2 траўня 2024, Чацвер, 17:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта патрэбны Казбелрас?

33
Навошта патрэбны Казбелрас?

Еўразвяз і Мытны саюз «Казбелрас» у асобе Казахстана, Расеі і Беларусі «трашчаць па швах» амаль адначасова, але як па-рознаму!

Толькі што Еўразвяз і МВФ пагадзіліся вылучыць Кіпру 10 млрд. еўра ў абмен на гатоўнасць Кіпра самастойна сабраць яшчэ 5,8 млрд. Такім чынам, Кіпр ажыццявіць мару бедных слаёў насельніцтва - раскулачыць на 30% алігархаў. І алігархаў пераважна расейскіх, якія маюць на выспе ў дэпазітах 28 млрд. даляраў, піша Андрэй Пышны ў газеце «Украiнська правда».

У абмен на свой шматмільярдны крэдыт Кіпру, ні адна з дзяржаў Еўразвяза не атрымае кіпрскія пляжы і нерухомасць. Такія грошы вылучаюцца, каб стрымаць распаўзанне крызісу па Еўропе і не дапусціць развалу ЕЗ.

У гэты ж час у «Казбелрасе», кіраўніцтва Беларусі таксама шукае новы крэдыт. Але Лукашэнку для шчасця трэба менш - усяго 2 мільярды даляраў, каб эканоміка дацягнула да восені (заўважым, што Беларусь па насельніцтве ў дзесяць разоў больш Кіпра). Гэтыя 2 мільярда тэрмінова патрэбныя, каб не дапусціць чарговай дэвальвацыі беларускай нацыянальнай валюты. І Расея можа іх даць, але з умовай, што атрымае «БелАЗ» і Гомельскі хімкамбінат - найбуйнейшыя прадпрыемствы дзвюх з шасці беларускіх абласцей.

Гэта пры тым, што розніца паміж заяўленай патрэбай нафты ў Беларусі на 2013 год і тым, што Расея згодная паставіць, складае 5 млн. тон, або 21% ад усяго беларускага спажывання. Больш за тое, Расея да гэтага часу выкарыстоўвае супраць беларускіх тавараў мытныя абмежаванні. Дарэчы, у 2012 годзе інфляцыя ў Беларусі склала 21,8%, а ў 2011 нацыянальная валюта звалілася наогул утрая. Такога «росквіту» Менск дасягнуў за тры гады знаходжання ў Мытным саюзе, пасля чаго Лукашэнка назваў яго «бескарыснай структурай».

Цяпер Беларусь жыве тым, што прадае сябе Расеі па частках за падачкі. У гэтым годзе ў Беларусі пік выплат па знешніх запазычанасцях крэдыторам - 3,1 млрд. даляраў.

Цікава, што Расея дае Беларусі крэдыты даражэй, чым «імперыялістычны МВФ». Затое Кіпру, які не з'яўляецца членам Мытнага саюза, Расея ў свой час дала крэдыт на 2,5 млрд. еўра пад 4,5% гадавых (адсотак МВФ). А нядаўна пагадзілася знізіць адсоткі да 2,5%, гэта фактычна азначае спісанне 10% пазыкі.

Супрацоўніцтва «Казбелраса» ідзе ў адны вароты, а дакладней - у расейскія. Напрыклад, за 2012 год экспарт з Расеі ў Беларусь і Казахстан вырас на 13,9%, а экспарт з Казахстана ў Расею і Беларусь, наадварот - скараціўся на 9,8%.

Па словах віцэ-прэм'ера Казахстана Кайрата Келімбетава, які прадстаўляе краіну ў Еўразійскай эканамічнай камісіі і ўзначальвае міжурадавую камісію з Расеяй: «Да стварэння Мытнага саюза Казахстан меў пэўныя кошты на спажывецкія тавары - цяпер кошты выраслі. Насельніцтва слушна пытаецца: а навошта нам Мытны саюз, калі кошты на тавары растуць?

Тры гады таму мы казалі грамадзянам, што АЭП - гэта рынак на 170 млн. чалавек, маса сумесных праектаў, у перамоўшчыкаў урадаў была эйфарыя з нагоды інтэграцыі. А цяпер па многіх пытаннях стварылася бюракратычнае напружанне.

Мы хочам быць партнёрамі, а партнёры - гэта не тыя людзі, якія адзін аднаго субсідуюць. Мы прадаем казахстанскі газ па кошце, які ніжэй закупачнага кошту «Газпрама» ў Туркменістане і Узбекістане. Ашхабад і Ташкент атрымліваюць каля 300 даляраў за тысячу кубаметраў, а мы - каля 200 даляраў».

Справа ў тым, што ў органах Мытнага саюза Расея мае частку ў 57% і можа прыняць практычна любое рашэнне. Тады як у Еўрапейскім Парламенце (парламенце ЕЗ) нават найбуйнейшая дзяржава ЕЗ - Германія - мае ўсяго толькі 12% галасоў. Ключавы орган ЕЗ - Еўрапейская Камісія складаецца з 27 незалежных членаў - па адным ад кожнай краіны-удзельніцы.

Казахстан апанавалі няякасныя расейскія тавары, а кошты на еўрапейскія і кітайскія скокнулі ўверх. За 2012 год, пры інфляцыі нацыянальнай валюты ў 6%, грэчка падаражэла на 150%, цукар і алей на 100%, мяса на 33-40%.

Па сутнасці, у выніку далучэння да Мытнага саюзу, Казахстан стаў сыравінным прыдаткам Расеі, эканоміка якой сама з'яўляецца сыравінным прыдаткам ЕЗ, а ў апошні час, і Кітая. І гэта пры ўмове, што Казахстан мае пераважна сыравінную эканоміку.

Зыходзячы з вопыту Казахстана і Беларусі, Мытны саюз забівае рэшткі эканомікі і экспартнага патэнцыялу, ізалюе краіну ад сусветных рынкаў, перспектыў мадэрнізацыі і пазбаўляе бюджэт значнай часткі паступленняў. Бо 87,87% усіх мытных збораў ідзе Расеі, Казахстану толькі 7,33% і Беларусі - 4,7%.

Улічваючы гэта, нядаўна казахская апазіцыя выступіла з ідэяй аб рэферэндуме за выхад краіны з Мытнага саюза і АЭП. А між тым, казахская апазіцыя шчыльна кантралюецца прэзідэнтам, таму без улады такая ініцыятыва не была б магчымай.

Нягледзячы на гэта, Кабінетам міністраў Украіны створаная рабочая група высокага ўзроўню па пытаннях паглыблення супрацоўніцтва з Мытным саюзам у складзе 10 чалавек на чале з віцэ-прэм'ерам Юрыем Бойкам. Як заявіў прэм'ер Азараў, Украіна збіраецца стаць назіральнікам у Мытным саюзе, каб не дапусціць супраць сябе дыскрымінацыйных мер. Затое расейскі прэм'ер Мядзведзеў заявіў, што Украіна ў статусе назіральніка будзе толькі «нюхаць паветра».

У абмен на гэтую аплявуху мы робім камплімент структуры Мытнага саюза, пацвярджаючы яе міжнародную суб'ектнасць - Украіна плануе падпісаць мемарандум з наднацыянальным органам Мытнага саюза, а не з раўнацэнным суб'ектам міжнароднага права.

У Мытным саюзе, ні статус назіральніка, ні іншы статус, не зможа прадухіліць дыскрымінацыйныя меры ў гандлі з расейскага боку. Бо Расея разглядае гандаль выключна як палітычны інструмент, а не ўзаемавыгадны працэс. Спрацоўвае савецкая традыцыя «дэфіцытнага» мыслення - нікуды не падзенуцца, прыпаўзуць на каленях.

На самай жа справе Украіне вось ужо 22 гады пад рознымі назвамі падсоўваюць тую ж самую «матрошку»: СНД, АДКБ, АЭП, ЕўрАзЭС, а вось нарэшце і Мытны саюз. Расея сур'езна хоча, каб туды нехта ўступіў і носіцца з гэтай прапановай з такой дакучлівасцю, як быццам прадае цэглу.

Экс-прэзідэнт Польшчы Квасьнеўскі неяк сказаў, што ўлады Украіны хочуць быць на 70% у ЕЗ і на 30% у Мытным саюзе. Простая арыфметыка - асноўныя інтарэсы краіны і бізнесу ляжаць у ЕЗ. А гэта павышэнне канкурэнтаздольнасці, заняцце нішы ў сусветным падзеле працы, бяспека і абароненасць правоў грамадзян. А ў Мытны саюз Украіну цягнуць толькі «еўразійскія» інстынкты ўлады - яна любіць не закон, а поўнае беззаконне.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках