25 снежня 2024, Серада, 21:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мілінкевіч: Час ужо спыніць гэтыя шкодныя размовы пра санкцыі

157
Мілінкевіч: Час ужо спыніць гэтыя шкодныя размовы пра санкцыі

Старшыня руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч пракаментаваў сваё выступленне з Еўрапарламенце.

Нагадаем, яно выклікала рэзкую крытыку з боку прадстаўнікоў беларускай апазіцыі.

«Я даўно ўжо не перажываю з-за таго, што пішуць у інтэрнэце, таму што там такое супрацьстаянне жорсткае паміж сабой - больш, чым з дыктатурай, - сказаў ён БелаПАН. - Я сапраўды казаў пра тое, што не бачу іншай станоўчай альтэрнатывы дыялогу, што санкцыі - хоць, шчыра кажучы, гэта не санкцыі, а ізаляцыя Беларусі - ні да чаго добрага не прыводзяць: палітвязняў не выпускаюць, страху больш, уплыў апазіцыі менш, праеўрапейскія настроі таксама падаюць».

Акрамя таго, эканамічныя санкцыі, да якіх ЕЗ заклікаюць некаторыя прадстаўнікі апазіцыі, на думку Мілінкевіча, «проста падштурхнулі б Беларусь у Расею». «Увесь час паўтараюць, каб Галандыя перастала купляць беларускі бензін. Так Расея яго купіць, але гэта будзе страта нашага суверэнітэту і незалежнасці», - лічыць палітык.

Ён перакананы, што Беларусі і ЕЗ неабходны крытычны і абумоўлены дыялог. «Гэта значыць, выбудоўваецца пакрокавая дарожная карта. Кожны бок агаворвае, якія бярэ абавязацельствы на сябе: Беларусь - па дэмакратызацыі і мадэрнізацыі, Еўропа - па дапамозе ў рэформах, - растлумачыў Мілінкевіч. - І кожны бок ведае, што калі ён нейкі крок не зробіць, то і іншы спыняецца. Я разумею, што казаць прасцей, чым зрабіць, але ёсць прыклады ў гісторыі, калі гэта атрымлівалася. Таму лічу, што калі мы хочам жыць у незалежнай краіне, то так і трэба дзейнічаць».

Мілінкевіч таксама адзначыў: «Калі нехта кіруецца толькі помстай Лукашэнку ці свядома ці несвядома працуе ў расейскай стратэгіі па анэксіі Беларусі, тады, вядома, яму трэба заклікаць да санкцый. Лічу, што пара ўжо неяк спыніць гэтыя размовы, шкодныя для Беларусі».

Пры гэтым ён падкрэсліў: гаворка не ідзе пра тое, каб забыць пра палітвязняў. «У ЕЗ не збіраюцца гэтага рабіць, нават думкі такой няма - адмовіцца ад ўмовы вызвалення палітвязняў да пачатку дыялогу, - сказаў Мілінкевіч. - Гэта значыць, дыялог можа пачацца толькі тады, калі будуць вызваленыя ўсе палітвязні. Вызваляюцца палітвязні - пачынаецца супрацоўніцтва, патрэбнае для краіны. І ніяк інакш».

9 красавіка ў Еўрапарламенце прайшла дыскусія аб ініцыятыве «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі». Крытыку выклікалі словы Мілінкевіча пра тое, што ён не бачыць альтэрнатывы дыялогу паміж ЕЗ і Беларуссю, а санкцыі не даюць патрэбнага выніку.

Тым не менш, нядаўна дырэктар праваабарончай арганізацыі Freedom House Дэвід Крэмер заявіў, што ў арсенале ў ЗША і ЕЗ яшчэ ёсць нявыкарыстаныя метады ціску на беларускія ўлады.

Рэжым Лукашэнкі працягвае гандляваць зброяй з краінамі-ізгоямі і парушаць фундаментальныя прававыя прынцыпы дэмакратычнай дзяржавы. На думку Крэмера, каб беларускія ўлады выпусцілі з беларускіх турмаў палітычных зняволеных і правялі ў краіне дэмакратычныя пераўтварэнні, трэба ўвесці эканамічныя меры, накладзеныя на буйныя беларускія канцэрны, у прыватнасці, на «Беларуськалій».

Напісаць каментар 157

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках