсць шанец і час адабраць у Беларусі магчымасць арганізацыі Чэмпіянату свету і перанесці яго ў іншую краіну.

Адкрыты ліст падтрымалі: Марэк Мігальскі, дэпутат Еўрапейскага Парламента (Польшча), Free Belarus Now (Велікабрытанія), Ostgruppen - Östgruppen - Swedish Initiative for Democracy and Human Rights (Швецыя), асацыяцыя «За мадэрнізацыю» (Чэхія), Беларускі трыбунал (Нідэрланды) , Civic Belarus (Чэхія), CIVICUS: World Alliance for Citizen Participation (ПАР), Libereco - Partnership for Human Rights, Office of Belarusian Political Emigration (Бельгія), Young Belarus in the European Union (Бельгія), Грамадзянскае і палітычнае прадстаўніцтва Беларусі ў Літве (Літва).

Тэкст адкрытага ліста:

«Міжнародная федэрацыя хакея прыняла рашэнне, што арганізатарам Чэмпіянату свету 2014 года стане Беларусь. Няма ніякіх сумневаў у тым, што гэта выдатная магчымасць для беларускага народа прачуць на сабе мерапрыемства такога маштабу. Аднак не варта забываць, якога роду краінай у рэчаіснасці з'яўляецца Рэспубліка Беларусь. Шматлікія гады краінай кіруе Аляксандр Лукашэнка - дыктатар, які адкрыта ігнаруе асноўныя для ўсяго вольнага свету прынцыпы дэмакратыі і падвяргае пераследу любое вальнадумства, а сваіх палітычных апанентаў пераследуе ў судовым парадку і саджае ў турму.

Па дадзеных міжнародных праваабарончых арганізацый, у беларускіх турмах працягваюць знаходзіцца, як мінімум, 11 палітычных зняволеных, а прадстаўнікі незалежных СМІ і праваабаронцы падвяргаюцца рэпрэсіям. Акрамя таго, Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе, якая да гэтага часу прымяняе смяротнае пакаранне.

Гісторыя паднесла нам урок - правядзенне вялікіх спартыўных мерапрыемстваў у краінах з дыктатарскім рэжымам кіравання - гэта ідэальны шанец прапагандаваць кіруючы рэжым. У мінулым, такія значныя мерапрыемствы, як Алімпійскія гульні або Чэмпіянаты свету па розных відах спорту, шырока выкарыстоўваліся для стварэння станоўчага іміджу адпаведнага аўтарытарнага рэжыму. Такім чынам, мы перакананыя, што калі Чэмпіянат свету па хакеі 2014 года будзе праведзены ў Беларусі, то ён можа стаць інструментам самарэкламы «апошняга дыктатара Еўропы». Кожны дзень чэмпіянату свету, арганізаванага ў Беларусі, будзе днём стварэння станоўчага іміджу кіраўніка, які, на самай справе, грэбуе правамі чалавека, дэмакратыяй і іншымі каштоўнасцямі, якія з'яўляюцца асноватворнымі ў сусветнай супольнасці.

Ніхто не сумняваецца, што вашай мэтай, як спонсараў, не быў удзел у прапагандысцкім шоў «апошняга дыктатара Еўропы». На шчасце, яшчэ ёсць час пераканаць Міжнародную федэрацыю хакея перанесці правядзенне Чэмпіянату свету ў іншую краіну. Наступны кангрэс Міжнароднай федэрацыі хакея, які адбудзецца ў Стакгольме ў траўні 2013 года, будзе выдатнай магчымасцю перагледзець рашэнне адносна арганізатара Чэмпіянату свету 2014 года.

Мяркуецца, што Чэмпіянат свету павінен быць фестывалем радасці і салідарнасці. Але як гэта магчыма ў краіне, грамадзянам якой адмаўляюць у асноўных правах і свабодах? Сусветная супольнасць, якая паважае дэмакратыю і правы чалавека, проста не можа дазволіць, каб вядучыя кампаніі спансавалі спартыўнае мерапрыемства, якое пройдзе ў краіне «апошняга дыктатара Еўропы». У сувязі з вышэйзгаданым, мы заклікаем вас, спонсараў Чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, скарыстацца сваім статусам і пераканаць Міжнародную федэрацыю хакея адмовіцца ад свайго рашэння. Мы звяртаемся да вас, каб агульнымі намаганнямі мы змаглі не дапусціць правядзенне чэмпіянату свету 2014 года ў Беларусі і перанесці дадзенае спартыўнае мерапрыемства ў іншую краіну».

Напісаць каментар 86

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках