24 лiстапада 2024, Нядзеля, 11:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жанчыны змагаюцца за свабоду сваіх мужчын

19
Жанчыны змагаюцца за свабоду сваіх мужчын

У Варшаве адбылася прэс-канферэнцыя жонак беларускіх палітвязняў.

У ёй узялі ўдзел Марына Адамовіч, жонка былога кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, Вольга Бандарэнка, жонка каардынатара Еўрапейскай Беларусі Змітра Бандарэнкі і Наста Дашкевіч, жонка лідара «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча.

Канфэрэнцыя прайшла ў Беларускім доме ў Варшаве. Яе вёў дэпутат Еўрапейскага парламэнта Марэк Мігальскі.

«8 сакавіка ў шмат якіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі, адзначаецца як Міжнародны жаночы дзень. Мы хочам паказаць розніцу паміж жыццём жанчын у Польшчы і ў Беларусі. Польскія жанчыны не маюць тых праблем, якія ёсць у некаторых беларусак. Я кажу аб праблемах, звязаных з барацьбой супраць недэмакратычнага рэжыму. І мы хочам данесці да польскага грамадства гэтую інфармацыю - аб тым, якая сітуацыя склалася сёння ў Беларусі», - сказаў Марэк Мігальскі.

Марына Адамовіч адзначыла, што перажыць цяжкую сітуацыю сваякам палітвязняў дапамагла ўзаемная падтрымка і дапамога.

«Беларусь - жаночая краіна, і на жаночых плячах яна трымалася на працягу стагоддзяў. Я не ведаю, як склалася б сітуацыя і мой асабісты лёс, калі б у свой час на сходах будынку КДБ Вольга Бандарэнка не сказала, што нам трэба аб'ядноўвацца. Мы выжылі дзякуючы адзін аднаму, дзякуючы ўзаемнай падтрымцы тых жанчын, якія ўпершыню пазнаёміліся тады каля турмы. Самы складаны час мы правялі разам, аб'яднаўшы свае намаганні і нашу адсутнасць досведу, памножаныя на гарачае жаданне дапамагчы сваім блізкім. Мы разам змагаліся за іхнае вызваленне і за тое, каб прывабіць увагу да палітычных зняволеных», - сказала яна.

Марына Адамовіч нагадала аб тых цяжкасцях, з якімі сутыкнуліся сваякі арыштаваных лідараў і актывістаў апазіцыі.

«Я страціла ўсе свае працоўныя месцы, і на працягу сямі месяцаў наогул была без працы. У нас захавалася цэлая калекцыя адпісак, якія мы атрымлівалі ад дзяржаўных устаноў у адказ на нашы скаргі і запыты», - распавяла яна.

Жонка Мікалая Статкевіча распавяла пра новыя рэпрэсіі, з якімі сутыкнуліся палітвязні. Яна нагадала, што частка з іх была вымушаная пакінуць Беларусь і выехаць за мяжу, а шмат хто з тых, хто застаўся за кратамі, пераведзены з калоній у турмы. Некаторым з тых, хто выйшаў на волю, зноў пагражае арышт.

«Сёння мы бачым, што пасля невялікай пярэрвы сітуацыя мяняецца да горшага, і шмат хто з тых маладых людзей, каго вызвалілі раней, сёння зноў дэманстрацыйна пераследуецца ўладамі з мэтай вярнуць іх у турмы», - сказала Марына Адамовіч.

Вольга Бандарэнка распавяла, што менавіта святы былі самым цяжкім часам для сем'яў палітычных вязняў.

«Падчас святаў, у тым ліку касцельных, мы заставаліся ў звычайнай сітуацыі, дома, але без блізкіх людзей. Раней мы адзначалі іх разам. Гэтыя дні сталі самымі цяжкімі», - сказала яна.

Таксама Вольга Бандарэнка нагадала аб пагрозах Лукашэнкі вярнуць у астрогі тых палітычных вязняў, якіх вызвалілі раней.

«Адразу пасля першых выступаў майго мужа і былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Лукашэнка заявіў, што яшчэ пару слоў - і яны зноў апынуцца ў турме», - сказала яна.

Вольга Бандарэнка падзякавала Польшчы за дапамогу беларускім апазіцыянерам.

«Я хачу сказаць дзякуй Марку Мігальскаму, які выратаваў майго мужа, за тое, што ён робіць для беларусаў, і падзякаваць усім палякам за тое, што іхняя краіна прытуліла нас», - сказала Вольга Бандарэнка.

Настасся Дашкевіч распавяла, што свайго мужа Змітра Дашкевіча яна больш чым за два гады ягонага зняволення бачыла ўсяго тры разы.

«Першым разам я бачыла яго яшчэ ў красавіку 2011 года, калі ў яго памерла маці, і мв здолелі дамагчыся дазволу яму развітацца з ёй. Гэта было даслоўна некалькі хвілін, калі яго з турмы ў кайданах прывезлі ў трупярню. Наступнымі былі сем хвілін, калі мы бачыліся падчас узяцця шлюбу. Апошнім разам я бачыла Змітра Дашкевіча падчас спаткання - адзінага за год. Яно доўжылася ўсяго дзве гадзіны, і мы маглі размаўляць праз шыбу і краты», - сказала Настасся Дашкевіч.

«Часам мне здаецца, што нашы блізкія, якія знаходзяцца за кратамі, падтрымліваюць нас больш, чым мы іх. Яны адчуваюць вялікую адказнасць і за свой лёс, і за лёс тых, хто чакае іх на волі», - адзначыла Настасся Дашкевіч.

На заканчэнне Марэк Мігальскі падзякаваў журналістам за тое, што яны распаўсюджваюць інфармацыю аб тым, што адбываецца ў Беларусі. Таксама дэпутат Еўрапарламэнта падкрэсліў, што вызваленне беларускіх палітвязняў залежыць найперш ад ціску, які міжнародная супольнасць будзе чыніць на беларускі рэжым.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках