П'яных чыноўнікаў закон аб канфіскацыі аўто не закране?
62- 22.03.2013, 12:07
Праект закона аб канфіскацыі аўто ў п'яных зноў накіраваны на ўзгадненне ў адміністрацыю Лукашэнкі.
Падкарэктаваны праект закона аб канфіскацыі аўтамабіляў у нецвярозых кіроўцаў Генпракуратура накіравала на канчатковае ўзгадненне ў адміністрацыю Лукашэнкі.
«Там былі заўвагі па ім яшчэ - наконт канфіскацыі аўтамабіляў дзяржаўных, на гэтым крыху спатыкнуліся. Але цяпер ужо ўсе ўзгадненні пройдзеныя і ён зноў накіраваны туды - у адміністрацыю», - паведаміў «Еўрарадыё» кіраўнік прэс-службы Генпракуратуры Пётр Кісялёў.
Суразмоўца ўпэўнены: доўга ўзгадняць законапраект у адміністрацыі Лукашэнкі не будуць. Маўляў, праблема п'яных кіроўцаў для нашай краіны сёння вельмі актуальная. А пасля гэтага апошняга «ўзгаднення» дакумент накіруюць у «палату прадстаўнікоў». Але ці будзе законапраект выносіцца на грамадскае абмеркаванне, Пётр Кісялёў не ведае. Гэта будзе залежаць ад «дэпутатаў».
Нагадаем, Генпракуратура прапанавала зрабіць больш жорсткім пакаранне кіроўцаў, якія знаходзяцца за рулём аўтамабіля ў нецвярозым стане. Плануецца, што аўто ў нецвярозых кіроўцаў будуць канфіскоўваць.
Фота: БелТА