24 лiстапада 2024, Нядзеля, 14:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

BBC: Прымусовая праца - частка дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі

92
BBC: Прымусовая праца - частка дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі

Адмова ад удзелу ў суботніках пагражае непрыемнасцямі ад начальства.

На суботніку раённага маштабу ў Віцебску збіраюць грошы на аўто для міліцыі. Крытыкі сцвярджаюць: не таму, што міліцыя бедная, а таму што шукае шчыліны ў рэгламентах абвешчанага ў Беларусі «Года ашчадлівасці», паведамляе BBC.

Распараджэнне адміністрацыі Віцебскага раёна прывабіла ўвагу мясцовай прэсы мэтамі суботніка, прызначанага на 13 красавіка. Грошы, заробленыя ў выходны дзень, «маюць мэтавае прызначэнне і накіроўваюцца на набыццё легкавіка для аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, упарадкаванне раёна, забеспячэнне жыццядзейнасці насельніцтва раёна ды іншыя мэты, вызначаныя пастановамі райвыканкама», гаворыцца ў дакуменце, падпісаным кіраўніком адміністрацыі Русланам Фурашавым.

Намеснік кіраўніка ў сацыяльных пытаннях Генадзь Філіпенка мяркуе, што сабраных сродкаў хопіць не толькі на міліцэйскі самаход, але і на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых летнікаў да летняга сезона.

«Бохан» ад народа

Генадзь Філіпенка сцвярджае, што сродкі ўсёй раённай грамадой збіраюць не на легкавік.

«Нам бы хацелася набыць УАЗ  «бохан», як называюць у народзе службовыя аўто прадугледжаныя толькі для старэйшых участковых інспектараў, а ў некаторых участковых міліцыянтаў на падлеглай тэрыторыі - некалькі дзясяткаў вёсак. Ёсць патрэба ў аўтамабілі, і мы як орган мясцовай улады мае права прыняць такую пастанову», - тлумачыць Філіпенка.

Адміністрацыя Віцебскага раёна не прэтэндуе на аўтарства ідэі дапамагчы міліцыі суботнікам. Са слоў Філіпенкі, так ужо дзейнічалі ў некаторых іншых рэгіёнах.

«Мне падаецца, тутэйшыя людзі зацікаўленыя ў тым, каб міліцыя была бліжэй да народу і пытанні аховы правапарадку развязваліся аператыўна», - дадае Генадзь Філіпенка.

«Суботнік для міліцыі» абурыў сталічных блогераў і чытачоў апазіцыйнай прэсы. Але сярод працоўных Віцебскага раёна крытыкаў ідэі не зафіксавана, адзначае рэдактар мясцовай газеты «Жыццё Прыдзвіння» Ніна Сталярэнка.

«Можа, дзе на кухнях і кажуць, але газеце не выказваюцца - навошта людзям непрыемнасці. Буду асвятляць хаду суботніка і ўпэўненая, што людзі скажуць: усё добра, выйшлі, працуем, настрой добры», - кажа Сталярэнка.

«Добраахвотна-прымусова»

Падмятаць і чысціць пасля працяглай зімы сапраўды бясплатна належыць школьнікам і пенсіянерам. Два прампрадпрыемствы, 12 калгасаў-саўгасаў і ўстановы Віцебскага раёна, паводле распараджэння адміністрацыі, да 1 чэрвеня павінны пералічыць грошы «за суботнік» на пададзены райвыканкамам рахунак. Сярэдні дзённы заробак памножаны на колькасць людзей, якія выйшлі працаваць у суботу - вось разлік гэтай сумы.

Але юрыст Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафзвязаў Алена Яськова сцвярджае, што сумы ад суб'ектаў гаспадарання загадзя запатрабаваныя і зацверджаны, і кіраўнікі прадпрыемстваў і кантор не могуць «ахвяраваць» менш, спаслаўшыся на нявыхад работнікаў у выхадны дзень.

«Так, звычайна складаюць спісы, удакладняюць, прыйдуць, не прыйдуць. Але ў Беларусі суботнікі - справа добраахвотна-прымусовая. Тым, хто супраць, начальнікі і ідэолагі абяцаюць непрыемнасці, і прасцей пайсці, чым адмовіцца. Але збор суботнікам на міліцэйскае аўто - абсурд нейкі! У нас жа міліцыя фінансуецца з бюджэту!» - абураецца Яськова.

Забеспячэнне праваахоўнай дзейнасці і бяспекі - самы вялікая паводле расходаў артыкул бюджэту Беларусі. З 10,5 трлн. беларускіх рублёў, прызначаных на гэтыя мэты, органам унутраных спраў выдаецца 4.1 трлн рублёў, амаль у чатыры разы больш, чым, напрыклад, МНС.

Маленькія хітрасці «Года ашчадлівасці»

У абвешчаны ўказам прэзідэнта Лукашэнкі «Год ашчадлівасці» МУС прымае захады для скарачэння бюджэтных расходаў, паведаміў на сайце ўстановы ў сакавіку цяпер ужо былы начальнік дэпартамента фінансаў і тылу МУС Віталь Хітрык.

«Нашыя прыярытэтныя кірункі - жорсткая эканомія бюджэтных i валютных рэсурсаў падчас дзяржаўных закупак для патрэб органаў унутраных спраў, максімальнае скарачэнне не першачарговых выдаткаў рэспубліканскага бюджэту, - заявіў Хітрык -. Гэта, у прыватнасці, зніжэнне колькасці выездаў супрацоўнікаў у службовыя выправы, не звязаныя з выяўленнем, спыненнем злачынстваў, расследаваннем крымінальных спраў, а таксама кантроль за выкарыстаннем сродкаў тэлекамунікацыі, іншага дарагога абсталявання, службовых транспартных сродкаў, захаванне устаноўленых лімітаў праезду, спісанне паліўна-змазачных матэрыялаў ды іншае».

Міністэрства, аднак, не ініцыявала пошукі структурамі на месцах «дапамогі ад народа», сцвярджае начальнік Управы інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч.

Між тым, экспэрты ў Менску мяркуюць, што «народная» ініцыятыва і дапамога ў развязанні матэрыяльна-фінансавых праблем дзяржструктур ва ўмовах узмацнення жорсткасці дзяржкантролю будзе дэманстраваць усё больш арыгінальныя формы.

«Лукашэнка ўказам забараніў чыноўнікам купляць за дзяржкошт аўто даражэйшыя за 25 тысяч еўра. А сродкі ад суботніка - не дзяржкошт, можна абыйсці суровую забарону. І ў распараджэнні Віцебскага райвыканкама напісана: для набыцця міліцыі легкавіка. У кожным выпадку гэты райаддзел міліцыі адрапартуе, што зэканоміў дзяржсродкі», - мяркуе аналітык «Ліберальнага клуба» Яўген Прэйгерман.

Дарэчы, акрамя раённага, у гэтую суботу працаўнікоў Віцебскага рэгіёну чакае суботнік агульнарэспубліканскі і абласны.

Напісаць каментар 92

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках