26 снежня 2024, Чацвер, 21:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: У Беларусі ва ўладзе бандыты

69

Лідар «Еўрапейскай Беларусі» распавёў пра турму польскаму часопісу «Polityka».

Размову з Андрэем Саннікавым, беларускім апазіцыянерам, які правёў у турме паўтара года, пра мяжу, якую нельга пераходзіць, седзячы за кратамі, апублікаваў уплывовы польскі часопіс «Polityka». Размаўляў Марцін Вайцэхоўскі (пераклад - charter97.org).

- Вас збівалі ў турме?

- Палітычных імкнуцца не біць, але выкарыстоўваюць кожную тваю слабасць. Напрыклад, у мяне была пакалечаная нага, а спаць мне прыйшлося на падлозе пад нарамі, маўляў, у камерах месцаў няма. Потым, нягледзячы на тое, што я не мог хадзіць, пасадзілі ў камеру без туалета. Элементарны паход «па патрэбе» быў кашмарам. На кожным кроку чакалі здзекі, і я ведаў, што ўлады робяць усё, каб узмацніць фізічныя пакуты.

- Колькі турмаў вы прайшлі на працягу паўтары гадоў?

- 6 турмаў, 3 папраўчыя калоніі, 8 этапаў. 5 месяцаў прасядзеў у адзіночнай камеры. Нашы турмы нагадваюць сярэднявечча. Каменная падлога, дзірка ў падлозе, жорсткія нары. Ніякая турма не з'яўляецца прыемнай, але беларуская асабліва. Нават калі абстаноўка будзе нармальнай, то ахоўнікі паводзяць сябе як садысты. Сталыя здзекі, поўная залежнасць ад адміністрацыі, 80-100% зняволеных даносяць адзін на аднаго, лічачы, што могуць за гэта нешта атрымаць.

- Як вас спрабавалі зламаць?

- Спачатку мне ў камеру падсаджвалі людзей, якія паводзілі сябе як жывёлы. Іншыя, у сваю чаргу, павінны былі выцягваць з мяне інфармацыю або пераканаць напісаць просьбу аб памілаванні. Спачатку тлумачылі, потым пагражалі, і нарэшце, паставілі ўльтыматум. Да мяне падсылалі людзей, якія прызнавалі сваю віну, а потым іх выпускалі - паказвалі, маўляў, у гэтым няма нічога такога.

- Чаму вы на гэта не пайшлі?

- Таму што я невінаваты.

- Некалькі іншых кандыдатаў ад апазіцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года прызналі сваю віну. Адзін выступіў з самакрытыкай на тэлебачанні, а пасля выхаду з-пад арышту патлумачыў, што быў вымушаны гэта зрабіць. Чаму вы паступілі па-іншаму?

- Калі б я быў шпіёнам ці сапраўды рыхтаваў пераварот у Беларусі, у чым мяне спрабавалі абвінаваціць, то можа быць тады прадумваў бы хады. Але я быў абсалютна невінаваты. Ведаў, што сядзіць мая жонка і практычна ўвесь мой штаб. Калі б прызнаў сваю віну, то мае калегі апынуліся б у значна горшай сітуацыі. А я, у сваю чаргу, быў практычна ўпэўнены, што яны нічога скажуць спецслужбам. Таму палічыў за лепшае не ўдзельнічаць ні ў якіх гульнях.

- Што самае важнае ў турме?

- Усвядоміць мяжу, якую нельга пераходзіць. Трэба аддаваць сабе справаздачу, што ты можаш памерці за кратамі, і вырашыць для сябе, ці варта на гэта пайсці або паспрабаваць пазбегнуць. Я ўстанавіў сабе такую мяжу. У палітыцы ніколі не варта казаць «ніколі», таму я ніколі не выключаў, што падпішу прашэнне аб памілаванні.

- Чаму вы ўсё ж такі гэта зрабілі?

- Я прыняў гэтае рашэнне, калі зразумеў, што набліжаюся да мяжы фізічнай ліквідацыі. Я пісаў прашэнне, не спадзеючыся, што гэта дапаможа. Лічыў, што механізм у дачыненні да мяне запушчаны. Паспрабаваў яго спыніць, але ўсё без асаблівых надзей.

- Якое перажыванне было самым страшным?

- Пагрозы маёй сям'і. Я ведаў, што Беларуссю кіруюць бандыты, але не ведаў, што яны настолькі бязлітасныя. У нейкі момант мая жонка апынулася ў суседняй ад мяне камеры. Гэта не было выпадковасцю. Нам пагражалі, што мы будзем пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, і наш сын адправіцца ў дзіцячы дом. Пагражалі маёй 78-гадовай маме. Такія пагрозы негатыўна адбіліся на яе здароўі, хоць яна трымалася малайцом. Прыносіла перадачы, даведвалася, што з намі адбываецца. Каб дамагчыся нейкай інфармацыі, была вымушаная цярпець кашмарныя знявагі з боку турэмнай адміністрацыі.

- Ваша жонка Ірына Халіп - вядомая журналістка, карэспандэнтка расейскай «Новой Газеты» у Менску - галоўнай газеты дэмакратычнай апазіцыі. Вам гэта дапамагло або, наадварот, нашкодзіла?

- Нам дапамагалі расейскія палітыкі, у асноўным з апазіцыі, але не толькі. Расейская інтэлігенцыя таксама была вельмі актыўнай. Выходзілі з плакатамі на вуліцы. І не толькі ў Маскве. Нас падтрымлівалі акцёры ў Расеі, Велікабрытаніі, ЗША. У турме нам спрабавалі растлумачыць, што ўсе пра нас забыліся, і ніхто нідзе нас не згадвае, але мы ведалі, што ўсё інакш.

- Як улады пераконвалі вас, што пра вас усе забыліся?

- Нам не давалі чытаць газет, глядзець тэлевізар. Але нават ва ўмовах цэнзуры можна было зразумець, што свет не глухі да таго, што адбываецца ў Беларусі. Дзяржаўныя СМІ пісалі пра чорныя спісы заходніх акцёраў, якія выступілі ў нашу абарону. Нам давалі газеты з «вокнамі», то ёсць некаторыя артыкулы былі выразаныя лязом, прычым гаворка ідзе пра публікацыі ў лукашэнкаўскай «Советской Белоруссии».

- Захад вас абараняў. А Масква таксама?

- Я быў здзіўлены, але так. Міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў двойчы казаў пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Не памятаю падобнай сітуацыі на прасторах былога СССР.

- Чаму Лукашэнка вас ненавідзіць? Бо па афіцыйных дадзеных на выбарах вы атрымалі 3% галасоў.

- Ён ведае, колькі людзей на самой справе нас падтрымала. Я кажу ў множным ліку, таму што за мной стаяў цэлы штаб. У маёй камандзе былі два чалавекі, якія калісьці ўзначальвалі дзяржаву - два былых міністра абароны, прадстаўнікі партый ад левых да правых, а таксама артысты і навукоўцы. Перажыць турму вельмі дапамаглі ўспаміны аб перадвыбарнай кампаніі: у той час з дня на дзень усё больш людзей прыходзіла на нашыя сустрэчы. КДБ не атрымалася сарваць ні адной маёй сустрэчы: такая была атмасфера ў залах. Публіка сама распраўлялася з правакатарамі, таму што хацела даслухаць усё да канца. Мабыць, адсюль нянавісць Лукашэнкі да мяне.

- Мабыць Лукашэнка мае да вас асабістыя прэтэнзіі?

- Не ведаю чаму. Асабіста я да яго нянавісці не адчуваю.

- Можа, таму што пальчатку яму кінуў былы намеснік міністра замежных спраў?

- Я быў кадравым дыпламатам, з'яўляюся прыхільнікам дэмакратыі. Я прыйшоў у беларускі МЗС задоўга да прыходу Лукашэнкі да ўлады. Я лічу, што дыпламаты павінны служыць дзяржаве, а не прэзідэнту.

- Што перашкаджае наступіць пераменам у Беларусі? Можа, 2010 год быў апошнім шанцам?

