28 снежня 2024, Субота, 0:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Швецыі: Беларускія дыпламаты могуць вярнуцца ў Стакгольм

3
МЗС Швецыі: Беларускія дыпламаты могуць вярнуцца ў Стакгольм

МЗС Швецыі заяўляе пра гатоўнасць акрэдытаваць супрацоўнікаў беларускай амбасады ў Стакгольме.

Прэс-сакратар міністра замежных спраў Швецыі Эрык Зіга (Erik Zsiga) адказаў «Радыё Свабода» на пытанні адносна аднаўлення работы шведскай амбасады ў Менску.

- Па якіх прычынах шведская амбасада вырашыла аднавіць сваю працу ў Беларусі? Яшчэ 21 сакавіка прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных, адказваючы на пытанне аб шведскай амбасадзе, заявіў: «Неабходны час для таго, каб сфармаваліся ўмовы, якія будуць працаваць на станоўчыя рашэнні». Так на якіх умовах было прынятае рашэнне аднавіць працу амбасады Швецыі ў Беларусі? Ці патрабаваў беларускі бок ад Швецыі нейкіх крокаў у адказ?

- Увесь гэты час мэта Швецыі заключалася ў тым, каб дыпламатычная прысутнасць у Менску была адноўленая. Швецыя і Еўразвяз працягваюць выказваць сваю пазіцыю адносна непавагі да дэмакратыі і асноўных правоў чалавека ў Беларусі і падтрымліваюць патрабаванне вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязняў. Швецыя ў далейшым будзе дзейнічаць дзеля пазітыўнага развіцця сітуацыі ў Беларусі праз шырокі спектр мер, у тым ліку - праз дыялог з усімі часткамі беларускага грамадства, а таксама садзейнічаць развіццю дэмакратыі ў краіне.

- Што з беларускай амбасадай у Швецыі? Ці могуць зараз прыступіць да працы новы амбасадар і іншыя беларускія дыпламаты?

- Калі Беларусь хоча даслаць сваіх дыпламатаў у Швецыю, мы гатовыя іх акрэдытаваць.

- Шведская пракуратура пачала расследаванне перасячэння літоўска-беларускай мяжы шведскімі грамадзянамі - так званага «плюшавага дэсанта». Ці ёсць нейкая сувязь з аднаўленнем працы шведскай амбасады ў Беларусі?

- Я не магу разважаць наконт матываў паводзін беларускага боку.

Нагадаем, учора стала вядома пра хуткае аднаўленне работы амбасады Швецыі ў Беларусі.

Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт у сваім акаўнце ў «Твітэры».

Закрыццё шведскай амбасады ў Менску звязанае з несанкцыянаваным палётам у Беларусь некалькіх шведскіх грамадзян, якія правялі акцыю ў падтрымку свабоды слова ў Беларусі.

1 жніўня 2012 года беларускія ўлады апавясцілі Швецыю аб непадаўжэнні акрэдытацыі амбасадару Стэфану Эрыксану. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці.

У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага амбасадара Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускай амбасады пакінуць Стакгольм.

8 жніўня МЗС Беларусі абвясціў пра адкліканне ўсіх супрацоўнікаў беларускай амбасады ў Стакгольме. Шведскаму боку было рэкамендавана распачаць аналагічныя меры і адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Менска.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках