3 траўня 2024, Пятніца, 0:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БНР: мара пра іншую Беларусь

11
БНР: мара пра іншую Беларусь

Напярэдадні Дня Волі вядомыя людзі падзяліліся сваімі летуценнямі пра Незалежную Беларусь з сайтам charter97.org.

Як бы склалася гісторыя Беларусі, калі б у свой час БНР адбараніла сваю незалежнасць?

Вацлаў Арэшка, культуролаг:

- Я думаю, што калі б гісторыя ў свой час пайшла альтэрнатыўным шляхам, то Беларусь, мабыць, сёння была б у складзе Еўрапейскага Звязу побач з такімі краінамі як Польшча, Літва, бо менавіта такі шлях, мне падаецца, і ўяўлялі сабе стваральнікі БНР. Гэтыя краіны маюць добры патэнцыял чалавечы ды матэрыяльны, і, на маю думку, роля іх была б не меншая, чым цяпер роля старой Еўропы. Што ж да аспекту культурнага, то мы б мелі значна больш, чым маем цяпер. На сёння ў Беларусі, у афіцыйнай Беларусі, практычна няма культуры, мы маем нейкі эрзац, такі збольшага арыентаваны на ненайлепшы расейскі узор. Тое, што ў андэграўндзе - гэта ёсць найбольш цікавым у культуры Беларусі, але гэта не даходзіць да масавага спажыўца культуры. Сёння вельмі складаная, нават сумная сітуацыя, якраз у гэтым плане Беларусь бы атрымала зусім іншы шлях: мы маглі б сёння ведаць шмат мастакоў, пісьменнікаў, музыкаў, бо свабода гэта неабходная глеба для культуры. Але 25 сакавіка - гэта не дзень успамінаў ці плачу аб тым, што не адбылося, а дзень, праз які пачынаеш яшчэ больш думаць пра будучыню, пра тое, што нас чакае, і што трэба рабіць.

Валянцін Голубеў, гісторык, былы дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання:

- Ведаеце, у тыя часы адстаяць незалежнасць было немажліва, немагчыма нават уявіць! Беларусь мела толькі два варыянты развіцця: пад крылом Расеі альбо пад крылом Нямеччыны. Вядома, магла б утварыцца  пранямецкая дэмакратычная буржуазная рэспубліка. Але зноў жа, калі б ішлі працэсы змагання двух блокаў, баюся, што было б вельмі нясоладка беларусам. Але калі параўноўваць той рэжым, той тэрор, які ўсталявалі бальшавікі, безумоўна, усялякая б дэмакратыя была б для нас значна больш выгоднай. Мяркую, што дзяржаўна-будаўнічыя працэсы і пытанні нацыянальнага характару, безумоўна, развіваліся б значна лепш, пры ўмове, калі б гэта была не бальшавіцкая рэспубліка. У плане культурным мы б мелі прыкладна тое, што цяпер мае Літва. Літоўцы мелі хаця б на частцы тэрыторыі сваю дзяржаву са сталіцай у Коўне, здолелі потым аб’яднацца, і цяпер у іх даволі моцная дзяржава.

25 сакавіка для мяне свята рэвалюцыйнае, публічнае, вулічнае. Я памятаю, калі тысячы, дзясяткі тысяч людзей выходзілі на вуліцы, гэта паказвала публічнасць і значнасць гэтага свята. А для маёй сям’і, для якой ідэалы дэмакратыі вельмі важныя, гэта і сямейнае свята.

Юрый Хашчавацкі, кінарэжысёр:

- Я думаю, што Беларусь была б на ўзроўні Фінляндыі, хоць эканоміка трымалася б на зусім іншых рэчах. У мяне такое адчуванне, што нават вайны Другой Сусветнай не было б! Ва ўсякім разе з Расеяй, бо не было б такога Сталіна і такога Гітлера. Усё ж такі тут вельмі б шмат змянілася ў гісторыі. Беларусь, аб’яднаўшыся з Польшчай ды з іншымі краінамі Балтыкі, магчыма, здолела б супрацьстаяць агрэсіі фашыстоўскай, дый савецкай таксама. Беларускае кіно магло б увайсці  ў еўрапейскае кола кінамастацтва. У нас былі б значна лепшыя стасункі з еўрапейскай кінавытворчасцю, з еўрапейскімі творцамі. Яны і цяпер крыху наладжваюцца, але гэты рэжым, безумоўна, замінае. Я думаю, што мы маглі б своечасова ўбачыць фільмы Гадара, Вайды, тое, чаго мы не бачылі дзясяцігоддзямі. Я думаю, што расцвіла б і культура. Бо гэта не сакрэт, што монакультуры, якія звязваюцца з іншымі монакультурамі, пачынаюць узбагачацца. Нельга параўноўваць тагачасную сітуацыю з мовамі, бо тады было ж чатыры дзяржаўныя мовы: усё гэтак бы доўжылася і далей, у гэтым сэнсе Беларусь была б падобная да Швайцарыі. І калі Беларусь здабыла незалежнасць у 1991 годзе, гэта тое, да чаго яны імкнуліся нашыя папярэднікі: тое мысленне, ідэі, мары, якія нарэшце былі зрэалізаваныя… Шкада, што пазней шмат што было перакручанае уладай, якая прыйшла ў 1994 годзе.

Вось гэта таксама вельмі важна: калі б тады не знікла БНР, то не з’явіўся б такі чалавек як Лукашэнка. Гэта, разумееце, «савок» з кароткім курсам ВКП(б) у мазгах, з абсалютна перакручаным паняццем аб культуры, з абсалютна перакручанымі каштоўнасцямі.

Але нягледзячы на ўсё, абвяшчэнне незалежнасці БНР – гэта, безумоўна, свята, бо яе стваральнікі спарадзілі галоўнае: мару пра беларускую дзяржаву, пра беларускую нацыянальную ідэю, пра развіццё культуры. Свята, што ў Беларусі былі такія сілы, і што яны ў Беларусі яшчэ ўсё ж ёсць. І ёсць каму змагацца за тыя ідэі, якія айцы-заснавальнікі заклалі ў паняцце БНР.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках