27 снежня 2024, Пятніца, 12:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саннікаў на Sky News: За вашу і нашу свабоду!

16
Саннікаў на Sky News: За вашу і нашу свабоду!

У Дзень Волі лідар «Еўрапейскай Беларусі» выступіў на найбуйнейшым брытанскім навінавым тэлеканале Sky News.

Брытанія плаціць мільярды фунтаў, спрабуючы дапамагчы дэмакратыі ў такіх краінах, як Афганістан і Ірак. Сёння мы пагаворым пра гандаль з дыктатурай, якая знаходзіцца на еўрапейскім кантыненце. Беларусь знаходзіцца побач з Польшчай і яе шмат хто называе апошняй дыктатурай Еўропы. Яе галоўны апазіцыйны лідар зараз знаходзіцца ў Велікабрытаніі і спрабуе пакончыць з брутальным рэжымам, заявіў у эфіры Sky News (пераклад - charter97.org) вядучы аналітычнай праграмы «Murnaghan» Дэмат Мурнаган (Dermot Murnaghan) і запрасіў у студыю лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава.

- Лукашэнка кіруе Беларуссю ўжо 19 гадоў. Ці з'яўляецца ён дыктатарам?

- Так, вядома. Ён жорсткі дыктатар. У гэтым мы маглі пераканацца 19 снежня 2010 года падчас мірнай дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Яна была жорстка падаўленая. Я апынуўся за кратамі гэтак жа, як і мае сябры і калегі. Мая жонка трапіла ў тую ж самую турму.

- Вам здаецца, што Еўропа, заходні свет - сляпыя? Чаму?

- Я думаю, што з-за таго, што Беларусь ніколі не лічылася стратэгічнай тэрыторыяй, якая патрабавала сур'ёзнай увагі. Яе доўга ігнаравалі, ігнаравалі небяспеку дыктатуры. Вы сказалі, што гэта парог Еўропы. Ды не, гэта і ёсць Еўропа. Гэта ўсяго ў двух гадзінах палёту ад Лондана. Гэта ўсяго ў 30 кіламетрах ад еўрапейскай сталіцы Вільні. І мы лічым сябе еўрапейцамі. Я ўзначальваю грамадзянскую кампанію, якая называецца «Еўрапейская Беларусь», што азначае нашае імкненне быць у Еўропе. Але дыктатуру ігнаруюць. Я думаю, што гэта стала трэндам: падлашчвацца да дыктатара, улагоджваць яго. Як быццам гісторыя нас нічому не навучыла. Немагчыма ўлагодзіць дыктатара. Мець справу з ім трэба толькі з пазіцыі сілы.

- Ці з'яўляецца адной са складанасцяў блізкасць да Расеі і адносіны з Крамлём?

- Гэта адна са складанасцяў, але гэта не падстава для таго, каб не падтрымліваць дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі і гуляць у гульні дыктатара. Так, Расея - гэта фактар, але ён заўсёды будзе прысутнічаць. І гэта не апраўдвае Захад і дэмакратычны свет за тое, што яны робяць вельмі мала для дапамогі Беларусі.

- А чаго было зроблена недастаткова?

- Возьмем брытанскі ўрад. Па-першае, я б хацеў выказаць сваю падзяку за моцную пазіцыю, якой ён прытрымліваецца апошні год і за падтрымку санкцый у дачыненні да Лукашэнкі. Я быў вызвалены дзякуючы гэтаму. Але цішыня, што настала пасля гэтага, выглядае даволі дзіўнай. З боку Брытаніі няма ніякіх заяваў, ніякай падтрымкі патрабавання вызваліць астатніх палітычных вязняў. Цяпер у Беларусі беспрэцэдэнтная колькасць палітычных вязняў. І гэтых людзей - я ведаю пра гэта па ўласным досведзе - забіваюць, знішчаюць у турмах, таму што яны - праціўнікі Лукашэнкі.

Сёння іх 13 чалавек. Не называйце гэта дапамогай для захавання правоў чалавека, развіцця грамадзянскай супольнасці, падтрымкі апазіцыі. Назавіце гэта інвестыцыямі ў дэмакратыю. Гэта тое, у чым мы ўсе маем патрэбу. У Брытаніі ёсць добрыя традыцыі ў гэтай галіне, але яны забытыя.

- Які кошт заплацілі вы і ваша сям'я за гэтую кампанію? Ці будзеце вы ў бяспецы, калі вернецеся?

- Я атрымаў палітычны прытулак у асноўным з-за таго, што мне небяспечна вяртацца. Мая жонка там. Яна прысуджаная да тэрміна з адтэрміноўкай выканання прысуду. Яна фактычна пад хатнім арыштам. Нам дазволілі сустрэцца, але яе чакае новы суд у ліпені. У Беларусі ўсім небяспечна, але людзі змагаюцца. І яны маюць патрэбу ў падтрымцы. Вы пыталіся пра тое, што яшчэ неабходна. Маральная палітыка і фінансавая падтрымка тых людзей, якія вядуць барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі. Таму што мы вядзем барацьбу за нашы агульныя каштоўнасці, еўрапейскія каштоўнасці.

- Вялікі дзякуй за добрую сустрэчу.

- І яшчэ пару слоў. Заўтра вялікі дзень для нас. І я б хацеў павіншаваць усіх беларусаў з Днём Волі, 95-ай гадавінай абвяшчэння незалежнасці Беларусі.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках