З гразі ў князі
192- 25.03.2013, 20:10
У Магілёве ідэолаг Ленінскага раёна Раіса Шугалеева звольніла свайго кіроўцу за тое, што ён не пад'ехаў забіраць яе на працу на службовым самаходзе да пад'езда дома № 102Б на вуліцы Грышына.
Намесніца старшыні райвыканкама была засмучаная тым, што ёй было трэба прайсці ў новых туфлях да дзвярэй аўтамабіля лішнія 20 метраў.
Малады неспрактыкаваны кіроўца і не падазраваў, што гэты інцыдэнт можа скончыцца для яго такім чынам, а ніхто з калегаў яго не навучыў, як наладжваць працоўныя стасункі са сваім «босам».
Ад свайго нечаканага звальнення быў шакаваны не толькі кіроўца, але і большасць чыноўнікаў райвыканкама сярэдняга рангу.
«Такія людзі, як Шугалеева, атрымаўшы пасаду, забываюць пра тое, кім былі і адкуль «вылезлі». Пачынаюць паводзіцца як «князі», толькі іхнае рабоча-сялянскае паходжанне выдаюць іхныя манеры. Іхныя паводзіны - гэта вынік чынавенскага беззаконня, якое стварыў наш прэзыдэнт», - кажа магілёвец Юрый у інтэрв'ю charter97.org.
«Такое беззаконне чыніцца праз тое, што ўлада ў нас не абіраецца, а прызначаецца. Тыя ж, хто замяшаны ў іхных афёрах адчувае сабе недатыкальным», - кажа магілёвец Сяргей Рыгоравіч.
Тым часам, у гэты раён наогул перастаў ходзіць грамадскі транспарт – праз снег і колькасці прыпаркаваных ля абочын мсамаходаў аўтобусы не могуць праехаць да канчатковага прыпынку.
Варта адзначыць, што Раіса Шугалеева правяла не адну «элегантную» выбарчую кампанію на тэрыторыі свайго раёна. У выніку дэпутацкія крэслы займаюць правераныя кадры.