- Гэта быў добры шанец, але не апошні. Улады спужаліся і вырашылі дзейнічаць жорстка. Раней рабілі тое ж самае, але ўлады стваралі беззаконне пасля ад'езду замежных назіральнікаў і журналістаў. У снежні 2010 года ў іх здалі нервы. Нам не хапіла аднаго дня, каб пераняць ініцыятыву, так як нас адразу ж арыштавалі. Варыянт размовы з уладамі быў рэальны. Не з Лукашэнкам, а з кімсьці іншым, але нам не хапіла часу. Можа быць, Еўропа паводзіла сябе досыць мякка. Не трэба было казаць пра сфальсіфікаваныя выбары, а адразу ж дамагацца другога тура. Наступны шанец можа з'явіцца нават заўтра. Палітычна рэжым Лукашэнкі вырачаны, і гэта дзякуючы падзеям 2010 года.

- У 2011 годзе Беларусь закрануў глыбокі эканамічны крызіс, але нічога не здарылася.

- Таму што ўсе лідэры апазіцыі сядзелі ў турмах.

- Можа, няма альтэрнатывы Лукашэнку. Некаторыя сацыёлагі кажуць, што 70% беларусаў хочуць пераменаў, але не бачаць, хто б мог імі кіраваць, а апазіцыя слабая, раздробленая і непапулярная.

- У савецкія часы некаторыя навукоўцы казалі, што Брэжнеў мае падтрымку 99% насельніцтва. Я не веру ў незалежныя сацыялагічныя даследаванні ў Беларусі, так як у нас няма дэмакратычных інстытутаў. Некаторыя сацыёлагі ў студзені 2011 года пачалі праводзіць даследаванні, хто як галасаваў месяц таму. Аказалася, што Лукашэнка мог выйграць ужо ў першым туры. Але ў студзені была хваля рэпрэсій і запалохвання насельніцтва. Які быў сэнс праводзіць даследаванне ў той час?

- Ці дапамагае Еўрапейскі звяз і Расея дэмакратыі ў Беларусі?

- Расея не. У канцы 90-х гадоў я чуў ад знаёмых на Захадзе, каб мы не баяліся інтэграцыі з Расеяй, таму што адтуль да нас прыйдзе дэмакратыя. Гэта быў канец праўлення Барыса Ельцына. Мы ва Усходняй Еўропе ведаем, што дэмакратыя з Расеі не прыйдзе, як бы ні імкнуліся нас у гэтым пераканаць.

Таму Еўропа павінна зразумець значэнне Беларусі. Тое, што Лукашэнка пачаў у нас, сёння працягваецца ў Расеі і Украіне. Прасцей аказаць дапамогу ў пераменах Беларусі, чым змяніць нешта ў Расеі ці нават Украіне. А карысць ад пераменаў у Беларусі можа быць велізарнай для цэлага рэгіёна. Некаторыя лічаць, што трэба падтрымліваць Лукашэнку, інакш Расея паглыне Беларусь. Але ў выніку падтрымкі - у тым ліку і Захадам - Масква раз за разам мае ўсё большы ўплыў у Менску. Лукашэнка не можа быць гарантам стабільнасці ці незалежнасці Беларусі, а часам у гэтым нас спрабуюць пераканаць некаторыя заходнія палітыкі. У барацьбе за нашыя правы мы стараемся прапагандаваць еўрапейскія каштоўнасці ў Беларусі, а аказваецца, што самі еўрапейцы не моцна ў іх вераць.

- Што павінны зрабіць беларусы, а што Захад, каб у Беларусі наступілі перамены?

- У 1998 годзе прафесар Герэмек сказаў, што маральным абавязкам Польшчы з'яўляецца дапамога дэмакратыі ў Беларусі. Не адважуся назваць прафесара Герэмека сваім сябрам, але ў нас былі вельмі добрыя адносіны. Толькі ў 2010 годзе Польшча ўсвядоміла гэты маральны абавязак. Была зробленая рэальная спроба цвяроза прааналізаваць нашу сітуацыю. Сёння прынята так: калі нешта з'яўляецца маральным абавязкам, то не прынята пытацца пра магчымасці і перабіраць варыянты. Галоўнае - маральная блакада дыктатарскага рэжыму. І, калі гаворка ідзе пра саміх беларусаў, то дзякуючы фінансавай і маральнай падтрымцы, мы даможамся пераменаў. Дух 2010 года не памёр. Калі большасць краін будзе паводзіць сябе ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, як Польшча сёння, то ў яго няма ніякіх перспектыў.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках