3 траўня 2024, Пятніца, 6:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень Волі ў Менску (Онлайн-рэпартаж)

79
Дзень Волі ў Менску (Онлайн-рэпартаж)

24 сакавіка ў Мінску пройдзе акцыя ў гонар 95-годдзя з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Афіцыйна беларускія ўлады не прызнаюць святочную дату 25 сакавіка, але прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці штогод святкуюць яе як Дзень Волі.

Акцыі, прысвечаныя гэтаму святу, пройдуць сёння ў Беларусі і за мяжой. Менгарвыканкам дазволіў правядзенне шэсця і мітынгу на Дзень Волі 24 сакавіка.

Збор удзельнікаў - а 12.00 на пляцоўцы каля кінатэатра «Кастрычнік». Адтуль яны накіруюцца на плошчу Бангалор, дзе запланаваныя мітынг і канцэрт.

Відэа - «Радыё Свабода»

11:22

У раёне месца збору ўдзельнікаў шэсця стаяць аўтазакі з супрацоўнікамі АМАПу. Пра гэта паведаміў Міхаіл Гулін на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».

Фота: bnp.by

11.28

Частка пляцоўкі каля ўваходу ў кінатэатр «Кастрычнік», дзе прызначаны збор удзельнікаў акцыі, абгароджаная турнікетамі. У пераходах метро знаходзяцца супрацоўнікі міліцыі з мегафонамі, піша «Наша Ніва». У фае кінатэатра - дзясяткі супрацоўнікаў АМАПа.

11.50

Удзельнікі акцыі ўзнялі некалькі бел-чырвона-белых сцягоў і сцягоў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі». Сярод прысутных - палітыкі Віталь Рымашэўскі і Валер Шчукін, паведамляе «Радыё Свабода».

Фота Сяргея Гудзіліна

11.56

На пляцоўцы каля кінатэатра «Кастрычнік» ужо сабраліся больш за 300 чалавек. Унутр тэрыторыі, абгароджанай турнікетамі, ніхто пакуль не заходзіць.

Фота: @ BNPby

Відэа - Белсат

12.10

У падземным пераходзе каля кінатэатра «Кастрычнік» толькі што затрыманая журналістка «Нашай Нiвы» Таццяна Гаўрыльчык за тое, што здымала супрацоўнікаў міліцыі.

На пляцоўцы каля кінатэатра «Кастрычнік» з'явіліся старшыня «Таварыства беларускай мовы» Алег Трусаў, экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Віктар Івашкевіч, кінарэжысёр Уладзімір Халіп.

12.19

Некаторыя ўдзельнікі трымаюць у руках партрэты Кастуся Каліноўскага - сёлета адзначаецца 150-я гадавіна паўстання пад ягоным кіраўніцтвам. Таксама вядзецца збор подпісаў за ўсталяванне ў Менску помніка Каліноўскаму.

12.33

Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!» і «Свабоду палітвязням!». Над сабранымі развінаюцца дзясяткі бел-чырвона-белых сцягоў і сцягоў Еўрапейскага Звязу.

12.35

Пачалося шэсце праспектам Незалежнасці ў бок вуліцы Сурганава.

Фота: bnp.by

12.35

У першых шэрагах калоны ідуць людзі з партрэтамі зніклых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў - Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. У галаве калоны нясуць вялікі бел-чырвона-белы сцяг.

12.38

Колькасць удзельнікаў шэсця - блізу 2 тысяч чалавек, паведамляе Еўрарадыё.

12.44

Шмат якія ўдзельнікі акцыі трымаюць у руках галінкі вярбы - у каталікоў сёння Вербная нядзеля.

12.45

Актывісты «Маладога фронту» прынеслі вялікія партрэты палітвязняў, а таксама плакат «Наступны Дзень Волі - на волі». Партрэт Змітра Дашкевіча трымае ягоная жонка, былая палітзняволеная Настасся Дашкевіч. Сярод удзельнікаў таксама Васіль Парфянкоў, што кагадзе выйшаў з турмы.

12.50

Калона ўдзельнікаў шэсця збочыла на вуліцу Сурганава. Людзі ідуць па вузкіх ходніках і гурбах.

Фота: «Наша Нiва»

13.02

Калона ў суправаджэнні амапаўцаў і супрацоўнікаў ДАІ дайшла да скрыжавання вуліц Сурганава і Якуба Коласа.

Фота: «Еўрарадыё»

13.05

Аператарка «Нашай Нiвы» Таццяна Гаўрыльчык на волі.

13.11

Удзельнікі шэсця зладзілі святочны феерверк з петардаў. Аўтамабілісты, якія праязджаюць паўз калону, сігналяць на знак падтрымкі.

13.16

Калона пераходзяць вуліцу Куйбышава.

Фота: @ BNPby

13.27

Некаторыя ўдзельнікі шэсця апранутыя ў футболкі з выявай партрэтаў палітычных зняволеных. Маладыя людзі спяваюць песню «Ляпіса Трубяцкога» «Ня быць скотам».

Відэа - «Радыё Свабода»

13.34

У Парку дружбы ўжо агароджаная тэрыторыя, на якой павінен прайсці мітынг. Унутр будуць прапускаць праз металадэтэктары.

13.36

Над калонай зноў шуганулі святочныя феерверкі.

13.37

Удзельнікі шэсця ўжо праходзяць плошчу Бангалор. У гэты час хвост калоны яшчэ каля ўніверсама «Рыга».

Фота: @ pravda_by

13.45

Супрацоўнікі спецназа з невядомай прычыны перакрылі адзін з падыходаў да парку і адправілі людзей у абыход. Парк занесены снегам, толькі частка дарожак трохі пракіданая.

13.51

Міліцыя праводзіць надгляд удзельнікаў шэсця, якія праходзяць праз металашукальнікі ў парку Дружбы народаў.

13.59

Амапаўцы заблакавалі праход да прыпынку грамадскага транспарту на вуліцы Багдановіча. Да яго не прапускаюць нават тых людзей, якія не бяруць удзел у акцыі.

14.01

Праз рацыю міліцыянтам паступіў загад затрымліваць людзей з партрэтамі палітвязняў.

14.04

Улады забаранілі выкарыстанне гукаўзмацняльнай апаратуры падчас мітынгу. У парк Дружбы народаў выпала пранесці толькі адзін мегафон.

14.10

У рэдакцыю сайта charter97.org патэлефанаваў адзін з сустаршыняў аргкамітэта для стварэння партыі БХД Віталь Рымашэўскі і паведаміў, што ён асабіста чуў загад аб затрыманні актывістаў з партрэтамі.

Фота: @ pravda_by

14.14

Праваабаронца Таццяна Равяка ў сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» паведаміла, што ў бок месца правядзення мітынгу па вуліцы Сурганава праехалі некалькі аўтазакаў.

Фота: @ BNPby

14.15

Актывісты «Маладога фронту» пакінулі калону.

14.20

Аляксей Янукевіч, лідар партыі БНФ, у сваім выступе адзначыў, што тэма барацьбы за незалежнасць Беларусі актуальная і сёння праз спробы улад прадаць найбуйнейшыя прадпрыемствы краіны.

14.21

Дзяніс Садоўскі, прэс-сакратар аргкамітэта для стварэння партыі БХД, пасля свайго выступу пачаў скандаваць у мегафон «Сыходзь». Лозунг падхапілі ўсе прысутныя.

14.28

Удзельнік руху «За свабоду» Алесь Лагвінец падзякаваў сабраным за тое, што яны прыйшлі, каб ушанаваць герояў мінулага.

Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заклікаў супрацьстаяць наменклатурнай прыватызацыі. Таксама ён успомніў, як два гады таму на Дзень Волі знаходзіўся ў турме КДБ і заклікаў не забываць пра палітвязняў.

14.29

Арганізатары запрасілі ўсіх на святкавання Дня Волі заўтра ў офіс партыі БНФ.

Людзі згортваюць сцягі і рухаюцца да выхаду.

Акцыя скончаная, але мы далей сочым за падзеямі, бо магчымыя арышты.

Фота: «Еўрарадыё»

14.45

Супрацоўнік міліцыі паспрабаваў затрымаць адну з удзельніц з бел-чырвона-белым сцягам на выхадзе з парку, але людзі здолелі адбіць яе, піша Belarus News Photo.. Праваабаронца Таццяна Равяка напісала ў сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» аб затрыманні чатырох удзельнікаў акцыі каля рэстарацыі «Макдональдс». Некалькі міліцыянтаў заскочылі ў тралейбус 37-га маршруту, у які селі некаторыя ўдзельнікі акцыі.

Фота - «Радыё Свабода»

Фота: Улад Грыдзін

15.05

Віталь Рымашэўскі затэлефанаваў у рэдакцыю сайта charter97.org і паведаміў пра затрыманне некалькіх гуртоў маладых людзей, якія разыходзіліся з месца правядзення мітынгу.

15.30

У раёне плошчы Бангалор затрыманыя актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Алег Рагоўскі і Аляксандр Кавалёў.

Затрыманых дастаўляюць у РУУС Савецкага раёна Менска. Там зараз восем удзельнікаў акцыі.

15.40

Удзельнікі акцыі лідар «Маладых дэмакратаў» Зміцер Кавалгін і актывіст АГП Станіслаў Рамановіч былі затрыманыя міліцыяй на скрыжаванні вуліц Веры Харужай і Максіма Багдановіча, піша ucpb.org. Падчас затрымання адзін з супрацоўнікаў міліцыі некалькі разоў выцяў Кавалгіна па галаве. Пасля затрымання абодва актывісты былі абшуканыя. У іх сканфіскавалі вялікі бел-чырвона-белы сцяг, які сёння неслі ў галаве калоны, і 2 меншыя сцягі, потым вызвалілі.

16.00

Сярод затрыманых - трое грамадзян Украіны.

Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года ў Менску. Упершыню ідэя стварэння БНР прагучала на Усебеларускім з'ездзе 1917 года. Пасля зрыву мірных перамоў у Берасці і наступу нямецкіх войскаў бальшавікі пакінулі Менск. У гэтай сітуацыі дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з'езда абвясцілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны да склікання ўстаноўчага сойма. 21 лютага 1918 года Выканкам Рады стварыў першы ўрад БНР - Народны сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам.

Урад БНР прыкладаў нямала высілкаў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынятая пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, вялася праца для адкрыцця ў Менску нацыянальнага ўніверсітэта. Быў уведзены пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, узаконеная дзяржаўная сімволіка - бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.

Аднак дзеля складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не здолела зрэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны - яна была неабароненай перад бальшавікамі і польскімі легіёнамі. У выніку ў снежні 1918 года ўрад БНР вымушаны быў эміграваць.

Фотa: РИА «Новости»

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках